Пагражалі судом, а скарысталіся бульдозэрам без суду.
Генэральны дырэктар прадпрыемства «Менскаблдарбуд» Дзяніс Сьцяпанаў 1 красавіка накіраваў ліст шэрагу абаронцаў Курапатаў адносна крыжоў, пастаўленых мінулым летам Зьмітром Дашкевічам і ягонымі паплечнікамі. У тым ліку гэтыя крыжы зьнесьлі 4 красавіка.
Лістом — «Прэтэнзіяй аб прымусе ўчыніць дзеяньні па дэмантажы драўляных крыжоў» — са Свабодай падзяліўся актывіст Ягор Лаўрухін. У лісьце гаворка толькі пра 13 крыжоў ля дарогі Калодзішчы — Заслаўе, хоць 4 красавіка зьнесьлі больш як 70 крыжоў па пэрымэтры мэмарыялу.
Паводле Сьцяпанава, крыжы ля дарогі не ўзгаднілі зь ягоным ведамствам, а ўстаноўка прывяла да «пашкоджаньня і загрувашчваньня паласы адводу і як вынік да ўзьнікненьня перашкод ажыцьцяленьню права пастаяннага валоданьня, карыстаньня і распараджэньня КУП „Менскаблдарбуд“ паласой адводу».
На падставе права валоданьня паласой Сьцяпанаў запатрабаваў у актывістаў, каб яны самі прыбралі крыжы да 19 красавіка. Іначай, пісаў ён, прадпрыемства мае намер зьвярнуцца ў суд з заявай аб пануканьні дэмантаваць крыжы, «што таксама пацягне для вас дадатковыя выдаткі ў выглядзе сумы дзяржаўнага мыту».
Атрымаць апэратыўны камэнтар самога Сьцяпанава 4 красавіка не ўдалося: спачатку ён быў на абедзе, пасьля паехаў «на дарогі», як сказалі ў ягонай прыёмнай. Шэраг ягоных падначаленых ня змог разабрацца, хто адказны за выкананьне ягонай прэтэнзіі.
Чаму крыжы зьнесьлі без суду, невядома
Крыжы ў Курапатах пачалі зносіць зранку 4 красавіка — да таго, як адбыўся суд, расказала Свабодзе каардынатарка ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька. Хто прыняў рашэньне пра дэмантаж 70 крыжоў, куды іх вывезьлі і што зь імі будзе далей, невядома. Мінкульт ня ведае, што адбываецца ў Курапатах, яшчэ шэраг чыноўнікаў адмовіўся або ўхіліўся ад камэнтароў.
У час зносу крыжоў у Курапатах прысутнічаў дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Аляксандар Мірановіч. Ён адмовіўся тлумачыць сытуацыю ня толькі журналістам і актывістам, але і дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Ганьне Канапацкай, хоць абавязаны на патрабаваньне дэпутаткі паказаць дакумэнты на такія работы. Канапацкая вырашыла высьветліць у дзяржаўных органаў, ці законныя работы.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.