У Курапатах зносяць крыжы. Заматалі нумар на трактары анучамі, закрыліся ў жалезных кабінах машын. Чапляюць жалезнымі крукамі, мэталічнай рукой падымаюць крыж і грузяць у прычэп. Страшна. Страшна рукамі брацца. Усё адно ўнутры точыць сумневам: а ну як адсохне яна, рука. Шкада рукі.
Зьвязуць на гаспадарчы двор лясгасу, кінуць у кут. Будуць хадзіць там увесь дзень, увесь тыдзень, а ў куце будуць ляжаць штабялямі трупы белых, моцных, маўклівых крыжоў. Мёртвыя людзі ня плачуць, мёртвыя крыжы таксама маўчаць. Можа, знойдуцца сярод лясгасаўцаў такія, хто пойдзе пакурыць побач з крыжовымі трупамі, хто сплюне нават на шэрую зямлю, парэпаную белымі камлямі.
Што ты зрабіў за сваё жыцьцё, чалавеча? Дзеля чаго жыў? Дзеля таго, каб аднойчы зьнесьці крыж, пастаўлены над без віны забітым. Нашто ты рабіў гэта, дурань? Мне сказалі.
«Чаму ў Курапатах зносяць крыжы» — «Чытайце прэзыдэнта!» Так адказвае прыгожая жанчына на пытаньні разгубленых людзей. Яна была калісьці дзяўчынкай, радавалася новым цацкам, апранала прыгожую сукенку на сьвяты. Любіць, напэўна, каву з шакалядкай. Плакала ад няшчаснага каханьня, задыхалася ад радасьці, калі была шчасьлівай. Яна думае, што пра знос крыжоў штосьці напісана ў прэзыдэнта. Яна наогул сапраўды думае, што гэта прэзыдэнт вырашае, як народу хаваць і памятаць сваіх памерлых і сваіх забітых.
Яна сьвята ўпэўненая, што, пачытаўшы прэзыдэнта, можна ісьці і паваліць крыж. Болей за тое: яна думае, што зламаць крыж — гэта адпавядае нашым традыцыям. Калі і што ў яе ўнутры зламалася? Дзеля чаго ты прыйшла ў гэты сьвет, дзяўчынка? Дзеля таго, каб аднойчы сказаць на ўвесь сьвет: каб зьнесьці крыжы — чытайце прэзыдэнта.
Цікава, як яны сфармулявалі загад? Бяз загаду ж не маглі, павінна быць нейкая паперчына. Думаю, у таго, хто яго складаў, павінен быў быць нейкі сорам. Ён павінен быў напісаць так: «Зьнесьці драўляныя канструкцыі». Ці: «Прыбраць незаконныя пабудовы». Нешта такое. У яго павінна было нешта затрымцець унутры, калі б ён напісаў: «Зьнесьці крыжы». Нашто ты вучыўся ў школе, рос, мацнеў і разумнеў, начальнік? Каб аднойчы напісаць пра крыжы: «драўляная канструкцыя».
Гэта застанецца з вамі на ўсё жыцьцё, дарагія мае. Вы — людзі, якія зносілі крыжы над забітымі. Магчыма, для таго вы і прыйшлі ў сьвет. Цемра павінна дзесьці жыць. Нехта павінен нішчыць памяць. Нехта павінен быць гадам. Дзень і сьвятло нараджаюцца ў пакутах, нехта павінен ім перашкаджаць. Гэта — вы.
Кожны з нас нараджаецца, каб абіраць. Памятаць альбо забывацца, ведаць альбо чытаць прэзыдэнта, бараніць Курапаты альбо есьці сьвіныя вушы ў «Поедем Поедим», ставіць крыжы альбо зносіць іх. Падпісваць альбо не падпісваць паперы. Заводзіць альбо не заводзіць трактар. Наматваць анучу на нумар альбо сысьці з лясгасу.
Глядзець на зьнятыя крыжы, зваленыя на тваім двары.