Cацыяльныя актывісткі сабраліся ў Менску і расказалі, як зьмяняюць сьвет да лепшага. Свабода занатавала самае цікавае.
«Вэганства не дыета меншасьці, а міжнародны рух»
Марта Скугарава, спэцыялістка ў камунікацыях першай у Беларусі вэганскай фастфуд-кавярні Monkey Food:
- У сьвеце, паводле статыстыкі, 950 мільёнаў вэганаў. Кожны дзявяты чалавек у сьвеце — вэган (не вэгетарыянец!).
- У Амэрыцы за апошнія тры гады колькасьць вэганаў вырасла на 600%.
- Тры важныя для мяне рэчы ў актывізме: сіла выбару, тэорыя малых справаў і сяброўства.
- Калі я выбіраю пшанічнае мяса, я адмаўляюся ад забойства, сацыяльнай няроўнасьці, зьнішчэньня зямельных водных рэсурсаў і прыгнёту.
- Сёньня 1 мільярд людзей у сьвеце ўсё яшчэ адчувае нястачу ежы. І гаворка ідзе не пра нейкія далёкія краіны кшталту Самалі або Лібэрыі. Паводле статыстыкі Белстату, сёньня ў Беларусі каля 100 тысяч чалавек усё яшчэ адчуваюць недахоп у ежы.
- На вытворчасьць адной кілякалёрыі мяса мы затрачваем 300 ккал збожжа.
- За апошнія 50 гадоў чалавецтва зьнішчыла 60% жывёл-сысуноў, 20% трапічных лясоў, 10% зямель. За апошнія 50 гадоў мы павялічылі спажываньне мяса ў 6 разоў.
- У Беларусі сёньня вырабляюць 127 кіляграмаў мяса на аднаго чалавека за год. Для параўнаньня: у Банглядэш гэта 4 кіляграмы мяса. Для вытворчасьці аднаго кіляграма мяса патрабуецца 15,5 тысячы літраў прэснай вады.
- Я думаю, што выбар — гэта ня толькі пра тое, што адбываецца тут і цяпер. Выбар — гэта заўсёды пра тое, кім мы хочам стаць і ў якім сьвеце хочам жыць у будучыні.
«Падпісаць пэтыцыю — гэта маленькі актывізм»
Аляксандра Савініч, журналістка Citydog.by, адна з удзельніц каардынацыйнай групы «Маршыруй, дзетка»:
- Я выбрала журналістыку, каб дапамагаць людзям.
- Для мяне журналістыка — прывілея. Гэта магчымасьць даць голас таму чалавеку або ўразьлівай групе, у якой гэты голас забралі.
- Журналістыка — гэта адказнасьць. Як журналістка, я выбіраю, хто і як будзе гаварыць.
- Для мяне журналістыка непасрэдна зьвязаная з актывізмам. Распавядаючы пра дыскрымінацыю і парушэньне правоў чалавека, журналіст імкнецца зьмяніць рэальнасьць да лепшага.
- Я не магу сказаць: «Я не чалавек, а дыктафон».
- Зь некаторымі героямі я не магла так проста разьвітацца, і мне важна штосьці яшчэ для іх зрабіць. Так непрыкметна актывізм прабраўся ў маё жыцьцё.
- Асноўная мэта нашай каардынацыйнай групы «Маршыруй, дзетка» — прыняцьце закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Мы хочам зрабіць так, каб гвалту ў сем'ях стала менш.
«У нас няма начальнікаў»
Марына Кастылянчанка, удзельніца друкарскага каапэратыву «Листовка»:
- Мы хацелі разбурыць герархічную структуру, пры гэтым прыносіць карысьць грамадзтву і забясьпечваць сябе.
- Гарызантальнае кіраваньне азначае, што лідэрамі зьяўляюцца ўсе. Калі трэба нешта вырашыць, то ўсе зацікаўленыя ў прыняцьці рашэньня.
- Калі мы кажам, што ўсе робяць усё, гэта ня значыць, што ў нас поўны хаос.
- Мы імкнёмся ні ад кога не залежаць. Каапэратыў падпарадкоўваецца толькі ўдзельнікам і ўдзельніцам.
- Кожны адказвае за ўсё і адразу. Мы прыдумалі сыстэму ратацыі, каб кожны разумеў, як выстройваецца працэс ад самага пачатку і да канца.
- Мы стараемся не замацоўваць пэўную спэцыялізацыю за канкрэтным чалавекам, імкнёмся, каб усе ўмелі рабіць усё. Мы ня хочам, каб зьявілася ўлада чалавека, які ўсё ведае ў калектыве.
- Мы прытрымліваемся прынцыпаў гарызантальнасьці, экалягічнасьці, узаемападтрымкі і салідарнасьці.
«Прычына ўсіх экалягічных праблем — пераспажываньне»
Марыя Сума, каардынатарка праектаў «Цэнтру экалягічных рашэньняў»:
- Свой актывізм я пачынала зь цікавасьці да філязофскіх пытаньняў.
- Экалёгія і тэма адкідаў — гэта, па вялікім рахунку, паказьнік твайго жыцьця. Чым больш ад цябе застаецца ў сьметніцы, тым больш ты разумееш: у тваім жыцьці шмат непатрэбнага.
- У Менску зьбіраюцца будаваць сьмецьцеперапрацоўчы завод, а гэта кепска для экалёгіі.
- Толькі 25% беларусаў лічаць, што клапоцяцца пра навакольнае асяродзьдзе. Клопатам аб навакольным асяродзьдзі людзі лічаць тое, што яны ня сьмецяць, ня паляць, вырошчваюць кветкі. Рэальных актывісцкіх дзеяньняў амаль няма.
- Для мяне рашэньне праблемы адкідаў — зрабіць так, каб сьмецьця проста не было. Але перапрацаваць усё немагчыма. Таму мы мусім прыкласьці максымум намаганьняў, каб адмовіцца ад таго, што нам не патрэбна.
Арганізатары мерапрыемства — нізавая адукацыйная ініцыятыва «Тэндэр на гендэр», якаяпачала працаваць паўтара гады таму.
Каардынатарка ініцыятывы Тоні Лашдэн кажа, што летась яны прывозілі ў Менск фэм-актывістку з Расеі Ніксель Піксель і рабілі фэстываль пра практыкі анлайн-актывізму. У гэтым годзе каманда засяродзілася на тым, што адбываецца цяпер у Беларусі.
«Наша мэта — распавядаць пра фэмінізм і гендэрныя дасьледаваньні простай і даступнай мовай, каб людзі маглі далучыцца да гэтай павесткі і знайсьці сваё месца ў ёй», — кажа Тоні.
Ініцыятыва робіць мерапрыемствы праз запыты. Калі людзі прыходзяць да іх, у іх пытаюцца, на якую тэму яшчэ ім было б цікава прыйсьці і што ім важна было б абмеркаваць пра фэмінізм. Па выніку абмеркаваньня выбіраюць важную ўсім тэму і арганізуюць сустрэчы.