Ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам 4 красавіка затрымалі 15 чалавек, паведамляе БелаПАН са спасылкай на зьвесткі групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Менаблвыканкаму.
«Былі затрыманыя людзі для высьвятленьня асобы і правядзеньня праверкі, яны дастаўленыя ва УУС Менскага раёну, — паведаміў прадстаўнік Менскай раённай міліцыі.— Іх апытаюць: што яны рабілі, чым там займаліся. Хутчэй за ўсё, іх затрымлівалі, як я мяркую, з прычыны таго, што яны перашкаджалі правядзеньню работ, не давалі людзям выконваць сваю працу. Я ня ведаю, хто і што там рабіў. Хтосьці, можа, пад колы лез, хтосьці неяк інакш перашкаджаў, адцягваў кагосьці ад чагосьці. Будзе высьвятляцца, што рабілі, зь якой мэтай. На падставе гэтага будуць прымаць рашэньне, ці прыцягваць да адказнасьці».
Як паведаміў прадстаўнік УУС, усяго затрымана 15 чалавек.
Паводле інфармацыі БелаПАН, у Курапатах затрымалі апазыцыйных актывістаў Паўла Севярынца, Дзяніса Ўрбановіча, Зьмітра Дашкевіча, Філіпа Шаўрова, Ніну Багінскую, Валянціну Яроменак, Валера Рабцава, Арцёма Кляпца. Імёны астатніх пакуль невядомыя.
Курапаты
Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.
У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».
У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.
У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.
Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.
Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.
У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.