На адным з арсэналаў Міністэрства абароны Ўкраіны, што месьціцца паблізу мястэчка Дружба І́чнянскага раёну Чарнігаўскай вобласьці, ад ночы вялікі пажар і разрываюцца снарады.
Улады закрылі паветраную прастору для самалётаў у радыюсе 30 кілямэтраў ад эпіцэнтру надзвычайнай падзеі і спынілі чыгуначны рух. З найбліжэйшых паселішчаў у зоне магчымага паражэньня ўжо эвакуявалі каля 10 тысяч чалавек.
Да месца надзвычайнага здарэньня накіравана больш як 20 піратэхнічных разьлікаў Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях Украіны і яшчэ 23 пажарныя падразьдзяленьні ў сумежных абласьцях прыведзеныя ў гатоўнасьць. Падрыхтавана таксама 7 пажарных цягнікоў.
Урад стварыў адмысловы штаб па ліквідацыі надзвычайнай сытуацыі.
Тэрыторыя арсэналу складае 682,6 гектара.
Служба бясьпекі Ўкраіны накіравала на месца надзвычайнага здарэньня сьледча-апэратыўную групу. Праваахоўнікі разглядаюць некалькі вэрсій, у тым ліку адпрацоўваецца магчымая дывэрсія. Адначасова адкрытая крымінальная справа паводле факту службовай нядбаласьці. У Міністэрстве абароны Ўкраіны паведамілі, што ахвяр і пацярпелых няма.