Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь траціць свой стратэгічны сувэрэнітэт і фактычна вяртаецца ў эпоху да 1991 году, — палітоляг


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Госьць Інтэрвію тыдня — кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу (Варшава) Павал Вусаў. Ён заяўляе, што Беларусь уваходзіць у пэрыяд новай безумоўнай пераарыентацыі на Расею, лічыць, што Масква больш не ўспрымае Менск як «саюзьніка», і прагназуе, да якіх вынікаў можа прывесьці разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай вайсковай базы.

Беларусь уваходзіць у пэрыяд новай безумоўнай пераарыентацыі на Расею

— Падчас саміту СНД, які днямі адбываўся ў Душанбэ, Аляксандар Лукашэнка нечакана адзначыўся антызаходнімі заявамі. Можна сказаць, што ўпершыню за апошнія гады кіраўнік Беларусі настолькі крытычна выказваўся на адрас заходніх партнэраў. Ці сьведчыць гэта толькі пра рыторыку афіцыйнага Менску з мэтай нешта выбіць з Масквы, ці гэта сьведчаць пра пэўныя саступкі, якія кіраўніцтва Беларусі робіць на карысьць стратэгічных інтарэсаў Расеі?

Павал Вусаў
Павал Вусаў

— Лукашэнка заўсёды быў падсьвядома і псыхалягічна накіраваны супраць Захаду. Уся ягоная пазытыўная рыторыка апошніх гадоў пра Захад хутчэй была зьвязаная з жаданьнем атрымаць эканамічныя дывідэнды. Але нейкіх сурʼёзных профітаў, крэдытаў ад Захаду беларускіх рэжым не атрымаў, вынік перамоваў з МВФ быў нэгатыўны.

Другі момант — гэта вынік таго ціску, які аказвала Масква ўвесь гэты час на Беларусь і пэрсанальна на Лукашэнку. Пасьля перамоваў Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы, як мы бачым, было зроблена некалькі крокаў, якія шкодзяць і іміджу Беларусі, і адносінам Беларусі з партнэрамі. Я маю на ўвазе заяву Лукашэнкі пра неабходнасьць узмацніць мяжу з Украінай. Да гэтага можна нагадаць і актыўнасьць расейскага пасла Бабіча, ягоны візыт у Магілёў, ягоныя заявы, што ўсе дамоўленасьці паміж бакамі дасягнутыя.

Гэта ўсё сьведчыць пра сурʼёзны пралом у празаходняй пазыцыі Беларусі, прынамсі іміджавы. І новая безумоўная пераарыентацыя на Расею. То бо Беларусь уваходзіць у пэрыяд новых адносінаў з Расеяй. Гэтыя новыя адносіны зьвязаныя, па-першае, з пашыраным ціскам на Беларусь з боку Масквы, з другога боку — зь неабмежаваным эканамічным і палітычным уплывам на Беларусь з боку Расеі.

Беларусь ужо не ўспрымаецца Масквой як нейкі «саюзьнік», роўны партнэр

— Да гэтага стану, які вы апісваеце, прывяло абʼектыўнае разьвіцьцё падзеяў апошніх гадоў ці гэта проста такая тактычная сытуацыя — цяжкі эканамічны стан Беларусі, надыход прэзыдэнцкіх выбараў?

— Тут у адно склалася сукупнасьць гэтых чыньнікаў. З аднаго боку, уся прарасейская палітыка беларускага рэжыму, які ствараўся і функцыянаваў пры падтрымцы Расеі. Нейкія тактычныя канфлікты не зьмянялі характару рэжыму, ён ніколі ня быў празаходнім, заўсёды быў прарасейскім — з маленькім абмежаваным дыстанцыяваньнем, якое давала магчымасьць местачковага шантажу ў дачыненьні да Масквы. Але гэта не прыводзіла да сурʼёзных геапалітычных зьменаў арыентацыі беларускіх уладаў — бо паводле сьвядомасьці як сам Лукашэнка, гэтак і ўладная эліта была савецкай і прарасейскай.

Эканамічная залежнасць ад Расеі, крызіс прывялі фактычна да капітуляцыі Менску перад Масквой

Другі момант — пашырэньне імпэрскіх амбіцыяў Масквы, згодна зь якімі Беларусь ужо не ўспрымаецца як нейкі «саюзьнік», роўны партнэр, а пачала ўспрымацца як прастора, якую неабходна кантраляваць. Якую неабходна ўцягнуць у адзіную стратэгічную расейскую прастору. Скончыць з гульнямі ў незалежнасьць, паставіць крыж на Рэспубліцы Беларусі і пераўтварыць яе ў «Белоруссию».

І трэці момант — гэта немагчымасьць для ўлады ўнутрана вырашыць эканамічныя праблемы. Эканамічная залежнасць ад Расеі, крызіс прывялі фактычна да капітуляцыі Менску перад Масквой. І вынікі гэтай капітуляцыі будуць агучаныя.

— Ці паўплывалі на гэтую, як вы сьцвярджаеце, «капітуляцыю» ня вельмі ўдалыя вынікі «нармалізацыі» адносінаў з Захадам? Аглядальнікі заўважаюць, што апошнім годам склалася пэўная патавая сытуацыя, калі абодва бакі асабліва ня ведалі, куды далей ісьці. Ці Менск або Захад зрабілі недастаткова крокаў, альбо проста абʼектыўна гэтае пацяпленьне ўпёрлася ў нейкую столь, абʼектыўную абмежаванасьць?

— Гэта абʼектыўная абмежаванасьць. Дыялёг быў вычарпаны. Усё гэтае пацяпленьне сканчаецца на ўзроўні палітычнай рыторыкі, дыпляматычных адносінаў — але не прыводзіць да сутнасных геапалітычных і эканамічных трансфармацыяў. Прычына — безумоўна, у палітычным рэжыме, які існуе ў Беларусі. Бо кожная сутнасная трансфармацыя зьвязаная з дэмакратызацыяй рэжыму, фактычна стварэньнем новага ўкладу. А гэта немагчыма, бо гэта не ў інтарэсах Лукашэнкі, асноўны інтарэс якога — захаваньне і стабілізацыя ўлады. І ён выкарыстоўвае ўсе магчымасьці дзеля гэтай стабілізацыі. Калі быў выгадны дыялёг з Захадам — быў сэнс гуляць у дыялёг бязь зьмены сутнасных элемэнтаў. І ніякіх іншых вынікаў у гэтага дыялёгу не магло быць, дыялёг быў фактычна фікцыяй.

Беларусь траціць свой стратэгічны сувэрэнітэт

— Зноў актыўна паўстае пытаньне вайсковай базы Расеі ў Беларусі. Магчыма, кіраўнікі Беларусі і Расеі зараз хочуць знайсьці такую формулу, каб і падтрымаць расейскія стратэгічныя інтарэсы, і адначасова паспрабаваць ня вельмі абурыць беларускую грамадзкасьць. І як пытаньне базы зьвязанае з магчымым разьмяшчэньнем амэрыканскай вайсковай базы ў Польшчы?

— Я думаю, што разьмяшчэньне ў Польшчы амэрыканскай базы будзе зьвязана з адказам «саюзьнікаў» Беларусі і Расеі. Таксма гэта разьвяжа ўладам Беларусі рукі — маўляў, «мы заўсёды былі супраць расейскай базы ў Беларусі, але вось амэрыканцы пагражаюць нашай бясьпецы».

— Можа, бакі цяпер могуць спаборнічаць паміж сабой у рытарычным сэнсе — маўляў, гэта ня мы пачалі, а яны? І будуць чакаць, пакуль базу першым паставіць іншы бок?

Беларускае грамадзтва стане перад выклікам, як зноў адваяваць сваю незалежнасьць

— Гонка вайсковых базаў ужо пачалася. Ня трэба забываць, што ў Польшчы разьмешчаныя элемэнты супрацьпаветранай абароны, ёсьць таксама невялікі вайсковы кантынгент NATO на тэрыторыі краіны. У адказ Расея разьмясьціла сыстэмы «Іскандэр» у Калінінградзе. Але, я думаю, на гэтым яна ня спыніцца і будзе імкнуцца разьмясьціць у Беларусі нейкія стратэгічныя элемэнты. Таксама магчымае разьмяшчэньне і паўнавартаснай вайсковай базы. Можна прыгадаць інфармацыю, калі беларускі бок казаў пра магчымасьць разьмяшчэньня расейскай тэхнікі без пэрсаналу.

Але які б ні быў варыянт, вынік адзін — Беларусь траціць свой стратэгічны сувэрэнітэт ды ідзе ў кірунку страты палітычнага сувэрэнітэту. Фактычна вяртаецца ў эпоху да 1991 году. Беларускае грамадзтва стане перад выклікам, як зноў адваяваць сваю незалежнасьць.

Пасьля разьмяшчэньня вайсковай базы Расея будзе мець больш манэўру і магчымасьці ўплываць на палітычныя і геапалітычныя працэсы, у якія будзе завязана Беларусь. Напэўна, будуць пашыраныя кірункі інтэграцыі — увядзеньне адзінай грашовай сыстэмы, стварэньне супольнай вайсковай адзінкі пад кіраўніцтвам расейскіх вайскоўцаў. Мы прыйдзем да таго, што геапалітычны статус Беларусі зьнізіцца да статусу аўтаномнай рэспублікі ў складзе Расеі. Хаця фармальна застануцца атрыбуты незалежнасьці.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG