Сёньня малебен пройдзе ў Курапатах, у нядзелю — на плошчы Свабоды. Законы Беларусі не забараняюць публічна маліцца.
Жонка абаронцы Курапатаў Паўла Севярынца, затрыманага 4 красавіка, Вольга Севярынец заклікала вернікаў усіх канфэсіяў на малітву ў Курапаты.
Як піша Вольга Севярынец, вернікі зьбіраюцца прайсьці крыжовым шляхам 4 красавіка а 16-й гадзіне, пачаць малітву а 19-й.
«Прыносьце зьнічы і свае крыжы, — піша яна. — Зьбіраемся на ўваходзе. Узвысім свой голас да Бога!»
Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч заклікаў вернікаў на малітву ў нядзелю, 7 красавіка, а 12-й гадзіне на плошчы Свабоды — ля Менскага Сьвята-духавага катэдральнага сабору.
Статкевіч заяўляе, што знос крыжоў у Курапатах — апаганьваньне галоўнага сымбалю хрысьціянства, злачынства супраць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Ён адзначае, што гэта адбываецца ў час Вялікага паста.
Беларускі закон «Аб масавых мерапрыемствах» не рэгулюе рэлігійную дзейнасьць, да якой адносяцца малітоўныя сходы. Закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» тым часам забараняе перашкаджаць рэлігійным абрадам як у культавых пабудовах і на іхных тэрыторыях, так і ў месцах паломніцтва або на могілках.
Курапаты афіцыйна прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасьцю як «месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930–1940-х гадоў». Там пахаваныя дзясяткі, калі ня сотні тысячаў чалавек — дакладная колькасьць невядомая, архівы НКВД і КДБ дагэтуль не раскрытыя.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.