Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі дабіваюць дзікоў. Засталося 1500–2000, яшчэ 6 гадоў таму было звыш 100 тысячаў


Міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа з паляўнічымі трафэямі. Скрыншоты фота з выдаленай старонкі «ЎКантакце»
Міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа з паляўнічымі трафэямі. Скрыншоты фота з выдаленай старонкі «ЎКантакце»

Міністар лясной гаспадаркі Віталій Дрожжа прапанаваў павялічыць узнагароду за адстрэл дзікоў, піша БелаПАН.

У Беларусі амаль вынішчылі дзікоў пасьля пагрозы распаўсюду афрыканскай чумы сьвіньняў: да 2013 году іх было больш як 100 тысячаў, у 2014 годзе засталося толькі 8,6 тысячы, у 2017-м – 2,8 тысячы. Цяпер, кажа Дрожжа, колькасьць дзікоў у Беларусі ацэньваецца ў 1500–2000.

«Дзеля актывізацыі дэпапуляцыі дзіка мы ўносім зьмены ў палажэньне аб рэспубліканскім штабе па барацьбе з АЧС, каб паляўнічым плаціць дзьве траціны сумы ўзнагароды за адстрэл, — растлумачыў Дрожжа. — Раней – адну траціну атрымліваў паляўнічы, а дзьве траціны — карыстальнік паляўнічых угодзьдзяў. Часьцяком быў з тых ці іншых прычынаў не занадта актыўны ўдзел у кампаніі».

Толькі зьнішчэньне?

Дрожжа заявіў, што адстрэл дзікоў зьяўляецца адзіным магчымым шляхам барацьбы з АЧС — хоць у іншых краінах так ня лічаць. Напрыклад, у Польшчы супраць адстрэлу дзікоў пратэстуюць ня толькі эколягі, а і паляўнічыя. Змагацца з АЧС прапануюць праз абмежаваньне кантактаў свойскай жывёлы зь дзікамі.

Беларускія «зялёныя» нэгатыўна ставяцца да масавага зьнішчэньня дзікоў: таварыства «Зялёная сетка» піша, што паляўнічыя пасьля кантакту з тушай не праходзяць дэзынфэкцыі, тушы захоўваюцца ў магільніках, а ня спальваюцца, таму вірус АЧС можа распаўсюджвацца, нягледзячы на адстрэл.

Да таго ж, сьцьвярджае «Зялёная сетка», дзікі не зьяўляюцца жывым рэзэрвуарам АЧС, а могуць заражацца чумой, паядаючы заражаныя харчовыя адкіды і пры кантакце са свойскімі сьвіньнямі.

На пытаньне аб тым, ці ўсіх дзікоў зьбіраюцца зьнішчыць у Беларусі, міністар Дрожжа адказаў:

«Іх яшчэ трэба знайсьці. Бо ў нас толькі 16% лесу зьяўляецца паляўнічымі гаспадаркамі, а ёсьць участкі ў прыватнай уласнасьці, ёсьць непраходныя месцы, бары».

Афрыканская чума сьвіньняў — віруснае захворваньне, ад якога няма вакцыны. У хворай сьвіньні падвышаецца тэмпэратура цела да 40–42 градусаў, яна кашляе, ногі паралізуе. Цягам 2 дзён сьвіньня памірае. Людзям АЧС не пагражае.

Афіцыйна ў Беларусі няма эпізаотыі АЧС, хвароба лютуе ў суседніх краінах. У Беларусі хваробы сьвіньняў тлумачаць «нейкай інфэкцыяй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG