Шмат прыкметаў таго, што краіну чакаюць сумныя прэзыдэнцкія выбары.
25 верасьня Правацэнтрысцкая кааліцыя, якая ўключае ў сябе Абʼяднаную грамадзянскую партыю, аргкамітэт партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і рух «За свабоду», абвясьціла аб падрыхтоўцы да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў і намеры вылучыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад імя сваёй структуры.
За дзень да таго аб намеры ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі абʼявіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Наўрад ці яна будзе вылучацца ад Правацэнтрысцкай кааліцыі, бо моцна сапсавала адносіны са сваёй партыяй — АГП.
Трохі раней аб цьвёрдым намеры вылучаць уласнага кандыдата заявіла кампанія «Гавары праўду». Мяркуючы па ўсім, гэтым кандыдатам будзе Андрэй Дзьмітрыеў.
Партыя БНФ зьбіраецца ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах асобна. Хутчэй за ўсё, кандыдатам будзе вылучаны намесьнік старшыні партыі Аляксей Янукевіч.
А ёсьць жа яшчэ левыя сілы: партыя «Справядлівы сьвет», сацыял-дэмакраты. Можна меркаваць, што ад іх таксама будзе вылучаны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта.
Ну і дзяжурны кандыдат Гайдукевіч. Гэтым разам — малодшы: Алег Гайдукевіч.
Усё гэта нагадвае 2010 год, калі на фінішы кампаніі аказалася 10 кандыдатаў.
Ніхто ня ставіць пытаньне пра Перамогу. Усе плянуюць толькі «сагрэцца»
Галоўная адметнасьць настрояў у апазыцыйным асяродзьдзі палягае ў тым, што ніхто ня ставіць пытаньне пра Перамогу. Усе плянуюць толькі «сагрэцца». Ніхто асабліва не хавае, што ў ходзе гэтай кампаніі апазыцыя будзе вырашаць свае унутраныя, партыйныя, карпарацыйныя ці, можа, нават асабістыя піяраўскія задачы. Вось у нядаўняй перадачы на Радыё Свабода Аляксей Янукевіч, разважаючы на тэму адзінага кандыдата ад апазыцыі, заявіў: «Лепей мы самі не зьбяром подпісы, чым зьбіраць подпісы ў такім вінэгрэце».
Дарэчы, паводле маіх ацэнак, калі апазыцыя пойдзе ў такім расьцярушаным выглядзе, то неабходныя 100 тысяч подпісаў не зьбярэ ніхто. Як гэта адбылося падчас выбараў 2015 году. Бо кампанія будзе адбывацца фактычна бяз грошай. І такая сытуацыя вельмі зручная ўладзе, бо яна атрымае магчымасьць сама выбіраць сабе найзручнейшага кандыдата апазыцыі.
Варта адзначыць палітычны кантэкст, у межах якога пройдзе прэзыдэнцкая кампанія. Найперш гэта значная, заўважная страта даверу грамадзтва да існага палітычнага рэжыму і яго кіраўніка. Эфэкт ад украінскага крызісу, які моцна прыглушыў незадаволенасьць насельніцтва, мінуў. Беларусь перажыла два гады крызысу (2015–2016), падзеньне ўсіх сацыяльна-эканамічных паказьнікаў. Існуе моцны пэсымізм што да здольнасьці Лукашэнкі нешта тут палепшыць. Плюс моцны нэгатыўны эфэкт ад дэкрэту аб дармаедах. Грамадзтва ўжо стамілася ад безнадзейнасьці, названай «стабільнасьцю», і псыхалягічна сасьпела да пераменаў, сасьпела да таго, каб прагаласаваць на выбарах за новага чалавека на пасадзе прэзыдэнта.
То бок мы назіраем такі гістарычны парадокс, дысананс. У момант, калі грамадзтва найбольш гатовае да пераменаў за ўвесь час кіраваньня Лукашэнкі, яго палітычныя апанэнты аказаліся найменш гатовыя ўзначаліць гэты працэс і фактычна адмовіліся ад барацьбы за перамогу. Ступень маргіналізацыі апазыцыі добра відаць на прыкладзе АГП. У адной з самых салідных апазыцыйных партыяў старшыня, дэмакратычна выбраны на зьезьдзе, празь некалькі месяцаў ганебна ўцёк. Такога ў апазыцыі яшчэ не было.
І яшчэ адзін істотны штрых. Моцна памянялася пазыцыя Захаду. Ва ўмовах геапалітычнага крызісу ў рэгіёне ЭЗ фактычна узяў курс на захаваньне «стабільнасьці» ў Беларусі. Падтрымка апазыцыі мінімізавалася. Для Эўропы цяпер галоўнае, каб прэзыдэнцкая кампанія прайшла мірна, каб апазыцыю моцна ня білі, каб у яе выніку не зьявіліся новыя палітвязьні.
Ня думаю, што Расея будзе моцна ўмешвацца ў беларускія выбары. Як бачым, Крэмль дрэнна кантралюе нават губэрнатарскія выбары ў сваёй краіне (скандальны казус з выбарамі ў Прыморʼі).
То бок беларусаў чакаюць, мусіць, самыя сумныя выбары. Ну калі толькі раптам нечакана не прыляціць нейкі «чорны лебедзь».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.