Беларусь — адна зь некалькіх краінаў Эўропы, якія не ўваходзяць ва ўплывовыя эканамічныя рэйтынгі. Свабода разабралася, як гэта адбіваецца на прытоку новых інвэстыцыяў у краіну.
У якіх менавіта рэйтынгах Беларусь ня ўдзельнічае?
Дадзеныя рыхтуюць незалежныя аналітычныя цэнтры краінаў-удзельніц, пазьней яшчэ правяраюць арганізатары рэйтынгаў.
Канкурэнтаздольнасьць. У глябальным рэйтынгу канкурэнтаздольнасьці (Global Competitiveness Report) няма зьвестак пра Беларусь. Рэйтынг складаецца Сусьветным эканамічным форумам і вызначае індэкс канкурэнтаздольнасьці 140 дзяржаў, прадстаўленых у дасьледаваньні.
Узровень прадпрымальніцтва. Індэкс Global Entrepreneurship ацэньвае прадпрымальніцкую экасыстэму краіны ў лякальным і міжнародным кантэксьце. У рэйтынгу ўдзельнічае 137 краін. Акрамя Беларусі, у дасьледаваньне не ўключылі Кіргізію, Туркмэністан, Таджыкістан, Узбэкістан, Аўганістан, Манголію і асобныя краіны Афрыкі. Узровень жаночага прадпрымальніцтва ў Беларусі таксама не замяраецца.
Як гэта ўплывае на інвэстыцыі?
Эканаміст Ганна Агінская сказала Свабодзе, што пазыцыя краінаў у платных рэйтынгах уключаецца ў папярэднія дасьледаваньні рынку і інвэстыцыйныя справаздачы. Такія рэйтынгі трапляюць пад увагу інвэстараў, фінансавых арганізацыяў і страхавых кампаніяў.
Чаму Беларусь не ўключылі ў рэйтынгі?
Удзел у міжнародных рэйтынгах канкурэнтаздольнасьці і разьвіцьця прадпрымальніцтва платны.
Прычыну няўдзелу Беларусі ў платных эканамічных рэйтынгах у Белстаце пракамэнтаваць адмовіліся.
У якіх рэйтынгах Беларусь прысутнічае?
Усе прыведзеныя ніжэй дасьледаваньні і рэйтынгі бясплатныя для Беларусі.
Бізнэс-клімат. У рэйтынгу Сусьветнага банку Doing Business Беларусь займае 38-е месца. Задача, якую ставіць беларускі ўрад, — трапіць у першую трыццатку.
Чалавечы капітал. Беларусь лідзіруе на постсавецкай прасторы ў рэйтынгу разьвіцьця чалавечага капіталу Human Development Index, які складае ААН.
ІТ-краіна. У сьпісе сотні лепшых аўтсорсінгавых кампаній сьвету прадстаўленыя 6 IT-карпарацый, якія маюць офісы ў Беларусі.
Электронны ўрад. У рэйтынгу разьвіцьця электроннага ўраду сёлета Беларусь паднялася на 11 пазыцый у параўнаньні з 2016 годам і заняла 38 месца. ААН зрабіла такую выснову на падставе дзяржаўных праграм беларускіх уладаў, дзе ёсьць «бачаньне лічбавай трансфармацыі».