Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Асанжа просіць выдаць сына Аўстраліі, дэпутаты — Швэцыі


Джуліян Асанж
Джуліян Асанж

Бацька заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа, які быў арыштаваны ў Вялікабрытаніі і цяпер чакае, калі суд разгледзіць запыт аб яго экстрадыцыі ў ЗША, заклікаў улады Аўстраліі, грамадзянінам якой Асанж зьяўляецца, умяшацца ў ягоны лёс і дамагчыся ягонай выдачы ў Аўстралію.

Паводле бацькі, Джона Шыптана, такое рашэньне задаволіла б усіх.

Прэм’ер-міністар Аўстраліі Скот Морысан заявіў раней, што Асанжу на ягоную проссьбу дадуць консульскую дапамогу, але аўстралійскія ўлады ня будуць нейкім асаблівым чынам удзельнічаць у ягонай справе.

Некаторыя прадстаўнікі журналісцкай грамадзкасьці і левых колаў выступаюць у абарону Асанжа, заяўляючы, што яму можа пагражаць суровае пакараньне ў выпадку выдачы ў ЗША. Каля 70 дэпутатаў брытанскага парлямэнту, галоўным чынам лейбарысты, заклікалі ўлады разгледзець магчымасьць яго экстрадыцыі ў Швэцыю. Менавіта ратуючыся ад экстрадыцыі ў гэтую краіну, Асанж у 2012 годзе схаваўся ў пасольстве Эквадору ў Лёндане. Цяпер, аднак, справа адносна абвінавачваньня ў згвалтаваньні ў Швэцыі закрытая, і адзіны запыт аб экстрадыцыі, які атрымалі брытанскія ўлады, паступіў ад ЗША.

У Злучаных Штатах заснавальніка WikiLeaks вінавацяць у садзейнічаньні шэрагоўцу Чэлсі Мэнінгу ва ўзломе кампутараў міністэрства абароны для атрыманьня сакрэтнай інфармацыі. За гэта злачынства Асанжу пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Сам ён баіцца, аднак, што яму могуць выставіць дадатковыя абвінавачваньні аж да дзяржаўнай здрады. Брытанія раней узяла на сябе абавязацельства не экстрадаваць Асанжа ў тым выпадку, калі яму будзе пагражаць сьмяротнае пакараньне.

Заснавальнік WikiLeaks быў арыштаваны запрошанымі ў амбасаду Эквадору брытанскімі паліцыянтамі пасьля таго, як Эквадор пазбавіў яго палітычнага прытулку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG