Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі ў дачыненьні да трох фізычных асобаў і дзевяці арганізацый у сувязі з анэксіяй Крыма і ўмяшаньнем Масквы ў канфлікт у Данбасе. Пра гэта паведаміла Міністэрства фінансаў ЗША.
Сярод фігурантаў — двое грамадзян Украіны. Гэта былы высокапастаўлены супрацоўнік СБУ Аляксандр Басаў, які цяпер займае пасаду ў самаабвешчанай «ЛНР» і экс-супрацоўнік украінскіх спэцслужбаў Андрэй Сушко. У чорны сьпіс таксама занесены былы камандуючы ракетнымі войскамі і артылерыяй мінабароны Расеі Ўладзімір Зарыцкі.
У сьпісе кампаній, якія трапілі пад санкцыі — крымскі курорт «Мрия» (адна з кампаній «Сбербанка»), санаторыі «Ай-Петры», «Дюльбер», «Місхор», АТ «Крымтеплоэлектроцентраль», «Гарант-СВ», Кіруючая кампанія інфраструктурных праектаў, «Паўднёвы праект» (зьвязаны з бізнэсмэнам Юрыем Кавальчуком і банкам «Расия») і так званае міністэрства дзяржаўнай бясьпекі «ЛНР».
Спэцпрадстаўнік ЗША ва Ўкраіне Курт Волкер адзначыў у чацьвер, што абмежаваньні ўводзяцца за падтрымку спробаў Расеі інтэграваць Крым праз інвэстыцыі, а таксама за парушэньні правоў чалавека.
У сярэдзіне кастрычніка Волкер заявіў, што новыя санкцыі супраць Расеі ЗША будуць уводзіць «кожныя 1-2 месяцы». На яго думку, санкцыі застаюцца эфэктыўным інструмэнтам ціску, таму іх зьбіраюцца захаваць, а таксама пэрыядычна пашыраць санкцыйны пакет.
ЗША ўпершыню ўвялі санкцыі супраць Расеі ў адказ на анэксію Крыма ў 2014 годзе. З пачаткам узброенага канфлікту ў Данбасе да палітычных санкцый дадаліся і эканамічныя меры. Паралельна з ЗША санкцыі ўвёў і Эўразьвяз. Яны, аднак, зьяўляюцца прадметам спрэчак у ЭЗ.