Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адседзеў у расейскай калёніі тры гады за рэпост. Як караюць за такое ў Беларусі?


Сяргей Панарын з Баранулу
Сяргей Панарын з Баранулу

З калёніі ў Бійску выйшаў на свабоду 35-гадовы Сяргей Панарын з Барнавулу, які адным зь першых у Расеі атрымаў у 2015 годзе рэальны тэрмін за рэпост у інтэрнэце — тры гады пазбаўленьня волі. Менавіта зь яго справы ў рэгіёне пачалася чарада гучных крымінальных працэсаў паводле гэткіх артыкулаў і абвінавачаньняў.

Радыё Свабода пагутарыла з асуджаным.

— Сяргей, за што менавіта вас асудзілі?

— Для мяне ўсё пачалося 14 жніўня 2014 году, калі да мяне дадому прыйшлі зь ператрусам і матэрыяламі пра распачатую крымінальную справу супрацоўнікі рэгіянальнага Цэнтру «Э». Спачатку была ўзбуджаная справа паводле славутага 282-га артыкулу КК, цяпер, як вядома, часткова дэкрыміналізаваным. Убачыўшы супрацоўнікаў Цэнтру «Э», я не адразу зразумеў, пра які мой пост «ВКонтакте» ідзе гаворка. Як высьветлілася, быў знойдзены «нядобры» пост аж двухгадовай даўніны — за 2012 год. Уяўляю, колькі працоўнага часу было выдаткавана, каб перакапаць на маёй старонцы мноства пастоў, каб знайсьці-ткі крымінальны!

— Пра што быў той пост? Як пісалі СМІ, у справе фігуравала яшчэ і карцінка.

— Гэта было такое даволі задзірлівае эсэ, якое зьмяшчала рознага роду вобразы, папулярныя сярод левай і правай радыкальнай моладзі. Я перапосьціў яго з адной групы «ВКонтакте». У тэксьце ўтрымліваліся выпады супраць дзейнай улады, між іншым закраналіся прадстаўнікі, скажам так, народаў Каўказу. На малюнку была выява «кактэйлю Молатава» — бутэлькі з запальнай сумесьсю. Яна суправаджала тэкст. Мяне, хутчэй, прыцягнуў тады стыль эсэ — баявы, наступальны. Я сам чалавек незласьлівы — кажу гэта не для таго, каб прадставіць сябе такой бязьвіннай авечкай ці «пакаяцца», але тыя, хто мяне добра ведаў тады і ведае цяпер, пацьвердзяць гэта. У інтэрнэце гуляла тады і гуляе цяпер мноства тэкстаў куды болей крутых, але пра перасьлед іх аўтараў не чуваць. Дарэчы, я высьветліў потым, што аўтар гэтага фатальнага ў маёй справе эсэ атрымаў штраф.

— Вы хочаце сказаць, сілавікі проста шукалі нагоду завесьці справу мэтанакіравана супраць вас?

У мяне склалася менавіта такое ўражаньне. Інакш, навошта яны выцягнулі на сьвятло пост двухгадовай даўніны?

Цалкам матэрыял чытаць тут.

Былы беларускі палітвязень Мікола Дзядок, якога штрафавалі за рэпосты ў Фэйсбуку
Былы беларускі палітвязень Мікола Дзядок, якога штрафавалі за рэпосты ў Фэйсбуку

​А што ў Беларусі?

У Беларусі за рэпосты і лайкі штрафуюць, прысуджаюць турму ў рэдкіх выпадках

Парнаграфія, распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, расавая варажнеча — прычыны, зь якіх беларусаў могуць пакараць за пост, рэпост ці лайк у сацыяльных сетках. І лайк, і рэпост — гэта распаўсюд матэрыялаў. Найчасьцей справы за посты, лайкі ці рэпосты адміністрацыйныя, пакараньне — штраф. Але бывае, што за гэта даюць рэальныя тэрміны за кратамі.

За нацыянальную варажнечу — турма

У верасьні мінулага году жыхару Віцебска прысудзілі два гады з адтэрміноўкай за тое, што запосьціў на сваёй старонцы пяць відэаролікаў і музычны кліп, якія прапагандуюць расавую ці міжэтнічную варажнечу.

Год таму жыхара Наваполацку асудзілі на тры гады пазбаўленьня волі, бо ён разьмясьціў на сваёй старонцы «ВКонтакте» відэа, якія распальваюць расавую варожасьць. Агулам, хлопец зьмясьціў на сваёй старонцы каля дзясятку відэаролікаў, дзе дэманструюцца сцэны гвалту над прадстаўнікамі каўказкай, яўрэйскай нацыянальнасьці. Сам ён лічыў сябе скінхэдам.

Адзін год калёніі ў 2015 годзе суд прысудзіў жыхару Баранавіцкага раёну. Прычына — прапаганда гвалту і экстрэмізму. Хлопец разьмясьціў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках два відэаролікі і чатыры фатаздымкі.

За экстрэмізм — штрафы

Распаўсюд матэрыялаў, якія лічацца экстрэмісцкімі — асноўная прычына, зь якой у Беларусі штрафуюць карыстальнікаў сацыяльных сетак. Існуе сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія прызнала такімі адмысловая камісія.

Як мінімум чатырох чалавек летась пакаралі за рэпосты ў Горадні. Музыку беларускага гурту Dzieciuki з Горадні Дзянісава аштрафавалі на 630 рублёў за рэпост з групы «ВКонтакте», якая не была заблякаваная. Дзянісава прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. На відэа, якое рэпостнуў Дзянісаў — удзел берасьцейскіх анархістаў у маршы недармаедаў.

Яшчэ аднаго жыхара Горадні Аляксандра Горбача аштрафавалі на 735 рублёў за распаўсюд у сацсетках фашыстоўскай сымболікі, хаця на тым фотаздымку яна высьмейвалася, а Аляксандар вядомы сваімі антыфашысцкімі поглядамі.

Яшчэ аднаму жыхару Гарадзенскай вобласьці, які паходзіць з Івацэвічаў, прысудзілі штраф 367 рублёў за рэпост матэрыялаў аб анархістах.

Анархіста Мікалая Дзядка за рэпост экстрэмісцкіх матэрыялаў штрафавалі двойчы: у 2017 і 2018 гадах. Летась яму прысудзілі 980 рублёў штрафу за рэпост нацысцкай сымболікі, а ў 2017 годзе 245 рублёў за аналягічны ўчынак. Пры гэтым, Дзядок вядомы сваімі антыфашысцкімі поглядамі.

Сям’ю Касінеравых за экстрэмісцкія матэрыялы штрафавалі двойчы ў 2018 годзе за фота ў шапцы «клясавая вайна» і «тэрор-машына». Вячаслава Касінерава аштрафавалі на 1102 рублі 50 капеек (45 базавых велічыняў), Марыну Насенку — на 735 рублёў (30 базавых) за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG