У Беларусі зь лютага 2018 году зарэгістраваны 241 выпадак адру, 2 чалавекі дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі, паведаміла журналістам намесьніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
У 25% выпадкаў захварэлі дзеці. 74% тых, хто захварэў, былі не прышчэпленыя ці прышчэпленыя ня цалкам.
Захворваньні на адзёр рэгістраваліся ў той ці іншы пэрыяд часу ва ўсіх рэгіёнах краіны. У асноўным гэта былі завозныя выпадкі: адзёр прывозілі з эўрапейскіх краінаў, Расеі, Эгіпту.
Як паведаміла супрацоўніца Рэспубліканскага цэнтру гігіены Наста Ляшкевіч, на беларускай мяжы цяпер працуюць 36 пунктаў санітарна-эпідэміялягічнага кантролю.
Паводле Іны Карабан, сытуацыя з захваральнасьцю на адзёр у Беларусі знаходзіцца пад кантролем.
Сёлета ў Беларусі найбольшая колькасьць захворваньняў за апошнія гады
У асобныя гады адзёр у Беларусі не рэгістраваўся наагул — цягам 2008/2009. Выключэньнем сталі 2006 і 2016 гады, калі па выніках кожнага колькасьць хворых перавысіла 100 чалавек, найперш праз завоз «украінскага» вірусу. Летась у Беларусі зафіксавалі адзін выпадак захворваньня на адзёр. Выглядае, што сёлета будзе найбольшая лічба за апошнія гады.
Адзёр — адна з самых заразных вірусных інфэкцый. Перадача ідзе ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Сымптомамі зьяўляюцца высокая тэмпэратура, кашаль, боль у горле, сып і запаленьне сьлізістай абалонкі вачэй.
Найбольш небясьпечны адзёр для дзяцей — у іх самы высокі шанец памерці. Адзіны спосаб абароны ў гэтым выпадку — вакцынацыя.
У Беларусі прадугледжаныя прафіляктычныя прышчэпкі ад адру ў 1 год і ў 6 гадоў. Абарону забясьпечваюць менавіта дзьве прышчэпкі. Мэдыкі раяць, калі зьвестак аб прышчэпках няма або вядома толькі пра адну прышчэпку ад адру, ці вы не хварэлі на адзёр раней, варта зрабіць прышчэпку нават даросламу не пазьней як за месяц да паездкі ў іншую краіну, дзе цяпер неспрыяльная эпідэміялягічная сытуацыя.
Ўсплёск захворваньня на адзёр у Эўропе пачаўся некалькі гадоў таму, аднак піку дасягнуў у 2018 годзе.
У гэтым годзе ў Эўропе зафіксавана ўжо больш за 52 тысячы выпадкаў захворваньня на адзёр. Найбольш небясьпечная эпідэміялягічная сытуацыя ў суседняй Украіне: у 2018 годзе захворваньне на адзёр ва Ўкраіне павысілася ў 17 разоў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2017 году, захварэлі ўжо больш за 35 тысяч чалавек.
Сёньня ў СМІ зьявілася інфармацыя пра тое, што ў Польшчы ўрад абмяркоўвае магчымасьць забараніць уезд на тэрыторыю дзяржавы не прышчэпленым ад адру іншаземцам, а таксама пытаньне абавязковай вакцынацыі іншаземцаў, якія плянуюць знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы працяглы час. Такую інфармацыю агучыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Лукаш Шумоўскі.