Двух менчукоў, якія вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі з вокнаў кватэр у цэнтры Менску, папрасілі іх зьняць. Яны зьнялі.
Хацелі сьпілаваць тронак сьцягу
Менчук Вітаўт Сіўчык вывесіў тронак зь бел-чырвона-белым сьцягам з вакна свайго дому зь відам на плошчу Перамогі.
Праз тры гадзіны пасьля гэтага пад дом Сіўчыка прыехаў кран і група рабочых зь пілой. Рабочыя пракрычалі зьнізу, каб мянчук зьняў сьцяг, бо «ён не дзяржаўны». Пазьней рабочыя падняліся на кране зь пілой на ўзровень вакна, дзе вісеў сьцяг.
Сіўчык сьцяг зьняў, але зноў вывесіў, калі рабочыя зьехалі.
«Я ня мог дапусьціць, каб яны яго забралі ці паламалі», — патлумачыў Сіўчык.
Выклікалі ў міліцыю
Мянчук Дзьмітры вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг у вакне сваёй кватэры на вуліцы Леніна. Спачатку яму пазваніў чалавек, які назваўся начальнікам Цэнтральнага РУУС, пытаўся, чаму Дзьмітры вывесіў сьцяг, ці ён выяўляе гэтым нейкую пазыцыю, ці ён ня супраць улады. Дзьмітры адказваць на пытаньні адмовіўся. Міліцыянт папрасіў зьняць сьцяг.
Калі Дзьмітры прыехаў дадому, каб зьняць сьцяг, сустрэў у падʼезьдзе «рабят фізкультурнага выгляду». Пазьней менчуку патэлефанавалі і запрасілі на размову ў Цэнтральнае РУУС.
Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019
- 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
- 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
- 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
- 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
- 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
- 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
- 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
- 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
- 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
- 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.
Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР
- Праект Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» (тэкст + аўдыёпадкасты) і аднайменная кніга (PDF)
- 10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР
- Беларускае «Слова 2018 году» — БНР
- Дзень Волі — 2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА