Паводле міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, у перамовах Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам наконт дамоваў аб рэадмісіі і палягчэньні візавых фармальнасьцяў «пастаянна ўзьнікаюць новыя моманты», піша БелТА.
«Я ўжо казаў калісьці, што пастаянна ўзьнікаюць нейкія новыя моманты, зьвязаныя з ініцыятывамі нашых эўрапейскіх партнэраў. Нават ня ўсіх, а асобных краін з чальцоў Эўрапейскага Зьвязу. Яны пастаянна прапануюць нейкія рэчы, накіраваныя на пэўныя зьмены, і нават больш жорсткія за першапачатковыя варыянты гэтых пагадненьняў, што для нас непрымальна. Таму мы працягваем дыскусію на гэтую тэму. Думаю, што прымальны варыянт будзе знойдзены», — сказаў Макей.
Дакумэнты аб рэадмісіі Менск і Брусэль меліся падпісаць яшчэ ў 2015 годзе на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Рызе, аднак гэтага не адбылося. Паводле словаў Макея, — не зь віны Беларусі.
Раней падчас «консульскага дня» на Facebook МЗС пісала, што гэта эўрапейскія партнэры вылучаюць шэраг умоваў, якія ставяць беларускіх грамадзянаў у ня вельмі камфортнае становішча. Напрыклад, патрабаваньне падаваць дакумэнты выключна празь візавыя цэнтры.