За ўзброены напад на аддзяленьне банка грамадзяніна Расеі Паўла Цімафеева Ленінскі раённы суд Магілёва пакараў 15 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Апрача таго ён мае выплаціць сямі пацярпелым агулам 35 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.
Цімафееў прызнаны вінаватым у разбоі дзеля авалоданьня маёмасьцю ў асабліва буйным памеры (ч. 3 артыкулу 207 Крымінальнага кодэксу), а таксама захопе з карысьлівых прычынаў двух і болей закладнікаў з пагрозай забойства, нанясеньня цялесных пашкоджаньняў, альбо іх ўтрыманьні, каб вымусіць дзяржаўныя органы на якія-кольвек дзеяньні як умову вызваленьня закладнікаў (пп. 6,7 ч. 2 артыкулу 291 Крымінальнага кодэксу).
Дзяржаўны абвінаваўца прасіў пакараць падсуднага 15 гадамі зьняволеньня. Паводле пракурора, віна Цімафеева была цалкам даказаная ў ходзе судовага сьледзтва.
Цімафееў пасьля агучваньня выраку заявіў, што будзе яго абскарджваць у абласным судзе.
Хто такі Цімафееў
Паводле Магілёўскай абласной міліцыі, Цімафееў — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі. Яму 29 гадоў. Раней ён праходзіў службу ва ўнутраных войсках МУС Расеі на Далёкім Усходзе. Там жа два гады служыў у ваенізаваным горнавыратавальным атрадзе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.
У чэрвені 2017 году прыехаў у Магілёў да маці. Атрымаў від на жыхарства ў Беларусі. Жыў непадалёк ад аддзяленьня банка, які хацеў абрабаваць. Незадоўга да ўварваньня ў банк звольніўся з працы.
У чым прызнаны вінаватым
20 лістапада 2017 году ўзброены пісталетам Цімафееў у масцы, раскідваючы пэтарды, уварваўся ў аддзяленьне банку на вуліцы Каліноўскага ў Магілёве. Загадаў, каб ягоны заплечнік наладавалі грашыма. Супрацоўніца пасьпела націснуць «трывожную кнопку», і банк неўзабаве атачыла міліцыя.
На той момант у ім былі зь дзясятак чалавек, якія зрабіліся закладнікамі. Загадчыца аддзяленьня банку агучвала міліцыі патрабаваньні нападніка і прасіла адпусьціць людзей.
Пасьля таго, як Цімафееву на яго патрабаваньне далі аўтамабіль, ён адпусьціў тых, хто быў у банку. Закладнікам вызваўся быць першы намесьнік начальніка абласной міліцыі Аляксандар Васільеў, які сеў у той аўтамабіль і павёў яго. Ад’ехаўшы колькі соцень мэтраў, міліцыянт выскачыў з машыны, а Цімафееў пералез з задняга сядзеньня за стырно. Калі аўта заблякавалі, Цімафееў кінуўся наўцёкі.
Відэа затрыманьня:
Паводле міліцыянтаў, Цімафееў некалькі разоў стрэліў у машыну Дэпартамэнту аховы. У адказ страляць пачалі па ім і паранілі ў нагу. Так Цімафеева затрымалі. Экспэртыза паказала, што пісталет у яго быў не баявы, а сыгнальны. Акрамя пісталета, ён меў нож.
Калі нападніка на аддзяленьне банку затрымалі, у ягоным заплечніку было больш за 7 тысяч рублёў і 150 даляраў.
Пазыцыя асуджанага
Сваю віну Цімафееў прызнаў часткова. У апошнім слове ён заклікаў суд перакваліфікаваць учыненае ім. Ён настойваў: уварваўшыся ў аддзяленьне банку, ня меў на мэце нанесьці некаму шкоды. Даводзіў, што псыхалягічна ўзьдзейнічаў на закладнікаў, каб засьцерагчы іх ад непрадуманых і рызыкоўных учынкаў.
Цімафееў не адмаўляў, што напаў на банкаўскае аддзяленьне, каб завалодаць грашыма, якія ён зьбіраўся патраціць не на свае патрэбы. Якія менавіта, не сказаў.
Цімафееў на судовых пасяджэньнях знаходзіцца ў клетцы. Перасоўваецца на мыліцах. Наракае на здароўе. Кажа, што яму патрэбна апэрацыя, бо няправільна зраслася костка — адна нага карацейшая за другую на 4 сантымэтры, балюча сядзець.
Хто былі закладнікі
У закладніках Цімафеева былі, паводле сьледзтва, 14 чалавек — у тым ліку 5 супрацоўнікаў банкаўскага аддзяленьня і іхныя кліенты. Усе прызнаныя пацярпелымі. Даючы паказваньні, яны казалі суду, што нават праз год пасьля перажытага ня могуць адысьці ад стрэсу.
Адна з пацярпелых, страхавы агент Галіна Якіменка, даводзіла суду, што нападнік прыстаўляў ёй да галавы пісталет, каб яна агучвала міліцыі ягоныя патрабаваньні.
Пацярпелыя патрабавалі спагнаць зь Цімафеева ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды па 5 тысяч рублёў.