Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Учынак году»: галасаваньне за герояў 2018-га тут


2018 год быў багаты на яскравыя падзеі. Свабода прапануе сваім наведнікам паўдзельнічаць у выбары чалавека ці людзей, дзеяньні якіх, на вашу думку, сталі самым значным «Учынкам 2018 году».

Вы можаце прагаласаваць за аднаго з абраных намі кандыдатаў ці прапанаваць свайго (у камэнтары да артыкула).

Арганізацыя сьвята #БНР100

Сьвяткаваньне 100 год незалежнасьці БНР 25 сакавіка ў Менску стала самым масавым адзначэньнем Дня Волі ў ХХІ стагодзьдзі. Паводле розных ацэнак, на пляцоўцы каля Опэрнага тэатру на санкцыяваны ўладамі канцэрт-мітынг сабраліся ад 11 да 50 тысяч чалавек. Грошы на мерапрыемства — 58 860 рублёў — сабралі праз краўдфандынг з ініцыятывы непалітычных актывістаў — блогераў Антона Матолькі і Эдуарда Пальчыса ды прадпрымальніка Паўла Белавуса.

Абарона Курапатаў

З пачатку лета больш за 500 грамадзкіх і палітычных актывістаў паўдзельнічалі ў пікетаваньні новага рэстарана «Поедем поедим», што за 50 мэтраў ад урочышча Курапаты — месца, дзе ў 1930-я гады, падчас сталінскіх рэпрэсій, былі масавыя расстрэлы. Абаронцы патрабуюць закрыць забаўляльную ўстанову, якая, на іх думку, была пабудавана з парушэньнем заканадаўства ў межах ранейшай ахоўнай зоны комплексу. Паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана ня раз здараліся сутычкі. За гэта самым актыўным пратэстоўцам прысудзілі тысячы рублёў штрафаў і дзясяткі сутак арышту.

Галадоўка «Маці 328»

У красавіку-траўні актывісткі (і адзін актывіст) руху «Маці 328» правялі ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне 15-дзённую галадоўку, а ў Лідзе — 10-дзённую. Яны патрабавалі перагледзець жорсткія прысуды маладым людзям паводле «антынаркатычнага» 328 артыкула Крымінальнага кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі). На галадоўку адрэагаваў Аляксандар Лукашэнка, а Палата прадстаўнікоў ўхваліла (праўда, пакуль толькі ў першым чытаньні) невялікае зьмякчэньне антынаркатычнага заканадаўства.

Пачатак галадоўкі ў Пухавічах
Пачатак галадоўкі ў Пухавічах

Усталяваньне помніка Тадэвушу Касьцюшку

12 траўня ў Косаве на Берасьцейшчыне адкрылі першы ў Беларусі паўнавартасны помнік нацыянальнаму герою некалькіх краінаў Тадэвушу Касьцюшку. Ініцыятарам гэтай справы стаў журналіст і грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка. Ён арганізаваў збор сродкаў, выраб і ўсталяваньне манумэнта. На помнік Касьцюшку 690 чалавек ахвяравалі праз краўдфандынг 22 тысячы беларускіх рублёў.

Беларусы скінуліся на дапамогу сям’і з Лоева, у якой забралі 3-месячнага першынца

Дзяржава забрала ў прытулак 3-месячнага сына Алесі Фаміных і Андрэя Коўзіка з Лоева, палічыўшы бацькоў занадта беднымі. Пасьля публікацый Радыё Свабода і іншых СМІ беларусы — прыватныя асобы і некамэрцыйныя арганізацыі — аказалі сям’і разнастайную дапамогу. Дзякуючы гэтаму бацькі змаглі палепшыць жыцьцёвыя ўмовы і вярнуць дзіця дамоў.

Менскі школьнік уратаваў пэнсіянэрку, якая правалілася пад лёд

26 сакавіка 16-гадовы школьнік зь Менску Раман Рабаў выратаваў пэнсіянэрку, якая правалілася пад лёд на канале, што вядзе да Цнянскага вадасховішча.

Ганна Канапацкая адзіная з дэпутатаў прагаласавала супраць кандыдатуры Сяргея Румаса на пасаду прэм’ер-міністра

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая была адзінай сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, хто 5 кастрычніка галасаваў супраць кандыдатуры Сяргея Румаса на пасаду прэм’ер-міністра. Яна нярэдка аказваецца ў Палаце адзінай, хто не баіцца выступаць супраць татальнага «адабрамсу» іншых народных абраньнікаў.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Былыя гімнасткі праз 60 год расказалі пра дамаганьні славутага трэнэра Рэнальда Кныша

«Дамаганьні былі да ўсіх, абавязкова. Я пачала трэнавацца з 12 гадоў, позна прыйшла ў гімнастыку. А з 15 гадоў ён стаў дамагацца, — расказала Радыё Свабода былая гімнастка Людміла Рабкова пра трэніроўкі ў заслужанага трэнэра БССР і СССР Рэнальда Кныша. — Я ўся трэслася, калі ён мяне апошняй вёз. Прыйдзеш дахаты, мама пытаецца: „Што з табой, ці не траўмавалася?“. А я адказваю: „Не, проста стамілася“. Калі б бацькі даведаліся, то тата мой, афіцэр, яго дакладна прыстрэліў бы».

Менскія школьнікі абнародавалі ролік, як іх прымушаюць уступаць у БРСМ

30 кастрычніка Свабода апублікавала запіс, на якім вучняў адной з клясаў 31-й гімназіі Менску пераконваюць уступаць у БРСМ, каб ня мець праблемаў пры паступленьні ў ВНУ. Ролік прагледзелі больш за мільён разоў на розных плятформах. І Мінадукацыі, і адміністрацыя школы адмовіліся расьсьледаваць інцыдэнт, паставіўшы пад сумнеў праўдзівасьць запісу. Намесьніца дырэктара гімназіі № 31, чый голас пазналі на запісе, надалей працуе ў школе.

Адзіночны пратэст Вікі Біран супраць гамафобнай заявы Міністэрства ўнутраных спраў

24 траўня актывістка Віка Біран ў рамках флэшмобу супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасьці выйшла з плякатам «Самі вы падробка» да будынкаў Дома ўраду, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Такім чынам яна выказала пратэст супраць публікацыі на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў, дзе аднаполыя адносіны назвалі падробкай. ЛГБТ-актывістку двойчы аштрафавалі за правядзеньне «масавага мерапрыемства — адзіночнага пікету».

Віка Біран каля будынку Дому ўраду
Віка Біран каля будынку Дому ўраду

Школьніца паправіла вядоўцу расейскага ток-шоў Максіма Галкіна, які сказаў «Белоруссия»

11-гадовая Насьця Ванеева са Смаргоняў ў эфіры тэлешоў «Лучше всех» расейскага Першага каналу паправіла вядучага Максіма Галкіна. Вядучы прадставіў Насьцю як музыку зь «Белоруссии», але тая запярэчыла: «Правільна казаць „зь Беларусі“». Яе маці расказала, што Насьця ўжо ня першы раз папраўляе вядоўцаў, такое ўжо здаралася ва Ўкраіне.

Насьця Ванева
Насьця Ванева

Вольга Мазуронак стала чэмпіёнкай Эўропы ў маратоне, нягледзячы на моцны крывацёк з носа

29-гадовая беларуска Вольга Мазуронак выйграла ў жніўні маратонскую дыстанцыю на чэмпіянаце Эўропы па лёгкай атлетыцы ў Бэрліне. Гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі беларускага спорту. Амаль чвэрць 42-кілямэтровай дыстанцыі беларуска змагалася з моцным крывацёкам з носа.

Пераможны фініш Вольгі Мазуронак
Пераможны фініш Вольгі Мазуронак

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG