Беларуская мова стала толькі 15-й у сьпісе моваў OK.ru, зьявілася там на 11 гадоў пазьней, чым «УКантакце».
Сацыяльная сетка «Аднаклясьнікі», якая належыць расейскай Mail.ru Group, запусьціла беларускую вэрсію інтэрфэйсу (афіцыйным правапісам). Паведамленьне з прапановай пераключыць мову прыйшло карыстальнікам зь Беларусі 28 сакавіка.
На сайце можна таксама пераключыць мову кнопкай у правым верхнім кутку старонкі. На мабільнай вэрсіі або ў праграмах для смартфонаў трэба зайсьці ў налады і адшукаць пункт «Зьмяніць мову». Або можна скарыстацца гэтай спасылкай.
Пераклад закрануў ня толькі інтэрфэйс. Напрыклад, пошук па падарунках цяпер разумее і беларускія словы, а «шапка» сайту дапоўненая ў беларускай вэрсіі арнамэнтам. Не пераклалі гульні, старонку дапамогі і чамусьці назву сацсеткі ў «шапцы» сайту.
У канкурэнта «Аднаклясьнікаў», расейскай сацсетцы «ЎКантакце», якой цяпер таксама валодае Mail.ru, беларуская мова зьявілася ў 2008 годзе — першы пераклад быў зроблены самімі карыстальнікамі з ужываньнем клясычнага правапісу (тарашкевіцы). Праз 6 гадоў зьявіўся і пераклад ВК на афіцыйны правапіс.
А запуск саміх сацсетак ВК і ОК быў амаль адначасовы: спачатку «Аднаклясьнікі» ў сакавіку 2006 году, затым «УКантакце» ў кастрычніку 2006-га.
Пры гэтым Беларусь — другая пасьля Расеі ў колькасьці актыўных карыстальнікаў «Аднаклясьнікаў». Паводле самой сацсеткі, штомесячная аўдыторыя зь Беларусі складае 2,7 млн карыстальнікаў, а ўсяго сваёй краінай пазначылі Беларусь 7,35 млн карыстальнікаў (на ВК — 4,97 млн).
«Аднаклясьнікі» назвалі самай папулярнай сацсеткай у Беларусі ў дасьледаваньні Інфармацыйна-аналіытчнага цэнтру пры прэзыдэнце — у яе заходзілі 68,8% апытаных.
Праўда, паводле апытаньня кампаніі Online Market Intellegence, праведзенага ў мінулым кастрычніку, «Аднаклясьнікі» толькі трэція па папулярнасьці ў Беларусі: 90% апытаных карысталіся ВК, 85% — Youtube і толькі 60% — ОК. Акрамя таго, 59% карысталіся Instagram, і 55% — Facebook. Таксама 93% карысталіся мэсэнджарам Viber, 62% — Skype, 41% — WhatsApp і 35% — Telegram.
У рэйтынгу Alexa «Аднаклясьнікі» ў Беларусі толькі на 9-м месцы па працягласьці часу, праведзенага людзьмі на сайце — пасьля Youtube, Google.com, VK, Yandex, Mail.ru, Tut.by, Onliner.by і Google.by.