На трэці дзень сустрэчаў з Уладзімірам Пуціным Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не абмяркоўваў з расейскім кіраўніком тэмы кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр і беларускага сувэрэнітэту.
Ні прэс-служба Лукашэнкі, ні БелТА не перадаюць, на якое пытаньне ён адказаў такім чынам:
«Навошта нам падымаць пытаньні сувэрэнітэту Беларусі і Расеі? Гэта ікона, гэта сьвятое. Няма ў нас праблемы сувэрэнітэту. Мы нават у гэтым кантэксьце не абмяркоўваем гэтыя праблемы».
Лукашэнка перапытаў журналіста, які задаў яму пытаньне, ці той гатовы гандлявацца сувэрэнітэтам, і дадаў:
«Для мяне незалежнасьць — гэта паняцьце адноснае. Ніводная дзяржава — прыкладам таму ёсьць Кітай — яны ніколі не размаўляюць аб суверэнітэце».
Пры тым ён, зьвяртаючыся да журналіста, таксама заявіў, што «мы гатовыя настолькі ісьці далёка ў яднаньні-аб’яднаньні нашых высілкаў, дзяржаваў і народаў, наколькі вы гатовыя»:
«Слухайце, мы заўтра можам аб’яднацца, у нас праблемаў няма, — казаў Лукашэнка, верагодна, пра сябе і Пуціна. — Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы, на гэта — пытаньне. Таму гэта вам трэба адрасаваць пытаньне да сябе. Наколькі вы гатовыя, настолькі мы і будзем выконваць вашую волю. А калі не гатовыя, якая б ні была магутная і велізарная Расея, яна сёньня ня ў стане навязаць камусьці волю. Тым больш мы, нам гэта і ня трэба.
Таму рыхтуйцеся вы. У сваёй сьвядомасьці, у сваіх паводзінах, мэты стаўце перад сабой. Я маю на ўвазе народы Расеі і Беларусі. А мы будзем іх рэалізоўваць. Мы вашыя слугі».
Лукашэнка дадаў, што ён і Пуцін «не былі ініцыятарамі развалу той дзяржавы» — СССР.
«Мы наогул не разышліся, — заявіў Лукашэнка пра Беларусь і Расею. — Калі ўзяць Украіну, таксама славянская дзяржава, які велізарны разрыў за некалькі гадоў утварыўся! А мы размаўляем на адной мове і разумеем аднолькава праблемы».
На сайце Крамлю разьмешчаная стэнаграма вітальнага слова Ўладзіміра Пуціна, у якім ён кажа аб працягу дыялёгу ў гуманітарнай супрацы. Слова «інтэграцыя» ў прамове не гучала.
«Мы калі-небудзь сыдзем. Што пакінем нашым дзецям?»
«Мы шчыра адзін аднаму кажам пра тое, што мы ж ня вечныя, — дадаў Лукашэнка пра сябе і Пуціна ў кантэксьце абмеркаваньня дамовы аб так званай «саюзнай дзяржаве». — Мы калісьці сыдзем. Што пакінем нашым дзецям? Як яны працягнуць нашую палітыку? Гэта таксама нас як палітыкаў не можа не хваляваць.
Перш чым рабіць сур'ёзныя крокі ў разьвіцьці Саюзнай дзяржавы, мы павінны як прэзыдэнты ня толькі ведаць, але і ўвабраць у сябе. Таму гэтыя тры дні ўжо працуем па розных напрамках».