Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таямнічасьць і супярэчлівыя заявы. Што ня так з камандай Зяленскага?


Уладзімер Зяленскі гуляе ў настольны тэніс у штабе ягонай кампаніі ў дзень першага туру прэзыдэнцкіх выбараў, 31 сакавіка
Уладзімер Зяленскі гуляе ў настольны тэніс у штабе ягонай кампаніі ў дзень першага туру прэзыдэнцкіх выбараў, 31 сакавіка

Сафія Серада для ўкраінскай службы Радыё Свабода

У прэс-службе Зяленскага адзначаюць, што «працэс аналізу і адбору кандыдатур для прызначэньня на дзяржаўныя пасады, якія знаходзяцца ў кампэтэнцыі прэзыдэнта, працягваецца», але сьпісу пакуль няма.

Да дня галасаваньня ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў — менш за 10 дзён, а ўкраінцам яшчэ канкрэтна не вядома, якую каманду вядзе за сабой адзін з кандыдатаў — Уладзімір Зяленскі.

Каго прызначыць на ключавыя дзяржаўныя пасады Зяленскі ў выпадку абраньня прэзыдэнтам Украіны?

Гэтае пытаньне на адрас «Зе!кандыдата» за час выбарчай гонкі гучала ня раз. Цікавіліся і журналісты, і актывісты, і проста грамадзяне. Зрэшты, адказваць ён не сьпяшаўся.

Спачатку аджартоўваўся, што «галоўная каманда — ня красьці», пасьля казаў, што «ня хоча сьпяшацца з заявамі, бо ня ведае, чым усё можа скончыцца». Урэшце паабяцаў абвясьціць хоць бы пяцёрку канкрэтных імёнаў і прозьвішчаў «бліжэй да канца другога тура».

За ўвесь гэты час здагадкі пра патэнцыйную каманду Зяленскага выбаршчык мог рабіць, хіба што назіраючы за асобамі, заўважанымі ў асяродзьдзі «Зе!кандыдата» — у ролі экспэртаў ягонага штабу. Напрыклад, былога міністра эканомікі Айвараса Абрамавічуса, былога прадстаўніка Нацыянальнага агенцтва папярэджаньня карупцыі Руслана Рабашапку ці былога міністра фінансаў Аляксандра Данілюка.

Па словах апошняга, каманда Зяленскага будзе моцнай і найбольш магутнай, і зь яе дапамогай «Зе!кандыдат» вельмі хутка пакажа вынік на пасадзе прэзыдэнта. Зрэшты, нават у Данілюка — ніякай канкрэтыкі наконт прозьвішчаў.

Між тым 9 красавіка зьявіўся пашыраны сьпіс тых, хто нібыта дапамагае штабу лідэра першага тура цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў у ролі экспэртаў.

Хто ж у ім? І што вядома пра гэтых людзей з адкрытых крыніц?

Напрыклад, Уладзімір Шульмэйстэр. Яго называюць экспэртам «Зе!Каманды» па транспарце і інфраструктуры. Па адукацыі ён інжынэр-мэханік. Спачатку вучыўся ў Мікалаеве, а затым у Нідэрляндах, дзе атрымаў ступень доктара філязофіі і працаваў з 1997 па 2002 год. З 2005 да 2009 году Шульмэйстэр займаў кіраўнічыя пасады ў групе кампаній «Факстрот». А з 2015 па 2015 год быў першым намесьнікам міністра інфраструктуры Ўкраіны. Акрамя таго, Шульмэйстэр працаваў пазаштатным дарадцам кіраўніка Мікалаеўскай АДА (абласной дзяржаўнай адміністрацыі) Аляксея Саўчанкі.

Даніла Гецьманцаў таксама фігуруе ў апублікаваным сьпісе. Ён доктар юрыдычных навук і экспэрт у пытаньнях падатковай палітыкі. Менавіта ёю Гецьманцаў нібыта і займаецца ў камандзе Зяленскага, а яшчэ — грамадзкімі фінансамі і банкаўскім правам. У свой час ён быў у Вярхоўнай Радзе 4-га, 5-га і 6-га скліканьняў памочнікам на грамадзкіх асновах народнага дэпутата Ўладзіміра Сіўковіча, які на працягу 5 і 6 скліканьняў быў сябрам Партыі рэгіёнаў. У 2016–2017 гадах Гецьманцаў удзельнічаў у конкурсе ў Вярхоўны суд, але не прайшоў.

У сьпісе, апублікаваным у СМІ, ёсьць і прозьвішча Алега Бандарэнкі, якому нібыта адведзеная сфэра экалёгіі і права. Ён юрыст і, як пазначана на сайце ягонай арганізацыі, «мае значны вопыт абароны інтарэсаў грамадзян, якія пацярпелі ад экалягічных катастрофаў».

Сярод экспэртаў штабу Зяленскага называюць таксама Аляксандра Мярэжку. Ён кіраўнік катэдры права Кіеўскага нацыянальнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. У 2018-м Мярэжка ўдзельнічаў у конкурсе ў Вышэйшы антыкарупцыйны суд, але не прайшоў. Ад імя каманды Зяленскага ён выступае ў якасьці экспэрта па пытаньнях электроннага кіраваньня і народаўладзьдзя.

Заснавальніка «Школы мэраў» Руслана Рохава называюць экспэртам «Зе!Каманды» ў пытаньнях мясцовага і рэгіянальнага разьвіцьця. У 2013 годзе ён сам меў намер балятавацца як дэпутат у Хмяльніцкі аблсавет, але ўрэшце зьняў сваю кандыдатуру з выбараў. Акрамя таго, Рохаў — былы штатны памочнік мэра Мікалаева Аляксандра Сінкевіча.

Юрыст Вадзім Галайчук — таксама экспэрт штабу Зяленскага. Ён адвакат і, як пазначана ў ягонай афіцыйнай біяграфіі, «мае значны вопыт абслугоўваньня кампаній энэргетычнага сэктару». На працягу чатырох скліканьняў Вярхоўнай Рады Галайчук на грамадзкіх асновах быў памочнікам народнага дэпутата Міколы Кацерынчука. Сам Галайчук паведамляе, што ён давераная асоба Зяленскага і прадстаўляе інтарэсы гэтага кандыдата ў выбаркамах і ў судовых справах, якія тычацца выбарчага працэсу.

Вялікае абурэньне ў грамадзкасьці выклікала зьяўленьне ў сьпісе экспэртаў Зяленскага прозьвішча Аляксандра Харэбіна. Яго называюць адказным за моўную і інфармацыйную палітыку «Зе!Каманды».

Харэбін — мэдыя-менэджэр. У 2015–2017 гадах ён працаваў першым намесьнікам старшыні НТКУ, а вось у часы Віктара Януковіча Харэбін працаваў на мэдыяхолдынг скандальнага алігарха Сяргея Курчанкі.

У прыватнасьці, Харэбіну цяпер закідаюць словы з інтэрвію, якое ён даў тэлеканалу «Прямий» у 2018 годзе. Там ён, у прыватнасьці, заяўляў, што Ўкраіна робіць вялікую памылку, адмаўляючыся ад савецкага мінулага, і падкрэсьліваў важнасьць расейскай мовы для ўкраінскага грамадзтва.

Таму ў постаці Харэбіна як чальца каманды Зяленскага (хай і ў ролі экспэрта) многія ўбачылі пагрозу для далейшага пасьпяховага разьвіцьця гуманітарнай сфэры — адной з галін, дзе «Ўкраіне ўдалося дасягнуць рэвалюцыйнага прагрэсу за апошні час».

Сам Харэбін заяўляе, што ягоныя словы, якія цяпер абурана цытуюць карыстальнікі сацсетак, вырваныя з кантэксту.

Між тым журналісты выданьня Liga.net адзначаюць, што, паводле інфармацыі ад крыніц з атачэньня Зяленскага, пры ягоным прэзыдэнцтве МЗС можа ўзначаліць экс-міністар фінансаў Аляксандар Данілюк, а, напрыклад, СБУ — Ігар Сьмяшко, які ў гэтым годзе таксама балятаваўся ва Ўкраіне на найвышэйшую пасаду, але ў другі тур ня выйшаў.

У той жа час у Сьмяшка гэтую інфармацыю абвяргаюць.

«На самой справе Ігар Пятровіч не згаджаўся і не прымаў ніякіх прапаноў ад каго-колечы з кандыдатаў», — сказала прэс-сакратар былога кіраўніка СБУ.

У сваю чаргу, у прэс-службе Зяленскага падкрэсьліваюць: ніякіх кадравых рашэньняў наконт патэнцыйных прызначэньняў на важныя дзяржаўныя пасады, у выпадку абраньня Зяленскага прэзыдэнтам, у «Зе!Камандзе» пакуль не прымалі.

«Цяпер ідзе працэс аналізу і адбору кандыдатур для прызначэньня на дзяржаўныя пасады, якія знаходзяцца ў кампэтэнцыі прэзыдэнта Ўкраіны. Кандыдаты будуць абвешчаныя да галасаваньня ў другім туры, як і абяцаў Уладзімір. Мы не выключаем, што да тых ці іншых прэтэндэнтаў могуць быць заўвагі, бо ідэальных людзей не існуе. Аднак запэўніваем, што мы кіруемся выразнымі прынцыпамі адбору», — кажуць у прэс-службе Ўладзіміра Зяленскага.

Па словах прадстаўнікоў «Зе!кандыдата», прафэсіяналізм, кампэтэнтнасьць, адсутнасьць падазрэньняў у зьдзяйсьненьні карупцыйных дзеяньняў і дзелавых і палітычных сувязяў з краінай-агрэсарам, а таксама гатоўнасьць добраахвотна сысьці ў адстаўку ў выпадку ўзьнікненьня падазрэньняў у неналежным выкарыстаньні ўлады і перавышэньні паўнамоцтваў — галоўныя аспэкты, на якія ў камандзе Зяленскага маюць намер зважаць пры фармаваньні такога сьпісу.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG