У ніжняй палаце Нацыянальнага сходу Беларусі пакуль ня маюць адказу на пытаньне, ці будзе нечарговая сэсія з разглядам кандыдатуры Сяргея Румаса як новага кіраўніка ўраду.
Некалькі дэпутатаў, да якіх датэлефанавалася Свабода, сказалі, што яны не атрымлівалі інфармацыі аб правядзеньні нечарговай сэсіі.
Дэпутатка Алена Анісім лічыць, што цяпер няма прынцыповай розьніцы ў парадку дзеяньняў кіраўніка дзяржавы – ці ён спачатку ўносіць на разгляд Палаты прадстаўнікоў кандыдатуру патэнцыйнага прэм’ера, ці спачатку прызначае яго.
«У нас склалася такая сыстэма, што на сёньня Палата прадстаўнікоў не гатовая аспрэчваць нейкім чынам кандыдатуру ад кіраўніка дзяржавы. Каго прэзыдэнт унясе, таго дэпутаты і падтрымаюць, — разважае Анісім. — Таму ў парадку дзеяньняў цяпер прынцыповага значэньня няма».
Яна лічыць, што Аляксандру Лукашэнку правільна было б дзейнічаць у адваротным парадку.
«Лепей перад прызначэньнем кіраўніка ўраду правесьці перамовы, — кажа Алена Анісім. — І каб гэтыя зьмены дэпутатамі ўсё ж такі абгаворваліся. Каб яны былі паінфармаваныя, што мяркуюцца зьмены ўраду. Магчымыя кандыдатуры – такія і такія… І каб іх абмеркавалі ў парлямэнцкіх камісіях, і толькі пасьля выносілі пытаньне на нечарговае пасяджэньне. Праз абмеркаваньне кандыдатаў мы падзялялі б адказнасьць за працу новага ўраду».