Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў, зь якім мы абмяркоўваем будучыя прэзыдэнцкія выбары. Ён канстатуе, як зьменшылася падтрымка Захадам беларускай апазыцыі, заяўляе, што ня бачыць, каб Расея нечага хацела ў Беларусі, а Лукашэнка не даваў, і лічыць, што на выбарах Беларусь чакае малазьмястоўнае, па-свойму канфармісцкае палітычнае відовішча з загадзя вядомым вынікам.
Няма ніякіх знакаў ці сыгналаў, што паводзіны «балота» могуць радыкальна зьмяніцца
— Кажуць, што выбарчая кампанія палітыка пачынаецца на наступны дзень пасьля мінулых выбараў. Як вы ацэніце апошнія крокі кіраўніка Беларусі — падвышэньне пэнсіяў, сёньняшнія заявы наконт цэнаў на нерухомасьць, «змаганьне» з карупцыянэрамі і гэтак далей? Ці можна сказаць, што Аляксандар Лукашэнка робіць гэтыя крокі з улікам наступнай выбарчай кампаніі, якая ўжо ня так і далёка?
— Безумоўна, можна. Для назіральнікаў, якія адсочваюць палітычныя працэсы ў Беларусі падчас усяго кіраваньня Лукашэнкі, у гэтым няма нічога новага. Гэта такі рух па сьпіралі. Беларуская афіцыйная палітыка складаецца з цыкляў — шчодрыя перадвыбарчыя абяцаньні, пасьля ўласна выбары, трыюмфальная перамога, за якой, як правіла, ідзе зацягваньне паясоў, уключэньне рэжыму жорсткай эканоміі і рэзкае адсяканьне сацыяльных гарантыяў, сацыяльных дабротаў.
Пасьля праходзіць пэўны час, і калі эканоміка дазваляе (калі не дазваляе — то дзякуючы зьнешнім запазычаньням) адбываецца бурная папулісцкая раздача сацыяльных абяцаньняў, якія, як мне падаецца, добра ўспрымаюцца беларускім насельніцтвам.
— Насельніцтва гэтае дзеліцца на тры групы — цьвёрдыя прыхільнікі Лукашэнкі, цьвёрдыя ягоныя праціўнікі і так званае «балота», якое хістаецца ў залежнасьці ад сытуацыі. Хіба гэтае «балота» адназначна падпадзе пад чарадзейства новых папулісцкіх крокаў Лукашэнкі? Ці, можа, спрацуе досьвед мінулага, хаця б той факт, што ад 2010 году заробак не павялічыўся?
— Няма ніякіх знакаў ці сыгналаў, што паводзіны «балота» могуць радыкальна зьмяніцца. Увогуле, «балота» — гэта досыць непрыгожы журналісцкі публіцыстычны штамп, але ў ім ёсьць зерне ісьціны. Гэта акрэсьленьне беларускага насельніцтва, якое ня мае палітычнай волі самастойна дзейнічаць у імя зьмены палітычнага і эканамічнага парадку.
Думаю, надзвычай наіўна меркаваць, што гэтае балота, раптам усьвядоміўшы ілюзорнасьць папулісцкіх абяцаньняў Аляксандра Лукашэнкі, на выбарах кансалідавана прагаласуе супраць яго, а Лідзія Ярмошына ўзаконіць гэты выбар.
Ня будзе ніякай канфрантацыі паміж Захадам і беларускім рэжымам
— Як выглядае замежнапалітычны фон для будучай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі? Традыцыйна (можа, акрамя апошніх выбараў, 2015 году) Захад актыўна не прымаў Аляксандра Лукашэнку. Масква паводзіла сябе па-рознаму, але заўсёды ўстаўляла шпількі. Але гэтым разам, як падаецца — ці не найбольш спрыяльная сытуацыя для цяперашняга кіраўніка?
— Тут я з вамі цалкам згодны. Беларускі апазыцыйны сэктар перажывае беспрэцэдэнтную ломку, якой мы не назіралі мінулыя 20 гадоў. Я маю на ўвазе рэзкае скарачэньне фінансаваньня — падзеі, якія ў такім маштабе і ў такім вымярэньні раней не назіраліся. Напрыклад, кардынальная ломка мэдыйных праектаў, якія раней карысталіся рэнамэ пасьпяховых і эфэктыўных.
Я проста пералічу тры факты, якія, на мой погляд, вельмі характэрныя. Гэта заява рэдактаркі «Хартыі» пра тое, што калі нічога ня зьменіцца, яны ня здолеюць працягваць сваю дзейнасьць пачынаючы ад 2019 году — які і ёсьць апагеем перадвыбарчай гонкі.
Другі факт — гэта доўг сядзібы БНФ перад камунальнымі службамі Менску, які перасягнуў 10 тысяч даляраў. Што таксама паказвае тое дно, на якім апынулася гэтая найстарэйшая апазыцыйная партыя.
Трэцяе — гэта ратацыя кіраўніка АГП, калі абраны на зьезьдзе лідэр Васіль Палякоў з Гомля склаў свае паўнамоцтвы, у тым ліку з прычыны такога празаічнага факту, што яму ня плаціцца заробак і ён ня ведае, за кошт чаго існаваць у дарагім Менску.
Гэта сыстэмныя зьявы, і гэта паказвае, што ня будзе ніякай канфрантацыі паміж Захадам і беларускім рэжымам. Захад радыкальна мяняе стратэгію і будзе падтрымліваць толькі тыя мэханізмы, якія, на думку заходніх стратэгаў, валодаюць найбольшай эфэктыўнасьцю.
Што да Расеі, то пазыцыя Масквы ніколі не была скіраваная на адхіленьне Аляксандра Лукашэнкі ад улады. Таму можна прагназаваць, што будуць дробныя шпількі, будуць уколы, магчыма, асобныя праявы варожасьці, але ў цэлым няма ніякіх палітычных знакаў, што пазыцыя Расеі рэзка памяняецца. Увогуле, Расея цяпер знаходзіцца ў трошкі шызафрэнічным стане неабвешчанай халоднай вайны з Захадам. Становішча Пуціна ў самой Расеі пагаршаецца, пра што сьведчаць сацыёлягі. Мне падаецца, што Пуціну і Крамлю цяпер не да Лукашэнкі. Дай бог ім (хутчэй, ня дай бог ім) спачатку ператравіць Крым, і толькі пасьля, з пункту гледжаньня крамлёўскіх жыхароў, можа будзе думаць пра нейкія наступныя экспансіянісцкія крокі.
Я ня бачу сытуацыі, калі Расея нечага тут хоча, а Лукашэнка не дае
— Крэмль, сапраўды, ня ставіў усур’ёз задачу зрынаньня Лукашэнкі, але заўсёды на выбарах рознымі сродкамі тузаў яго, каб, магчыма, дабіцца нейкіх тактычных ці стратэгічных саступак. Ці будзе ўжытая такая тактыка гэтым разам?
— Я, па шчырасьці, ня бачу нейкіх стратэгічных мэтаў, якіх Крэмль хоча дасягнуць у Беларусі, дзеля чаго яму патрабуецца праяўляць варожасьць адносна Лукашэнкі. Напрыклад, мы назіралі доўгую і мэлядраматычную гісторыю з «аджымам» газаправоду, які, з гледзішча Газпраму, меў стратэгічны інтарэс. Справа даўно скончаная, і цяпер такога ўзроўню стратэгічных набыткаў я папросту ня бачу. Я ня бачу сытуацыі, калі Расея нечага тут хоча, а Лукашэнка не дае.
Магчыма, гэта магло б матэрыялізавацца ў выглядзе расейскіх вайсковых базаў, але новапрызначаны пасол Расеі Бабіч (ня ведаю, наколькі шчыра ці крывадушна) нядаўна заявіў, што пытаньне базы на парадку дня не стаіць. Што відавочна было дыпляматычным і палітычным рэвэрансам у бок Лукашэнкі.
Ёсьць вельмі казытлівая сфэра культуры і адукацыі, але Лукашэнка не зрабіў нічога за апошнія 5 гадоў, каб Расея хвалявалася. Беларусь па-ранейшаму застаецца самай русыфікаванай краінай на постсавецкай прасторы, адзінай, дзе пазыцыя нацыянальнай мовы, мовы тытульнага насельніцтва пагаршаецца, а пазыцыя расейскай мовы паляпшаецца. Уласна кажучы, за гэта Расея шчодра плаціць рэжыму Лукашэнкі нафтагазавымі датацыямі.
Ніякіх шанцаў на мірную, не крывавую, не пратэставую эвалюцыю няма
— У якім стане апазыцыя падыходзіць да выбараў? Як гэтым станам будзе вызначаны, дэтэрмінаваны фармат яе ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі? Ці будзе гэта барацьба ўсур’ёз, ці больш падобна да 2015 году?
— Ня так даўно зьявіўся артыкул беларускага палітоляга Аляксея Пікуліка ў швэдзкім акадэмічным часопісе, дзе ён прывёў зьвесткі (я ня ведаю, адкуль ён іх браў і ці яны праўдзівыя), паводле якіх памер заходняй дапамогі для беларускай апазыцыі ў 2015 годзе ў параўнаньні з 2010 годам скараціўся ў 50 разоў. Праявы і адзнакі такога стану кожны мог назіраць — і ў пляне збору подпісаў, і канкурэнцыі дэмакратычных кандыдатаў, і гэтак далей.
Сытуацыя разгортваецца такім чынам, што ў 2019 годзе нічога лепшага за сцэнар 2015 году беларускім дэмакратычным сілам чакаць не выпадае. Захад радыкальна мяняе правілы гульні. Калі раней падтрымліваліся любыя ініцыятывы, якія мелі грамадзянскае значэньне, уплыў ці эфэкт, то цяпер працуюць зусім іншыя крытэры адбору — падтрымліваецца інавацыйнае, арыгінальнае, тое, чаго раней не было. Шкала ацэнак і, адпаведна, крытэры падтрымкі радыкальна мяняюцца на нашых вачах.
Таму я думаю, што на выбарах мы пабачым хутчэй тэхналягічнае шоў, чым відовішча з рэальным палітычным зьместам і непрадказальным вынікам.
Калі браць сэгмэнт больш шырокі — усё беларускае грамадзтва — то ў сытуацыі кантролю ўлады над грамадзтвам, над палітычнай сыстэмай, над падлікам галасоў ніякіх шанцаў на мірную, не крывавую, не пратэставую эвалюцыю няма. Думаю, беларусы гэта цудоўна ўсьведамляюць, і нас чакае досыць малазьмястоўнае, па-свойму канфармісцкае палітычнае відовішча з загадзя вядомым вынікам.