Таксама Лукашэнка нагадаў ураду, што стратэгію разьвіцьця краіны вызначае прэзыдэнт. Такія заявы Лукашэнка зрабіў падчас прыёму першага намесьніка прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына.
Што сказаў Лукашэнка?
- Айцішнікі прапаноўвалі стварыць урад па лічбавізацыі краіны і міністэрства лічбавай эканомікі.
- З дапамогай ІТ-сфэры Беларусь можа «вельмі шмат мець», а лічбавая эканоміка забясьпечыць больш эфэктыўную працу рэальнага сэктару.
«На мой жаль, можа і на ваш, будучыня нашай краіны — ня толькі ў рэальным сэктары эканомікі. А можа, і на шчасьце, таму што для рэальнага сэктару эканомікі мы ўсю сыравіну набываем», — сказаў Лукашэнка.
- Для разьвіцьця ІТ-сфэры мусяць быць самыя выгодныя ўмовы.
- Падчас «абнаўленьня» ураду, Лукашэнка дамаўляўся, што ў бліжэйшы час урад разьбярэцца з функцыянальнымі абавязкамі апарату ўрада і структурай. Лукашэнка запатрабаў, каб урад прымаў рашэньні калегіяльна.
- Лукашэнка адзначыў, што атрымоўвае сыгналы, што ўрад бачыць сваю працу ў выпрацоўцы стратэгіі, а не ў «штодзённых справах». Лукашэнка адзначыў, што стратэгію вызначае прэзыдэнт, яна зацьвярджаецца падчас прэзыдэнцкіх выбараў і Усебеларускага сходу.
18 жніўня Лукашэнка зьмяніў кіраўніцтва ўраду, прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова зьмяніў Сяргей Румас. Паводле Канстытуцыі працэдура прызначэньня прэм’ер-міністра іншая: не пытаньне аб згодзе дэпутатаў пасьля прызначэньня, а прызначэньне са згоды дэпутатаў. Рашэньне аб прызначэньні мае прымацца цягам двух тыдняў з унясеньня кандыдатуры прэзыдэнтам.
Палата прадстаўнікоў, згодна з Канстытуцыяй, мае права не прыняць кандыдатуру перад прызначэньнем. Калі яна адхіляе двойчы, прэзыдэнт мае права прызначыць выканаўцу абавязкаў прэм’ера, распусьціць Палату прадстаўнікоў і прызначыць датэрміновыя выбары.
Палата прадстаўнікоў зацьвердзіла Румаса праз паўтара месяца пасьля прызначэньня Лукашэнкі. Супраць кандыдатуры Румаса прагаласавала толькі дэпутатка Ганна Канапацкая.