Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пытаньні, хто загадаў зносіць крыжы і куды іх павезьлі, адказаў няма


Зьнесеныя крыжы
Зьнесеныя крыжы

Куды падзеліся амаль 70 крыжоў, зьнесеных 4 красавіка ў Курапатах, і хто распарадзіўся дэмантаваць народны мэмарыял, прадстаўнікі ўладаў не адказваюць.

​Раніцай 4 красавіка намесьніца начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Натальля Хвір паведаміла Свабодзе, што яна ня ў курсе таго, што адбываецца ў Курапатах. І параіла зьвярнуцца да ўласьніка — у Менскі райвыканкам і Бараўлянскі лясгас.

У Менскім райвыканкаме раніцай праходзіла нарада па Курапатах, паведаміла сакратарка аддзелу ідэалёгіі, культуры, спорту і працы з моладзьдзю. Загадчык аддзела Ўладзімер Шаплыка знаходзіўся на нарадзе, а пасьля яе хуценька паехаў разам з намесьніцай старшыні райвыканкаму Ірынай Ціхонькай нібыта ў Курапаты, паведамілі ў прыёмнай.

Дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Аляксандар Мірановіч знаходзіўся ў Курапатах, зьбег ад журналістаў і адмовіўся тлумачыць сытуацыю дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Ганне Канапацкай, накіраваўшы яе ў прэс-цэнтар Міністэрства лясной гаспадаркі.

Паказаць дакумэнты на работы Мірановіч таксама адмовіўся, хоць абавязаны, бо будаўнічыя работы без адпаведных дакумэнтаў незаконныя.

Інфармацыйнаму агенцтву БелТА Мірановіч патлумачыў, што «у Курапатах праходзяць плянавыя работы ў добраўпарадкаваньні, дэмантуюцца агароджы, выдаляюцца незаконна ўстаноўленыя спаруды».

Прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі не адказвае ні на тэлефанаваньні, ні на пісьмовыя звароты.

Свабода працягвае дамагацца ад уладных структур адказу на гэта пытаньне.

4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі. Каля 12-й гадзіны дня пачалі ставіць мэталічную агароджу мэмарыялу, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя.

Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG