Хворы на сухоты 29-гадовы Вячаслаў Лабецкі спыніў галадаваньне, бо дамогся пэрспэктывы перайсьці на амбуляторнае лекаваньне, — піша БелаПАН.
Вячаслаў Лабецкі сем дзён адмаўляўся ад ежы, на восьмы дзень перайшоў на сухое галадаваньне, калі даведаўся, што дактары зьбіраюцца падаць на яго ў суд. Ён паўгода ляжаў у закрытай лякарні ў Воўкавічах Дзяржынскага раёну — як ён казаў, «у фактычным зьняволеньні».
У Воўкавічах мусяць прымусова лекавацца ад сухотаў паводле рашэньня суду, калі адмаўляюцца ад амбуляторнага рэжыму або парушаюць рэжым у стацыянарах. Хворых на сухоты ў Беларусі лічаць сацыяльна небясьпечнымі, Лабецкі ж сябе такім ня лічыць.
На дзявяты дзень галадаваньня яго перавялі ў аддзяленьне рэанімацыі РНПЦ пульманалёгіі і фтызыятрыі — пасьля таго, як 21 жніўня з Лабецкім сустрэўся дырэктар РНПЦ Генадзь Гурэвіч. Умоваю было спыніць галадаваньне.
«Я ж пачаў галадаць, бо хацеў апынуцца там, а потым перайсьці на амбуляторнае лекаваньне, — кажа Лабецкі. — Я тлумачыў ім, што пайшоў на галадаваньне як на крайні крок, бо інакш да лекараў не дагрукацца. Цяпер я знаходжуся ў рэанімацыі РНПЦ, як мне патлумачылі, каб аднавіцца пасьля галадаваньня.
Я буду працягваць прымаць лекі тут, а потым амбуляторна, столькі, колькі спатрэбіцца. Мая мэта — вылекавацца ад сухотаў. Для мяне гэта важна: і для захаваньня свайго здароўя, і яшчэ таму, што я жыву ў кватэры з бацькамі і дзьвюма пляменьніцамі. Я не хачу быць для іх небясьпечным».