Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква і дагэтуль мае больш шчыльныя сувязі з Вашынгтонам, чым Менск, — Грыгоры Ёфэ


Грыгоры Ёфэ
Грыгоры Ёфэ

Калі амэрыканскі пасол вернецца ў Менск? Ці гатовыя ЗША скасаваць санкцыі ў дачыненьні Беларусі? Што можа зрабіць Захад, каб абараніць незалежнасьць Беларусі?

На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае прафэсар Рэдфардзкага ўнівэрсытэту (ЗША) Грыгоры Ёфэ, аўтар кнігі «Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксьце».

— Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей пацьвердзіў, што Беларусь вядзе перамовы з ЗША аб аднаўленьні ўзаемнай дыпляматычнай прысутнасьці ў поўным аб'ёме.

Ці можна сказаць, што гэты крок афіцыйнага Менску — своеасаблівы адказ на расейскі інтэграцыйны «наступ», на прапанову рэалізаваць пункты дамовы пра саюзную дзяржаву? Або ідэя аднавіць прынамсі ўзаемную дыпляматычную прысутнасьць была «на стале» ў Менску і Вашынгтоне ўжо даўно і цяпер проста ўзьнікла добрая нагода?

— Я думаю, што апошняе. Я далёкі ад калідораў улады, але нават я ведаю, што пасьля крымскіх падзеяў, ад сакавіка 2014 году, гэты працэс ідзе па нарастальнай. Колькасьць візытаў, іх узровень пра гэта сьведчыць. Для Беларусі гэта ўзровень намесьніка міністра замежных справаў, для ЗША — памочніка дзяржсакратара ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі.

Нядаўна я чытаў інтэрвію зь цяперашняй часовай паверанай ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур, што пасьля яе тэрміну знаходжаньня ў Менску, а гэта тры гады, адносіны адновяцца ў поўным абʼёме.

Гэта дастаткова доўгі працэс. Ці выпадкова прагучала цяпер заява Макея? Цалкам магчыма, што гэта пэўная дэманстрацыя Маскве. Але я пэўна ведаю, што працэс гэты ідзе доўга.

— На ваш погляд, ці прыме Вашынгтон прапанову Макея (у 2008 годзе ініцыятарам скарачэньня пэрсаналу дыпмісіяў быў Менск)? Калі так, то як хутка можа быць адноўленая колькасьць пэрсаналу пасольстваў ЗША ў Менску і Беларусі ў Вашынгтоне, калі можна чакаць вяртаньня паслоў?

Сустрэча прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з памочнікам дзяржсакратара ЗША Ўэсам Мічэлам, Менск, 31 кастрычніка 2018
Сустрэча прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з памочнікам дзяржсакратара ЗША Ўэсам Мічэлам, Менск, 31 кастрычніка 2018

— Гэта залежыць ад таго, як гэтыя пытаньні будуць прасоўваць тыя людзі, якія маюць вагу. Гледзячы па ўсім, памочнік дзяржсакратара Ўэс Мічэл такую вагу мае, як мела яе яго папярэдніца Вікторыя Нуланд. Але пытаньне ў тым, у якой ступені Беларусь будзе важная і ў якой ступені ў яго будуць разьвязаныя рукі.

Я не выключаю, што поўнае аднаўленьне колькасьці пэрсаналу пасольства ці яе істотнае павелічэньне можа адбыцца даволі хутка, на працягу некалькіх месяцаў. Бо гэта не залежыць ад Кангрэсу, гэта могуць вырашыць на ўзроўні выканаўчай улады.

— Патрабаваньне скараціць пэрсанал пасольства ЗША ў Менску ў 2008 годзе было рэакцыяй на пакет эканамічных санкцыяў, якія ў лістападзе ўвёў адносна Беларусі тагачасны прэзыдэнт Джордж Буш. Потым гэтыя санкцыі скарачалі, замарожвалі іх дзеяньне, але яны дагэтуль існуюць. Ці гатовыя ЗША цалкам адмяніць эканамічныя і візавыя санкцыі, якія дзейнічаюць у дачыненьні да Беларусі? Ці будзе гэта зроблена, калі штаты амбасады ЗША ў Менску будуць адноўленыя ў поўным абʼёме? Ці гэта незалежныя адно ад аднаго пытаньні?

— Хоць гэтыя пытаньні мусілі б быць лягічна зьвязаныя і вырашаныя «ў адным фляконе», мяркую, што пытаньне наконт санкцыяў ня можа быць вырашанае без Кангрэсу. Санкцыі лёгка накласьці, але потым складана скасаваць.

Цяпер Палата прадстаўнікоў у руках дэмакратаў, якія ў пытаньнях куды больш важных, чым адносіны ЗША і Беларусі, спрабуюць зацугляць выканаўчую ўладу. Яны ставяць палкі ў колы прэзыдэнту Трампу ў штодзённым рэжыме.

Так што хутчэй за ўсё будзе працягнутае замарожваньне санкцыяў, чым яны будуць скасаваныя.

— Многія заходнія экспэрты выказваюць перасьцярогі наконт цяперашняга інтэграцыйнага «наступу» Расеі, пішуць, што Захад мусіць на яго рэагаваць. А як? Даць грошай дыктатару Лукашэнку? Запрасіць яго ў Белы дом, як запрашалі дыктатараў Назарбаева і Мірзіёева? Падтрымаць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі? Заявіць Пуціну, што ЗША будуць бараніць незалежнасьць Беларусі?

— Захад уваччу страчвае кансалідаванасьць. Нават у ЗША ёсьць востры канфлікт паміж карцінамі сьвету, уяўленьнямі пра ролю ЗША ў сьвеце паміж адміністрацыяй Трампа, нэакансэрватарамі і лібэральнымі інтэрвэнцыяністамі. Апошнія дзьве групы абʼядналі свае сілы ў барацьбе супраць Трампа. Адказ на ваша пытаньне залежыць ад выніку гэтай барацьбы.

Але ў прынцыпе ЗША маглі б паўплываць на пазыцыю МВФ, каб гэтая арганізацыя дала Беларусі крэдыт бяз жорсткіх умоваў адносна структурных рэформаў. Іх патрабаваньне структурных рэформаў азначае неадкладную адмову субсыдыяў па камунальных плацяжах. Палітычна гэтае патрабаваньне ня можа быць прынятае Менскам.

Магчымыя нейкія іншыя інвэстыцыі, якія палепшылі б жыцьцё выканаўчай уладзе ў Беларусі. Расейскі падатковы манэўр шмат каштуе.

Прапановы Мядзьведзева пра далейшую інтэграцыю, якія былі агучаныя ў Берасьці 14 сьнежня 2018 году, выклікалі выбух публікацыяў у Расеі, але і на Захадзе таксама. Ніколі яшчэ Беларусі не прысьвячалася столькі артыкулаў: некалькі публікацыяў зьвяліся ў WP, у Economist, у Foreign Affairs. Такой шчыльнасьці ўвагі не было за апошнія 15-20 гадоў.

У якой ступені гэтая занепакоенасьць абгрунтаваная, мне цяжка сказаць. Я схіляюся да думкі, што страхі наконт паглынаньня Беларусі заўчасныя і гэты хайп крыху перабольшаны.

— А вось, скажам, запрашэньне Лукашэнкі ў Белы дом магчымае? Калі можна запрашаць лідэраў Узбэкістану Мірзіёева і Казахстану Назарбаева, чаму нельга Лукашэнку?

— Назарбаеў і Мірзіёеў не зьяўляюцца мэмамі, гэтыя імёны нікому не вядомыя і яны не зьяўляюцца раздражняльнікам для палітычна ангажаваных людзей.

Сустрэча ў Белым доме прэзыдэнтаў ЗША Дональда Трампа і Казахстану Нурсултана Назарбаева, 16 студзеня 2018
Сустрэча ў Белым доме прэзыдэнтаў ЗША Дональда Трампа і Казахстану Нурсултана Назарбаева, 16 студзеня 2018

— Ці правільна я зразумеў вашу думку: Лукашэнка — усё яшчэ «апошні дыктатар Эўропы», а Назарбаеў і Мірзіёеў — не апошнія і ня першыя дыктатары Азіі, а звычайныя, там пераважна ўсе прыкладна такія самыя?

— Так, менавіта. Гэта пакой з крывымі люстэркамі. Мае значэньне, як той або іншы рэжым адлюстроўваецца ў масавай сьвядомасьці. Мэм «апошні дыктатар Эўропы» быў з пункту гледжаньня маркетынгу дастаткова пасьпяховым. У 2005 годзе спічрайтэр тагачаснага дзяржсакратара Кандалізы Райс упершыню ўжыў гэты тэрмін. Здольнасьць гэтага мэму на дэмакратызацыю Беларусі была нулявой. Але з пункту гледжаньня маркетынгу да Лукашэнкі гэта прыляпілася.

Хоць амэрыканская грамадзкая думка ведае пра Лукашэнку не нашмат больш, чым пра Назарбаева ці Мірзіёева, шмат людзей ведаюць гэты мэм — апошні дыктатар Эўропы.

Ён нібыта ўжо выйшаў з абароту, але не — у адным з прыгаданых мной артыкулаў апошняга часу яго зноў ужылі.

Строўб Тэлбат, высокапастаўлены дыплямат у часы прэзыдэнцтва Клінтана, днямі напісаў у Politico артыкул, дзе сьцьвярджае, што Трамп добра ставіцца да дыктатараў. Гэта прымушае Трампа апраўдвацца. Ён вымушаны казаць, што яго палітыка да Пуціна больш жорсткая, чым у папярэднікаў. Тое самае датычыць і Лукашэнкі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вітае ў Белым доме прэзыдэнта Ўзбэкістана Шаўката Мірзіёева, травень 2018
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вітае ў Белым доме прэзыдэнта Ўзбэкістана Шаўката Мірзіёева, травень 2018

Нашто Трампу страляць сабе ў нагу запрашэньнем Лукашэнкі? Залп, які выдадуць CNN, New York Times, Washington Post — мы ведаем, што яны напішуць. Таму ня думаю, што такі візыт рэальны ў найбліжэйшым часе. У Мірзіёева і Назарбаева няма такога інфармацыйнага шлейфу, як у Лукашэнкі. А тое, што іх рэжымы нічым у лепшы бок не адрозьніваюцца ад рэжыму Лукашэнкі, на іх запрашэньне не ўплывала.

— Якой рэакцыі Масквы можна чакаць на аднаўленьне ў поўным абʼёме дыпляматычных адносін паміж Менскам і Вашынгтонам? Расея пазалетась запатрабавала скарачэньня пэрсаналу пасольства ЗША ў Маскве, хоць там і цяпер працуюць сотні людзей. А Беларусь зьбіраецца вярнуць колькасьць на ранейшы ўзровень: цяпер 7 чалавек — да 2008 году было 35 чалавек. Гэта будзе расцэнена Масквой як здрада, дапамога ворагу Расеі, і выкліча жаданьне пакараць Беларусь за «здраду»? Ці гэта заахвоціць Маскву стрымаць яе інтэграцыйныя апэтыты?

Пасольства ЗША у Маскве
Пасольства ЗША у Маскве

​— Я мяркую, што на афіцыйным узроўні — з боку міністра Сяргея Лаўрова, з боку прэсавага сакратара МЗС РФ Марыі Захаравай — водгук будзе вельмі стрыманы. Я мяркую, што Масква будзе крайне раздражнёная, але паспрабуюць ніяк на гэта не адказваюць з прычыны, якую вы самі прыгадалі. Узровень сувязяў нават сёньняшняй Масквы з Вашынгтонам нашмат пераўзыходзіць узровень гэтых сувязяў у Менску. Таму ў іх няма ніякіх падставаў для дэмаршаў. Хоць раздражненьне будзе. Але далей справа ня пойдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG