Прынамсі восем чалавек, уключна з палітыкамі Мікалаем Казловым і Віталём Рымашэўскім, затрыманыя на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Менску 25 сакавіка. За некалькі кварталаў ад яе затрыманыя музыкі Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Зьміцер Вайцюшкевіч і Павел Аракелян, якія рыхтаваліся да імправізаванага выступу на Камсамольскай вуліцы.
Ніякіх акцыяў на дзень або вечар 25 сакавіка ў Менску не анансавалі, але ў цэнтры сталіцы зранку дзяжурылі аўтазакі і «людзі ў цывільным». Апэратыўна атрымаць камэнтар менскай міліцыі не ўдалося.
Затрыманьні, пра якія вядома:
- Алена Талстая
Віталь РымашэўскіМікалай КазлоўВіктар Кавалькоў (айцец Вікенцій)Юры ПалейкаМіхаіл СавіцкіАндрэй РогаўСяргей КісельЛявон ВольскіМар’яна ВольскаяЗміцер ВайцюшкевічІгар ВарашкевічПавел Аракелян- Жанчына зь бел-чырвона-белым сьцягам
Абноўлена 21:40: З Цэнтральнага РАУС вызвалілі ўсіх затрыманых музыкаў і актывістаў. На дадзены момант затрыманая толькі Талстая — яе павезьлі на Акрэсьціна. На вызваленых не складалі пратаколы аб правапарушэньнях, толькі пратаколы аб затрыманьнях і прафіляктычных гутарках. Ці будуць суды і штрафы, невядома. Як расказаў Свабодзе Рымашэўскі, у адрозьненьне ад затрыманьня 24 сакавіка або Дню Волі мінулага году, на гэты раз зь ім абыходзіліся карэктна, бяз гвалту.
Абонўлена, 22:44: У цэнтры Менску схапілі жанчыну зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Актывістка прыкавала сябе да слупа
Яшчэ да 18-й гадзіны на Кастрычніцкай плошчы затрымалі актывістку апазыцыйнага Руху салідарнасьці «Разам» Алену Талстую, яна прыкавала сябе кайданкамі да слупа, бо «Дзень Волі — у няволі».
Палітыкаў, якія не заклікалі да несанкцыянаваных мерапрыемстваў, затрымалі
На Кастрычніцкую плошчу завітаў былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, пазьней да яго падышлі цяперашні старшыня АГП Мікалай Казлоў і сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Яны падкрэсьлілі, што не заклікаюць да несанкцыянаваных захадаў — проста ідуць пакласьці кветкі да дому, дзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі (вул. Валадарскага, 9).
Казлова і Рымашэўскага затрымалі менш як празь пяць хвілінаў без усялякіх тлумачэньняў. Падчас затрыманьня было бачна, што ў машыне «людзей у цывільным» ужо быў адзін затрыманы — сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Вікенці.
Каля 18:15 затрымалі яшчэ аднаго чалавека ў бел-чырвона-белым шаліку на падыходзе да плошчы, ён не пасьпеў назвацца. Праз тры хвіліны затрымалі яшчэ двух чалавек — зь бел-чырвона-белым сьцяжком на плошчу выйшаў мужчына, які назваўся Міхаіл Савіцкі, да яго падышоў паразмаўляць яшчэ адзін мужчына, затрымалі абодвух. Пасьля быў затрыманы прынамсі яшчэ адзін чалавек.
Прадстаўнік праваахоўнікаў папрасіў журналістаў і назіральнікаў адыйсьці далей ад праспэкту, каб «не перашкаджаць людзям хадзіць па Кастрычніцкай плошчы».
На Камсамольскай затрымалі Вольскага, Варашкевіча, Вайцюшкевіча, Аракеляна
Лявон Вольскі зь сябрамі зьбіраліся прагуляцца з музычнымі інструмэнтамі пешаходнымі вуліцамі ў цэнтры.
У 18.24 музыкаў Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча і Паўла Аракеляна затрымалі на скрыжаваньні вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай. Затрыманая таксама жонка Лявона Мар’яна Вольская.
Адзін з арганізатараў канцэртаў #БНР100 і #БНР101 Антон Матолька запусьціў на Petitions.by збор подпісаў пад зваротам да Менгарвыканкаму і Міністэрству ўнутраных справаў з патрабаваньнем растлумачыць, чаму затрымалі музыкаў.
На скрыжаваньні засталіся дзясяткі чалавек, якія хорам прасьпявалі гіты Вольскага і гурту N.R.M «Тры чарапахі», «Паветраны шар», «Простыя словы» і іншыя песьні. Прадстаўнік міліцыі пагражаў ім затрыманьнямі і гвалтам, але людзі мірна разышліся.
Вуліца Валадарскага застаўленая аўтазакамі ад праспэкту Незалежнасьці.
Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019
- 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
- 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
- 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
- 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
- 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
- 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
- 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
- 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
- 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
- 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.
Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР
- Праект Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» (тэкст + аўдыёпадкасты) і аднайменная кніга (PDF)
- 10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР
- Беларускае «Слова 2018 году» — БНР
- Дзень Волі — 2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА