Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінтранс спрабуе выцесьніць з рынку нерэгулярных перавозчыкаў, можа зьнікнуць бальшыня міжгародных маршрутак


 Павел Якімовіч
Павел Якімовіч

У Беларусі створана Міжрэгіянальная асацыяцыя аўтамабільных перавозчыкаў, якая ўвайшла ў Бізнэс саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага. Яна будзе абараняць правы ўсіх перавозчыкаў у краіне.

Яе сябрамі могуць стаць індывідуальныя прадпрымальнікі ці юрыдычныя асобы, дыспэтчарскія службы і перавозчыкі, якія займаюцца перавозкамі пасажыраў альбо грузаў, а таксама таксоўшчыкі.

Збор дакумэнтаў на ўступленьне ў асацыяцыю пачаўся на гэтым тыдні, на 26 верасьня паступіла больш за 120 заяў, паведаміў карэспандэнту Свабоды старшыня арганізацыі Павел Якімовіч.

Савет міністраў унёс зьмены і дапаўненьні ў правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў. Пастанова Савету міністраў ад 31 жніўня апублікаваная на партале pravo.by. Правілы прыведзеныя ў адпаведнасьць з законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках».

— На што разьлічвае Асацыяцыя, чаго хоча дасягнуць?

— Справа ў тым, што нерэгулярныя перавозчыкі, насамрэч сёньня стварылі годны сэрвіс, які вельмі зручны спажыўцу і ў дадзеным выпадку Мінстрансу. Трэба было як мінімум зафіксаваць тыя ўмовы, пры якіх камфортна пасажыру і ад іх выбудоўваць пляны «цывілізаванага рынку».

Мы разьлічваем на здаровы сэнс, на меркаваньне рабочай групы, якое было праігнаравана Мінтрансам. На адмену конкурсаў як мінімум да чэрвеня 2019 года. А пасьля адмены конкурсаў мы чакалі рабочай групы па новых правілах, якія з бізнэс супольнасьцю (тымі на каго менавіта яны распаўсюджвацца) не абмяркоўваліся.

У лютым падчас сустрэч з нерэгулярнымі перавозчыкамі, прадстаўнікі Мінтрансу паставілі ўльтыматум аб пераходзе ўсіх у рэгулярныя. Далей ішло пераконваньне ўсіх перавозчыкаў і працоўнай групы, што іх дзейнасьць зьяўляецца рэгулярнымі перавозкамі. А гэта ня так.

Архіўнае фота. Сустрэча маршручыкаў нерэгулярнага злучэньня ў Менску.
Архіўнае фота. Сустрэча маршручыкаў нерэгулярнага злучэньня ў Менску.

Прадстаўнікі Транспартнай інспэкцыі не патлумачылі, што ў людзей ёсьць выбар. Супадае толькі кропка выезду з пункту А і кропка ўезду ў пункт B. Уся астатняя частка паслугі не супадае з рэгулярнасьцю. Больш за тое, пачуўшы пазытыўныя ацэнкі ад рады прадпрымальнікаў «аб самых сьмелых рашэньнях», мы пераканалі некаторых прадпрымальнікаў паспрабаваць перайсьці ў рэгулярныя зносіны. Практычна ўсіх не задавальняюць ні сама схема збору пасажыраў, ні гнуткасьць апэратараў, вакзалаў і г. д. Усё гэта адбілася ў першую чаргу на спажыўцу.

Я лічу, што рэгулятар не мае права мяняць умовы вядзеньня бізнэсу так, каб бізнэс закрываўся, прыводзіў да скарачэньня пэрсаналу і г. д., прычым рэзка і без абмеркаваньняў. Гэта не адпавядае духу дэкрэта № 7. А мы гэтага і хочам. Таму мы за тое, каб даць якасную паслугу пасажырам і мець зразумелыя ўмовы працы на доўгія гады.

Што адказаў Мінтранс прыватным перавозчыкам?

— Нядаўна Мінтранс прыняў новыя правілы пасажырскіх перавозак, ці ўлічаныя там вашы патрабаваньні?

— Не, ня ўлічаныя. Правілы былі падпісаныя ў той самай рэдакцыі...

— Чаму, як вы думаеце, улады не прыслухаліся да вашых прапаноў і як гэта цяпер адаб’ецца на працы нерэгулярных, прыватных перавозчыкаў?

— Улада як раз і прыслухалася да нашых парадаў і рэкамэндацый. Рабочая група Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва падрыхтавала выніковую Аналітычную запіску, якая адлюстроўвае нашу думку, хаця і ня ў поўным аб’ёме.

На маё пытаньне да Мінтрансу чаму яны не ўлічылі меркаваньне Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, прадстаўнік міністэрства Юры Дубіна адказаў, што гэтае меркаваньне мае толькі рэкамэндацыйны характар.

«Час патрабуе працаваць у рынкавых умовах»

— Як вы будзеце далей адстойваць свае патрабаваньні, ці ёсьць яшчэ шанец? На каго спадзеяцеся?

— Мы не патрабуем. Яшчэ раз паўтаруся. Час патрабуе працаваць у рынкавых умовах. Дэкрэт № 7 кажа менавіта пра гэта. Але калі ён ёсьць, то для каго тады? А шанец ёсьць заўсёды. Мы спадзяемся на сябе і на прадстаўнікоў рабочай групы, якія нас падтрымалі. Па правілах перавозак патрэбна сумесная праца, як мы і дамаўляліся.

— Ці магчымы збор подпісаў, як раяць некаторыя маршрутчыкі?

— МААП лічыць, што ў дадзеным выпадку ён не патрэбны. Закон і зьмены да закону дастатковыя для працы перавозчыкаў. Але да новых правілаў перавозкі пасажыраў у нас ёсьць многа пытаньняў, як і да апэратараў і вакзалаў. Такое адчуваньне, што Мінтранс гэта дзяржава ў дзяржаве.

«Усе зьбіраюцца працаваць»

— Старшыня Асацыяцыі прафэсійных перавозчыкаў пасажыраў Кацярына Станкевіч заявіла ў мэдыях, што нерэгулярныя перавозчыкі рана ці позна вымруць як від. Вы згодныя з гэтым меркаваньнем?

— У законе нерэгулярныя перавозкі прапісаныя. З гэтым субʼектыўным меркаваньнем я ня згодны. Тым больш, што на сёньняшні дзень нерэгулярныя перавозчыкі маюць права паўнавартасна працаваць. Усе чальцы нашай асацыяцыі пра гэта ведаюць.

— Чаму прафэсійныя перавозчыкі чакаюць вашага выміраньня?

— Бо ня ўмеюць канкураваць.

Новыя правілы пасажырскіх перавозак уступаюць у сілу пасьля 12 кастрычніка. Ці стане пасьля гэтага немагчымай праца нерэгулярных перавозчыкаў? Што здарыцца?

— Не. Пакуль па сустрэчах ясна, што ўсе зьбіраюцца працаваць. Вельмі дрэнна, што Мінтранс нічога не тлумачыць, прымаючы зьмены ў заканадаўстве. Тут усё проста, на жаль, нерэгулярныя перавозчыкі — гэта канкурэнты. Я думаю, таму яны так і ставяцца да гэтых людзей.

А што здарыцца? Страйкаў у нерэгулярных перавозчыкаў за ўсю іх дзейнасьць ніколі не было, гэта іх хлеб, рэпутацыя, працоўныя месцы. У лютым, калі спыніліся перавозчыкі, было сказана прадстаўніком транспартнай інспэкцыі, хто паедзе — гэта незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць. Таму людзі і сталі да высьвятленьня сытуацыі, пакуль не зьявілася рабочая група.

Гісторыя пытаньня

23 студзеня 2018 году набыў сілу закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», а 26 лютага — прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», якія істотна зьмянілі сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак.

Аналіз працоўнай групы Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва паказаў, што да ўступленьня ў сілу новага заканадаўства на рынку міжгародніх перавозак працавала больш за 40 тысяч транспартных адзінак, зь іх толькі 8–10 тысяч — ад рэгулярных (у асноўным дзяржаўных) перавозчыкаў. Нерэгулярныя маршруткі рабілі ў 3–20 разоў болей рэйсаў паміж Менскам і буйнымі гарадамі, чым рэгулярныя.

Паводле новага закону, дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксі, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі, а значыць, ня мусілі выконваць цэлы шэраг умоваў ды патрабаваньняў.

Многія прыватныя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу. У некаторых гарадох Беларусі былі перабоі ў міжгароднім злучэньні, дзяржава пусьціла дадатковыя рэйсы.

Працоўная група прыйшла да наступных высноў:

  • Праект прынятага закону не абмяркоўваўся з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасьці.
  • У законе захаваная мадэль рэгулярных перавозак старога ўзору, якая дзесяцігодзьдзямі даводзіла сваю нежыцьцяздольнасьць.
  • Новыя нормы закону найперш накіраваныя на больш жорсткае рэгуляваньне нерэгулярных перавозчыкаў, якія за 15–20 гадоў сфармавалі свае маршрутныя сеткі.
  • Закон «ня даў ніякіх альтэрнатываў» для працягу працы нерэгулярных перавозчыкаў.
  • Міністэрства транспарту і камунікацый спрабавала «ў „ручным“ рэжыме кіраваць працэсам» і аказалася не гатовае да рэалізацыі закону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG