Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія забараніла выдаваць шматразовыя шэнгенскія візы грамадзянам Расеі


Расейскі пашпарт
Расейскі пашпарт

Пасьля ўступленьня ў сілу новых правілаў расейцы змогуць атрымліваць толькі аднаразовыя візы.

Эўразьвяз зрабіў больш строгімі візавыя правілы для расейцаў. Сярод іншага Эўракамісія забараніла выдаваць шматразовыя шэнгенскія візы грамадзянам Расеі, паведамляе Расейская служба Радыё Свабода.

Правілы распаўсюджваюцца ня толькі на краіны Эўразьвязу, але і на іншыя краіны Шэнгенскай прасторы, напрыклад, Швайцарыю і Нарвэгію.

  • Выключэньне зробленае для блізкіх сваякоў расейцаў, якія пражываюць на тэрыторыі краін Шэнгенскай дамовы і працаўнікоў транспартнай сфэры.
  • Сваякам можна будзе выдаваць шматразовую візу на адзін год, калі яны ў папярэднія 2 гады атрымалі 3 шэнгенскія візы і не парушалі іх умовы.
  • Маракам, кіроўцам грузавікоў і аўтобусаў, лякаматыўным брыгадам і іншым транспартным работнікам тэрмін шматразовай візы абмяжоўваецца 9 месяцамі, калі ў папярэднія 2 гады атрымана і правільна выкарыстана 2 візы.
  • У абгрунтаваных выпадках шматразовыя візы можна будзе выдаваць незалежным журналістам, праваабаронцам і «дысыдэнтам».

Гэтае рашэньне фактычна спыніць выдачу шматразовых шэнгенскіх візаў у большасьці выпадкаў. Гэты крок стаў яшчэ адной санкцыяй ЭЗ супраць Масквы за працяглую вайну супраць Украіны. Новыя правілы будуць азначаць, што расейцы змогуць атрымліваць толькі аднаразовыя візы, з пэўнымі выняткамі з гуманітарных прычынаў.

Брусэль ужо ўскладніў і зрабіў даражэйшым атрыманьне візаў для расейцаў, прыпыніўшы дзеяньне пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму з Масквой у канцы 2022 году, пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Некаторыя краіны ЭЗ, напрыклад краіны Балтыі, істотна абмяжоўваюць расейцам доступ на сваю тэрыторыю.

Паводле зьвестак Эўракамісіі, у 2024 годзе больш за паўмільёна расейцаў атрымалі шэнгенскія візы — значны рост у параўнаньні з 2023 годам, хоць лічба усё яшчэ значна ніжэйшая за даваенны ўзровень: у 2019 годзе візаў выдалі больш за 4 мільёны.

Вугоршчына, Францыя, Гішпанія й Італія працягваюць шчодра выдаваць турыстычныя візы грамадзянам Расеі.

Чакаецца, што Эўраамісія апублікуе новую візавую стратэгію для ўсяго Эўразьвязу ў наступным месяцы. Там будуць агульныя рэкамэндацыі, у тым ліку заахвочваньне дзяржаваў-сяброў да больш эфэктыўнага выкарыстаньня сваёй візавай палітыкі супраць варожых краін і больш жорсткіх крытэраў уезду для расейцаў і грамадзян іншых краін.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG