Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Аркадзі Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў. Ён тлумачыць, чаму «дыпляматыя скандалу» ў выкананьні Лукашэнкі больш не працуе, канстатуе, што новы расейскі пасол Бабіч штотыдзень дае «праграмныя ўстаноўкі», і прадказвае, што кіраўнікі краін зноў могуць ні пра што не дамовіцца.
Сьцісла
- Ад часу апошніх перамоваў Пуціна і Лукашэнкі ніякага прыкметнага прагрэсу ў адносінах не адбылося.
- Пазыцыя Расеі: «Калі хочаце грошай — ідзіце на пэўныя саступкі, тады мы выйграем дыпляматычна». «Не ідзяце на саступкі — тады мы зэканомім грошы».
- Пасол Расеі ў Беларусі — гэта адзіны чыноўнік і адзіны дыплямат, зь якім беларускае кіраўніцтва ня можа нічога зрабіць.
Нас чакае чарговая вязкая, няпростая сустрэча
— 13 і 15 лютага пройдуць дзьве заплянаваныя сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна. Папярэднія перамовы скончыліся нічым, толькі стварэньнем «рабочых групаў». Якія козыры на сёньня маюць абодва бакі, з чым яны прышлі да новага раўнду перамоваў?
— Варта зрабіць адну рэмарку. Цікава, што загадзя заплянаваныя менавіта дзьве сустрэчы. То бок прапануецца зыходзіць з таго, што на першай сустрэчы не дамовяцца, што працэс узгадненьня пазыцыяў ня надта прасунуўся. Прэзыдэнтам спатрэбіцца сустрэцца, раздаць пэўныя ўказаньні — і потым два дні чакаць пэўных вынікаў.
Калі казаць па сутнасьці пытаньня, то, я думаю, ніякага істотнага прасоўваньня не адбылося, бакі цяпер тамсама, дзе і былі ў сьнежні. Ніякага прасоўваньня ў энэргетычным пытаньні, у тэме захаваньня субсыдыяў у абмен на палітычную інтэграцыю не адбылося. Таму, відаць, нас чакае чарговая вязкая, няпростая сустрэча.
Што да козыраў... Мы разумеем, што патэнцыялы бакоў непараўнальныя. Але справа ня ў тым, што Масква абавязаная выкарыстоўваць увесь свой рэсурс, каб даціснуць Менск і прымусіць яго прыняць свае ўмовы — я казаў і кажу, што гэта наўрад ці адбудзецца і што я гэтага не чакаю.
Аднак час на баку Масквы, прынамсі ў кароткачасовай пэрспэктыве. І гэта галоўны козыр. Бо Масква можа дзейнічаць паводле свайго пляну незалежна ад таго, ці будзе дасягнутая дамоўленасьць на гэтай сустрэчы. Менску больш складана, бо рэсурсаў менш, і трэба дакладней уяўляць, на якую фінансавую сытуацыю можна арыентавацца ў сваёй палітыцы.
— Раней, калі Масква больш настойліва прасоўвала сваю пазыцыю — Аляксандар Лукашэнка ўключаў «дыпляматыю скандалу», і даволі часта яны была пасьпяховай. Чаму цяпер канфлікт і падвышэньне ставак ужо не працуе гэтак, як раней?
— Мне падаецца, гэта відавочна. Да 2014 году Масква зыходзіла з таго, што яна ня можа сабе дазволіць доўгатэрміновы і глыбокі канфлікт зь Менскам. Трэба было падтрымліваць бачнасьць карцінкі, што ўсё ў гэтых адносінах добра і што «милые бранятся — только тешатся».
А сёньня назапасіўся пэўны аб’ём раздражненьня. Мы гэта бачым, гэта відаць у заявах і намёках чыноўнікаў. Нядаўна было заяўлена, што нешта не ідзе ў Эўразійскім саюзе і што гэта блякуе нейкая адна краіна. І хоць гэтая краіна не называецца, — усе расейскія СМІ адразу паказваюць на Беларусь.
Па-другое, сёньня Масква спрабуе паказаць, што яе задавальняе і адна, і другая альтэрнатыва, як сказаў Мядзьведзеў у канцы году. «Калі хочаце сябраваць — будзем сябраваць, калі ня хочаце — дык будзем супрацоўнічаць у значна меншым фармаце». «Калі хочаце грошай — ідзіце на пэўныя саступкі, тады мы выйграем дыпляматычна». «Не ідзяце на саступкі — тады мы зэканомім грошы». Так што мы выйграем у любым варыянце. Відаць, у Маскве сфармавалася псыхалягічная гатоўнасьць на гэта — таму патэнцыйная стаўка Лукашэнкі на скандал не працуе.
— Новая зьява апошніх месяцаў — гэта большая, чым раней, увага расейскай прэсы да «беларускай тэмы». Наколькі гэта добры ці кепскі знак для афіцыйнага Менску? Бо расейская прэса абмяркоўвае Беларусь у ракурсе «ці ўступіць Беларусь у Расею і што гэта можа даць?».
— Расейскія СМІ сапраўды з задавальненьнем ухапіліся за беларускую тэму. Бо яна цікавая і адносна новая. Я па-ранейшаму ня ўпэўнены, што беларуская тэма ўсур’ёз цікавіць значную частку расейскага грамадзтва. Расейскае грамадзтва найперш зацікаўленае эканамічнымі пытаньнямі, узроўнем жыцьця. Ёсьць шэраг праблемаў, якія цікавяць расейскае насельніцтва нашмат болей, чым замежная палітыка і інтэграцыя Беларусі і Расеі ў прыватнасьці.
У аналітычнай супольнасьці сапраўды існуе разуменьне, што ў Расеі ня вельмі ўяўляюць, як і чым жыве Беларусь. Гэтаксама як у свой час расейскі палітычны кляс ня вельмі ўяўляў, чым жыло ўкраінскае грамадзтва, і таму прымаліся памылковыя палітычныя рашэньні. Я думаю, што цяпер прадпрымаецца такая спроба неяк лепш даведацца, як і чым жыве Беларусь. І гэта вельмі складана, я скажу, бо незалежная сацыялёгія ў Беларусі ня дзейнічае. Таму людзі спрабуюць езьдзіць, каб зразумець, што ж адбываецца.
«Пасол Бабіч штотыдзень раздае ўстаноўкі»
— У адной з папярэдніх нашых размоваў вы адзначылі адносна новы нюанс у расейскай палітыцы ў Беларусі апошняга часу. «Рэч у тым, што праводзіцца праца па ўзмацненьні таго самага „русского мира“, які ў Беларусі, безумоўна, існуе і, магчыма, прадстаўлены ярчэй, чым у любой іншай краіне постсавецкай прасторы. Узяты курс на прамы зварот да людзей, да прарасейска настроеных масаў, якія падзяляюць расейскі погляд на тое, што адбылося ва Ўкраіне.» Як на гэта можа рэагаваць беларуская ўлада?
— Гэта працэс, які нельга скончыць да 1 траўня ці Дня Парыскай камуны. Мне падаецца, што ў гэтым працэсе цяпер вялікую ролю пачаў адыгрываць новы пасол Расеі ў Беларусі. Ён рэгулярна, раз на тыдзень, як сказалі б раней, «дае праграмныя ўстаноўкі», тлумачыць расейскую палітыку, рэагуе на выступы Лукашэнкі. І калі мы зыходзім з таго, што нейкія прарасейска настроеныя людзі існуюць у Беларусі — то цяпер яны могуць атрымаць афіцыйны расейскі пункт гледжаньня не з расейскіх СМІ і не ад блогераў, а непасрэдна ад пасла.
І, на мой погляд, у пляне прапагандысцкага і інфармацыйнага забесьпячэньня расейскага курсу такая сур’ёзная зьмена адбылася. Бо калі параўнаць паводзіны спадара Бабіча з паводзінамі ягонага папярэдніка — мы пабачым выразны кантраст.
Што можа зрабіць у гэтай сытуацыі Менск? Нічога. Бо пасол Расеі ў Беларусі — гэта адзіны чыноўнік і адзіны дыплямат, зь якім беларускае кіраўніцтва ня можа нічога зрабіць. З заходнімі дыпляматамі Менск мог зрабіць шмат чаго — адключаць ім гарачую ваду, высылаць іх з краіны. Такія паводзіны да расейскага пасла непрымяняльныя.
Прэзыдэнты могуць сказаць, што зноў не дамовіліся
— Ці рызыкняце вы зрабіць перад сустрэчай Лукашэнкі і Пуціна прагноз, як можа скончыцца гэты раўнд перамоваў? Натуральна, што яны ўжо ня могуць зноў разысьціся ні з чым, канстатаваўшы, што зноў ні пра што не дамовіліся.
— Яны могуць сказаць, што зноў не дамовіліся. Яны могуць сказаць — «прайшла прадуктыўная сустрэча ў духу партнэрства і супрацоўніцтва, рабочыя групы працягнуць працу», і гэтак далей. У нас набліжаецца 2 красавіка, дата ўтварэньня «саюзнай дзяржавы», можна сустрэцца і тады, калі зараз ня ўдасца дамовіцца. І падпісаць хоць што-небудзь. На стале ляжыць дамоўленасьць аб узаемным прызнаньні візаў — то бок нейкі пернік падрыхтаваны.
Але, паўтаруся, час у кароткачасовай пэрспэктыве працуе на Маскву, і яна можа дазволіць сабе зараз не ісьці на дамоўленасьці, якія яе не задаволяць. Што тычыцца стратэгічнага аспэкту — то я прытрымліваюся думкі, што прыстойнасьць будзе захаваная, што рэальнай палітыкі паглынаньня Беларусі Расея не праводзіць. Яна праводзіць палітыку зьніжэньня ўзроўню субсыдыяў і павелічэньня ўзроўню геапалітычнай ляяльнасьці.