„What Does The Fox Say?“ — глупства, а ня песьня. Беларусам даўно вядома, што кажа ліс. Свабода перадае, што кажуць іншыя жывёлы.
Карцінкі ніжэй — вынік вуснага апытаньня. Але не жывёлаў, а людзей. І не карэспандэнтамі Свабоды, а шматлікімі навукоўцамі, якія хадзілі па вёсках і мястэчках Беларусі. Вынікі апытаньняў тых навукоўцаў сабраныя ў кнігах — у Дыялекталягічным атлясе беларускай мовы (1963 год), у пазьнейшых Лексычным атлясе і слоўніках. Нядаўна Свабода публікавала „Моўныя мапы“ пра Каляды.
З жывёламі ўсё ня так адназначна. Напрыклад, кот. Стандартны агульнабеларускі кот мяўкае — кажа „мяў“. І гэта звычайна агульная назва розных відаў кацінага маўленьня (а іх шмат!) Але „мяў“ чуюць далёка ня ўсе беларусы.
Падазваць ката, каб праверыць, што ён кажа, можна словамі „кыцí-кыцí“ (з націскам на другі склад).
У залежнасьці ад таго, дзе спытаць, кот можа мяўкаць, каўкаць, няўчыць… Нават у суседніх вёсках бывае па-рознаму. А яшчэ ж кот выказваецца па-рознаму ў розных сытуацыях: скажам, курняўкае ў бальшыні гаворак — гэта пра асобнае кацінае слова, лагоднае або жаласнае, і яўкае — ня тое самае, што мяўкае/каўкае.
А калі кот шчасьлівы, дык ён вуркоча, або вурчыць, або муркае. Пра гэта кажуць яшчэ курняўкае, курню пяе (на паўночным захадзе скажуць, што і ўсхваляванае мяўканьне — гэта „курняў“). Каб выклікаць вуркатаньне, трэба ката накарміць і пагладзіць. Але будзьце пільнымі: бывае, каты вурчаць таксама тады, калі ім страшна ці балюча, — для аўтапсыхатэрапіі.
З сабакамі таксама ўсё проста толькі на першы погляд. „Гаў“ — гэта звычайны гук ад сабакі. Сабака брэша (таксама гэтак кажуць пра чалавека, які хлусіць). Падзываць сабаку найлепей па імені, але можна паспрабаваць і словамі „цю-цю-цю“.
Але калі сабака злосны, то ня толькі брэша, але і гыркае. Калі настрой сьпяваць — то скавыча ці скуголіць. А калі сабаку блага, ён якоча ці енчыць (так скажуць і пра людзей, якія бядуюць).
Сярэднестатыстычная беларуская авечка бляе — кажа „бе-е“. Але слуцкая бэкае, тураўская мэкае, а белавеская дык наагул бычыт. І падзываюць авечак па-рознаму: звычайна „авур-вур-вур“, але на ўсходзе — „шу-шу-шу“, ад Берасьця да Магілёва — „шут-шут-шут“, „шута-шута“, „шуткі-шуткі“, на Нарачы — „вуль-вуль“, на Віленшчыне — „куцý-куцý“.
З казой прасьцей. Часьцей за ўсё скажаш „кызя-кызя“ — яна табе мекае.
Кажуць, сьвіньня адгукаецца на „дзю-дзю“, у адказ рохкае „рох-рох“. Або вішчыць, калі нешта ня так.
Конь адгукаецца на „косю-косю“ або на імя, кажа „і-га-га“. Гэта конь іржэ, але аршанскі, заходнепалескі і слуцкі конь рагоча, а віленскі вішчыць. А яшчэ конь часта нічога ня кажа, толькі пырхае (чмыхае, фыркае).
Калі карова кажа „му“ або „мук“, то гэта яна рыкáе. На паўночным усходзе Беларусі скажуць, што раве. Падазваць карову проста, калі ведаць імя, але можа быць складана ў адваротным выпадку. Кароваў завуць „тпрусь-тпрусь“ ад Падляшша да Полаччыны, „цёсь-цёсь“ на Падняпроўі, „псе-псе“ на Случчыне, „цялушка-цялушка“ на Меншчыне, „быцю-быцю“ на Загародзьдзі (гэта на захадзе Палесься, раўніна на ўсход ад Берасьця), „тлось-тлось“ каля Берасьця, „цёлка-цёлка“ на Бярэзіне (толькі не спрабуйце так зьвяртацца да людзей).
Падазваць быка прасьцей. Не махайце чырвонай анучай (быкі рэагуюць не на яе, а на чалавечую нахабнасьць), проста скажыце „це-це-це“ або „быська“. Калі бык адкажа „м-мгу-у“, то кажуць, ён раве або бушуе.
Што да той песьні пра ліса, дык усё брахня. Ліс кажа „цяў“ — цяўкае.
Больш складанае пытаньне: што кажа трус? Нешта мармоча, накшталт „умр-умр“. Можна паспрабаваць падазваць труса словамі „тру-тру“, але трус можа спужацца і ўцячы — нездарма баязьлівых людзей называюць трусамі.
Вясковы біялягічны будзільнік — певень — раніцой (гарадзкія скажуць, гэта ня раніца, а яшчэ глыбокая ноч) і радзей цягам дня крычыць „кукарэ́ку“, кукарэкае. Палескі крычыць „какарэк“ — какарэча.
З курамі больш варыянтаў. Калі кура кажа „ко-ко-ко“, то гэта яна квокча або сакоча. Падняпроўская кажа крыху іначай: „кох-кох-кох“. Калі кура падзывае куранятаў, то клохкае, а калі зьнесла яйка, то кудакча (палеская кудкудача). Стандартную беларускую куру можна пазваць „ціп-ціп“, але пінскую падзываюць „пуць-пуць-пуць“, лідзкую — „пыль-пыль-пыль“, палескую — „цю-цю-цю, сажэўскую — „пыр-пыр-пыр“.
Падзываць гусь (калі яна жаночага роду) або гусака (мужчынскага) таксама можна па-рознаму. Толькі асьцярожна: шчыпаюцца. Агульнабеларускі варыянт — „гуль-гуль“, але людзі кажуць, віленская гусь адгукаецца на „зю-зю-зю“, ад Клецку да Клімавічаў і ад Полацку да Брагіна — на „це-це-це“, заходняя гусь — на „гусь-гусь“, браслаўская — на „жуль-жуль“. У адказ (калі не шчыпаецца) гусь ґаґоча, кажа „ґа-ґа“ (як тая ледзі, праз выбухны Ґ).
З качкай (або качарам, калі мужчынскага полу, як на выяве) больш адназначна: звычайна качка кракае „кра-кра“, адгукаецца на „вуць-вуць“.
Індык кажа „кулды-кулды“ — кулдыячыць. Падзываць яго лепей ня трэба, істота бывае даволі агрэсіўнай.
А папугай гаворыць што заўгодна, калі навучыць. Адгукаецца на імя або на сынонімслова „папугай“ — „чыюк“.
Жаба гучыць разнастайна: квакае ўсебеларуская, крэкча віленская, крумкае баранавіцкая, кумкае слуцкая, квокча дзьвінская, крахае на Выганаўскім балоце, турчыць на возеры Сьвір, сквярэцца магілёўская. Разам жабы нават з аднаго раёну даюць шматгалосыя канцэрты.
Пчолы ж нічога ня кажуць, толькі гудуць: „мз“, „мз“.