Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыйшоў, паспрачаўся, перамог? Як дэбаты кандыдатаў мянялі хаду перадвыбарнай кампаніі


Віктар Януковіч цалуецца зь Віктарам Юшчанкам, 29 красавіка 2015
Віктар Януковіч цалуецца зь Віктарам Юшчанкам, 29 красавіка 2015

У сваім відэазвароце Ўладзімір Зяленскі прыгадаў Пятру Парашэнку 2014 год: тады падчас перадвыбарчай кампаніі Парашэнка адмовіўся дэбатаваць з бліжэйшым канкурэнтам Юліяй Цімашэнкай, сказаўшы, што «сабачыя баі недарэчныя падчас вайны». Тады ён перамог у першым туры — набраў амаль 55% галасоў выбаршчыкаў, а Цімашэнка — амаль 13%.

Дэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты — падступная рэч. Некалькі разоў яны адыгралі вырашальную ролю ў выніковым выбары электарату, піша Цімур Алеўскі з тэлеканалу «Настоящее время».

Украіна

Калі адкінуць увесь пэрсанальны палітычны складнік, грамадзяне Ўкраіны маюць нагоду вырашыць, ці застанецца ў іх пакуль пяты ці зьявіцца шосты па ліку прэзыдэнт. У некаторых постсавецкіх краінах дагэтуль не прасунуліся далей за другога.

Культура правядзеньня дэбатаў перад галоўнымі палітычнымі выбарамі таксама розная. У самой Украіне як мінімум двойчы наўпроставая размова палітыкаў напярэдадні галасаваньня сур’ёзна мяняла вэктар разьвіцьця краіны.

Два Леаніды — Кучма і Краўчук — сустрэліся тварам у твар у 1994 годзе за тыдзень да выбараў. Лічыцца, што больш малады Кучма лепш трымаўся перад камэрамі дзякуючы урокам акторскага майстэрства. У выніку ён выйграў гонку.

У 2004 годзе на тэледэбатах пры амаль роўным разьмеркаваньні галасоў вырашаўся лёс іншай пары і ўсёй краіны — Віктар Януковіч і Віктар Юшчанка тады нават паціснулі адзін аднаму рукі. Пасьля гэтага было два майданы, але дэбатаў да цяперашняга запрашэньня на стадыён не было.

Беларусь

Дэбаты сапраўды могуць самым радыкальным чынам зьмяніць краіну. За прыкладам далёка хадзіць ня трэба: Беларусь, 1994 год. За пасаду першага прэзыдэнта змагаюцца два камуністы — прэм’ер Вячаслаў Кебіч і маладзейшы дэпутат Аляксандар Лукашэнка. Ён змагаецца з карупцыяй і кажа, што адзіны зь беларускіх дэпутатаў, хто галасаваў супраць Белавескіх пагадненьняў.

З тых часоў дэбатаў кандыдатаў у прэзыдэнты, на якіх прысутнічаў бы Лукашэнка, у краіне не было.

Расея

У Расеі не было і гэтага. Барыс Ельцын упершыню адмовіўся ад дэбатаў у 1996 годзе — перад сваім другім тэрмінам. Лічыцца, што здароўе не дазваляла яму выходзіць сам насам з маладзейшым камуністам Генадзем Зюганавым.

Да гэтага публічныя дэбаты не праводзіліся, а пасьля Ўладзімір Пуцін прыдумаў адгаворку, што яму няма чаго спрачацца — за яго гавораць рэальныя справы. Спрачаліся ўсе, акрамя яго, а яшчэ зьявіўся інстытут прадстаўнікоў — гэта калі за кандыдата ў дэбатах удзельнічаюць яго сябры і памочнікі.

Хоць свой стадыён у Пуціна быў — у 2018 годзе, на сустрэчы з прыхільнікамі, але без апанэнтаў.

Кіргізстан

У Кіргізстане краінай цяпер кіруе шосты прэзыдэнт. Для цэнтральнай Азіі гэта абсалютны рэкорд — як і дзьве рэвалюцыі. А дэбаты двух асноўных прэтэндэнтаў напярэдадні выбараў у кастрычніку 2017 году, Сааранбая Жээнбекава і Амурбека Бабанава, людзі глядзелі разам у клюбах і кавярнях, там жа і абмяркоўвалі.

Сааранбай Жээнбекаў і Амурбек Бабанаў
Сааранбай Жээнбекаў і Амурбек Бабанаў

Грузія

Самы сьвежы прыклад — Грузія. Саламэ Зурабішвілі, будучы кандыдатам, паклікала на дэбаты «ўсе чорныя сілы». Так яна назвала апазыцыю, якая, у сваю чаргу, называла Саламэ самазванкай і абслугай кіруючай партыі «Грузінская мара», хоць фармальна Зурабішвілі вылучыла сябе сама.

Грыгол Вашадзе і Саламэ Зурабішвілі, 2018
Грыгол Вашадзе і Саламэ Зурабішвілі, 2018

У адказ на заклік кандыдат ад партыі Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» Грыгол Вашадзэ заявіў: «Мы павінны пагаварыць з чалавекам, які не зьяўляецца палітыкам, не зьяўляецца дыпляматам, не зьяўляецца незалежным кандыдатам і нічога не ўяўляе ў Грузіі. Таму, дзе б ні сказалі, я з задавальненьнем сустрэнуся зь ёю».

Ён прыйшоў, паспрачаўся і… прайграў выбары. Саламэ Зурабішвілі стала першай жанчынай-прэзыдэнтам у Грузіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG