Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрымаць унівэрсытэцкі дыплём і працаваць прыбіральшчыцай


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Раней у беларускія ВНУ цяжка было паступіць, цяпер — цяжка НЕ паступіць.

Разгаварыўся з майстравітымі хлопцамі, якія рабілі рамонт у кватэры. Пацікавіўся, дзе вучыліся. Выявілася — абодва скончылі менскі пэдунівэрсытэт. Але настаўнікамі не працавалі ні дня. («Мы што, дурныя — за такія грошы ўколваць?») А тынкаваць, фарбаваць, класьці плітку вучыліся пераважна на расейскіх будоўлях.

— Дык а ўнівэрсытэцкія дыплёмы вам у такім разе навошта?

— А гэта бацькі калісьці настойвалі: тыпу, прэстыжна... Ды мы ўжо і пазабывалі ўсё: больш як дзесяць год мінула, у школе ўсё роўна працаваць ня будзем. Можа, калі-небудзь і спатрэбяцца тыя дыплёмы. Хоць наўрад ці.

Беларускія ўнівэрсытэты — для ўсіх, нават для троечнікаў

Дачка-выпускніца і яе аднаклясьнікі ў гэтыя дні заўважна хвалююцца: чакаюць вынікаў залічэньня ў абраныя ВНУ, штогадзіны сочаць за колькасьцю пададзеных заяў, за прахаднымі баламі...

Я іх супакойваю: у вашай гімназіі які працэнт паступленьня ва ўнівэрсытэты быў у мінулыя гады? 98–100 працэнтаў. Калі хто і не паступіў, дык хіба выпадкова што з дакумэнтамі наблытаў.

А ўвогуле, ці цяжка сёньня паступіць у беларускі ўнівэрсытэт і атрымаць дыплём аб вышэйшай адукацыі? Зірнем на статыстыку. Сёлета сярэднюю школу ў краіне скончылі 58 тысяч 11-клясьнікаў. А ў ВНУ плянуюць прыняць 54,5 тысячы студэнтаў. Пры гэтым варта ўлічваць, што 7–8 тысяч выпускнікоў выправяцца вучыцца за мяжу (з-за мяжы вучыцца ў Беларусь прыедуць удвая менш студэнтаў, «адмоўнае сальда» тут стабільнае ўжо на працягу больш як 15 гадоў). Такім чынам, у сярэднім кожны беларускі выпускнік можа разьлічваць на месца ў якой-небудзь ВНУ. Зразумела, на нейкія спэцыяльнасьці будзе конкурс, на нейкія — недабор. Але ў цэлым стаць студэнтамі ВНУ тэарэтычна могуць абсалютна ўсе — уключна зь безнадзейнымі троечнікамі: конкурсу няма.

Можна толькі здагадвацца, як пры такім раскладзе ўдаецца знаходзіць навучэнцаў прафтэхвучэльням. (А яны сёлета плянуюць прыняць 31 тысячу выпускнікоў.) Адкуль тых выпускнікоў узяць, калі фактычна ўсім ёсьць месцы ва ўнівэрсытэтах?

Разьлік хіба на тое, што далёка не ўва ўсіх прэтэндэнтаў на ўнівэрсытэцкі дыплём хопіць грошай на навучаньне. А суадносіны паміж «бюджэтнікамі» і «платнікамі» імкліва, з кожным годам мяняюцца на карысьць апошніх. «Платнікаў» ужо большасьць. А калі браць найбольш запатрабаваныя і папулярныя сярод моладзі спэцыяльнасьці, то розьніца ўжо сёньня складае сотні працэнтаў. Напрыклад, «Сусьветная эканоміка» ў БДУ: бюджэт — 10, платная форма — 55. Ці «Фінансы і крэдыт» у тым жа БДУ: бюджэт — 5, платная — 35.

Неўпрыкмет на нашых вачах адбылася камэрцыялізацыя вышэйшай адукацыі: ВНУ ўсё больш ператвараюцца ў камэрцыйныя фірмы па продажы дыплёмаў. Адметна, што некаторыя абітурыенты нават з высокімі адзнакамі не імкнуцца на «бюджэт», не без падстаў апасаючыся будучага прымусовага разьмеркаваньня куды-небудзь у аддалены рэгіён з заробкам 300 рублёў на месяц. Прывабнасьць «бюджэту» вельмі сумнеўная яшчэ і таму, што дзяржаўныя стыпэндыі пасьпяховым студэнтам цяпер мізэрныя. Што можна дазволіць сабе за 80 рублёў? Месячны праязны білет на грамадзкі транспарт ды пару абедаў у сталоўцы... Сёньняшнім студэнтам зь цяжкасьцю верыцца, што іхныя бацькі ў студэнцкія гады маглі жыць на сваю тагачасную стыпэндыю.

Людзі старэйшага веку памятаюць: з кляса студэнтамі ўнівэрсытэтаў станавіліся адзінкі

Раней, каб паступіць, патрэбныя былі толькі веды, выдатны атэстат, высокія адзнакі на ўступных іспытах. «Троечнікі» паступіць у добрую ВНУ практычна ня мелі шанцаў. Людзі старэйшага веку памятаюць: з кляса студэнтамі ўнівэрсытэтаў станавіліся адзінкі. Цяпер — адзінкі студэнтамі не становяцца. Раней паступалі толькі лепшыя — цяпер усе пагалоўна.

Як адбывалася дэвальвацыя дыплёма

Такой вышэйшая адукацыя стала пры Лукашэнку — зь сярэдзіны 90-х гадоў. Напрыканцы 80-х у БССР (насельніцтва якой тады, нагадаю, набліжалася да 11 мільёнаў чалавек) працавалі 33 ВНУ, у якіх вучыліся 189 тысяч студэнтаў. І гэтага цалкам хапала для зусім не апошняй у СССР рэспублікі, якая ганарылася сваім навуковым і прамысловым патэнцыялам. Што адбылося потым, зь сярэдзіны 90-х? Новыя ўнівэрсытэты пачалі адкрываць нават у райцэнтрах, набор ва ўсіх ВНУ узрос у разы. Па колькасьці студэнтаў ВНУ (у пераліку на 10 000 насельніцтва) Беларусь у 2011 годзе апярэдзіла ўсе вядучыя краіны Эўразьвязу — Нямеччыну, Францыю, Вялікую Брытанію, Італію... 1986 год — 189 тысяч студэнтаў; 2011 — 446 тысяч (пры зьмяншэньні колькасьці насельніцтва на паўтара мільёна). Унівэрсытэтаў стала ажно 55.

Вышэйшая адукацыя ператварылася ў масавую. Дыплямаванага настаўніка ці інжынэра стала знайсьці намнога прасьцей, чым кваліфікаванага сантэхніка альбо тынкоўшчыка. Але вартасьць тых дыплёмаў стала адпаведнай: дэвальвацыя вышэйшай адукацыі ў Беларусі сёньня відавочная для ўсіх.

Наяўнасьць дыплёма зусім не гарантуе, што вы знойдзеце высокааплатную кваліфікаваную працу. Дыплёмаў у Беларусі шмат, добрай працы — мала.

Дыплём стаў чымсьці кшталту таго, чым быў у СССР атэстат аб сярэдняй адукацыі. Толькі тады атэстат сьведчыў пра 10-гадовую адукацыю, а цяперашні дыплём — пра 15-гадовую.

​Пасьля 2011-га колькасьць студэнтаў пачала скарачацца — але не таму, што ўлады раптам адумаліся. Абітурыентаў проста не было адкуль браць, скончыліся нават троечнікі. Рэзка скарацілася колькасьць выпускнікоў сярэдніх школ: якраз з таго году абітурыентамі сталі падлеткі, народжаныя ў сярэдзіне 90-х, калі ў Беларусі пачаўся вялізны дэмаграфічны правал. І тым ня менш Міністэрства адукацыі нават у гэтых умовах няблага зарабляе на дыплёмах і ўваходзіць у топ-20 органаў дзяржкіраваньня па аб’ёме адлічэньняў у бюджэт. Летась, напрыклад, пералічыла 77 мільёнаў рублёў — не нашмат меней, чым канцэрн «Беллегпрам».

Адукацыя без гарантый

Сёньня зусім ня рэдкасьць, калі дыплямаваны эканаміст гандлюе будматэрыяламі на рынку, а выпускнік філфаку зарабляе за рулём маршруткі ці фуры. Дыплём у сёньняшняй Беларусі перастаў быць атрыбутам элітарнасьці і зусім не гарантуе ягонаму ўладальніку пасьпяховую кар’еру. Праўда, многія бацькі, якія гадаваліся ў савецкіх рэаліях, па інэрцыі яшчэ працягваюць верыць у элітарнасьць беларускага ўнівэрсытэцкага дыплёма і любымі сіламі намагаюцца ўціснуць дзяцей у ВНУ. Але паступова гэты стэрэатып разбураецца пад суворай айчыннай рэчаіснасьцю.

Адметна, што сытуацыя, калі дыплямаваны спэцыяліст не запатрабаваны на рынку працы, дайшла і да такой спэцыфічнай і закрытай ВНУ, як Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце. 24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад новага рэктара: «Нам не патрэбны людзі, якія проста пройдуцца па акадэміі, атрымаюць дыплём і ня будуць запатрабаваныя ў органах кіраваньня...» Паводле Лукашэнкі, з 1 верасьня не патрэбныя ў кіраваньні людзі вучыцца ў акадэміі не павінны. Так і хочацца спытаць: а не патрэбныя ў адукацыі настаўнікі ў пэдунівэрсытэтах вучыцца павінны? А студэнты мэдунівэрсытэтаў, якія ніколі ня стануць урачамі? А эканамісты і юрысты, для якіх няма і ня будзе месца працы, адпаведнага атрыманай спэцыяльнасьці?

Адзін мой знаёмы — супрацоўнік банка — распавядаў, як у іх на працы далі абвестку аб найме прыбіральшчыцы з даволі высокім па беларускіх мерках заробкам — 800 рублёў. Адгукнуліся некалькі дзясяткаў маладых жанчын. Абсалютная бальшыня — каля 90 працэнтаў — з дыплёмамі аб вышэйшай адукацыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Купіць прапіску, каб дзіця вучылася ў гімназіі. Новыя правілы паступленьня ў дзеяньні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG