Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купіць прапіску, каб дзіця вучылася ў гімназіі. Новыя правілы паступленьня ў дзеяньні


Зварот жыхаркі Магілёва да суседзяў дапамагчы з часовай рэгістрацыяй
Зварот жыхаркі Магілёва да суседзяў дапамагчы з часовай рэгістрацыяй

Зь сёлетняга навучальнага году дзейнічаюць новыя правілы залічэньня ў гімназіі. Прыярытэтнае права паступленьня далі дзецям, чые бацькі зарэгістраваныя ў «замацаваных» за гімназіямі дамах. Тыя ж, хто такой рэгістрацыі ня мае, вымушаныя шукаць часовую. Многія бацькі яе купляюць.

Уступныя экзамэны ў гімназіі адмененыя ўказам Аляксандра Лукашэнкі ад 25 студзеня 2018 году. Ініцыятыва зьмяніць парадак паступленьня ў гімназіі зыходзіла ад Міністэрства адукацыі і тлумачылася неабходнасьцю «стварэньня роўных умоваў у атрыманьні агульнай сярэдняй адукацыі».

Прапанаваў зьмяніць правілы паступленьня ў гімназіі міністар адукацыі Ігар Карпенка ў жніўні 2017 году на пэдагагічнай нарадзе перад пачаткам навучальнага году. Тады міністар заявіў, што ўступныя экзамэны ў 5-ю клясу — гэта «залішні стрэс» для дзяцей, а паступленьне ў гімназію ў такім узросьце — хутчэй «амбіцыі бацькоў», а не жаданьне дзіцяці. Тады ж ён сказаў, што ў гімназіях падвышаны ўзровень ведаў мусіць давацца толькі ў 10-й і 11-й клясах.

«Дапамажыце фармальна — аддзячым матэрыяльна»

Перад пагрозай ня трапіць у гімназіі апынуліся дзеці, якіх бацькі мэтанакіравана рыхтавалі туды. У звычайныя школы выпраўляць дзяцей яны ня хочуць, бо гімназію лічаць найлепшым месцам для вучобы. У гэтых установах, сьцьвярджаюць бацькі, працуюць дасьведчаныя настаўнікі, наладжана пазашкольная праца, а калектыў навучэнцаў фармуецца зь беспраблемных сем’яў.

Падыход да адной з магілёўскіх гімназіяў. У панядзелак не шматлюдна
Падыход да адной з магілёўскіх гімназіяў. У панядзелак не шматлюдна

Жыхарка Магілёва Юлія (на яе просьбу імя зьмененае), каб дачка паступіла ў гімназію, вадзіла яе на заняткі ў школу разьвіцьця, а таксама карысталася паслугамі рэпэтытара. Цяпер жанчына ў роспачы і лічыць, што яе высілкі былі дарэмнымі. Гімназія ў яе пад вокнамі, але дом, у якім жыве, аднесены да іншай школы.

Знаёмцаў, якія маглі б даць часовую рэгістрацыю, у Юліі няма. Яна зьвярнулася да ахвотных падзарабіць на прапісцы праз абвесткі на пад’ездах.

«Дзіцяці пагражае непісьменная будучыня. Дапамажыце фармальна — аддзячым матэрыяльна», — напісала Юлія ў сваім звароце.

Жанчына прызнаецца, што выбраны ёю спосаб паступленьня дачкі ў гімназію для яе асабіста непрыемны, але іншага выйсьця яна ня бачыць.

«Чаго ня зробіш дзеля будучыні свайго дзіцяці», — кажа Юлія, суцяшаючы сябе тым, што не яна адна ў такім становішчы.

«Крыўдна, што будучыня дзіцяці залежыць ад паперкі»

Паводле Юліі, чарга з тых, у каго зьяўляецца раптам часовая рэгістрацыя, расьце па некалькі чалавек штодня. На мінулым тыдні ў ёй было больш за 80 чалавек. Пры гэтым, паводле зьвестак раённага аддзелу адукацыі, у мікразоне гімназіі блізу трох дзясяткаў школьнікаў з 14 дамоў.

Калі ня ўдасца знайсьці часовую прапіску, то ў Юліі застаецца мізэрная надзея, што пасьля паступленьня ў гімназію ўсіх з рэгістрацыяй застануцца вакантныя месцы для астатніх. Заяву ў навучальную ўстанову Юлія напісала яшчэ 12 чэрвеня. Са слоў жанчыны, яе прынялі, але праз адсутнасьць прапіскі яна застаецца бяз руху.

Інструкцыі для бацькоў з прапіскай і безь яе
Інструкцыі для бацькоў з прапіскай і безь яе

Юлія кажа, што была гатовая да таго, што яе дачка пасьля здачы экзамэнаў магла не паступіць у гімназію, і гэта, заўважае яна, быў бы вынік сумленнай канкурэнцыі.

«А так выходзіць, — выказваецца маці першаклясьніцы пра новаўвядзеньне, — што новыя ўмовы для залічэньня ў гімназіі спрыяльныя не для дзяцей таленавітых і здольных, а для тых, у каго бацькі больш вёрткія і прадпрымальныя. Хіба ня крыўдна, што будучыня дзіцяці залежыць ад паперкі да пашпарта».

Настаўнікі: гімназіі становяцца звычайнымі школамі

У адміністрацыі магілёўскіх гімназіяў запэўніваюць, што сытуацыя з паступленьнем «праходзіць у плянавым рэжыме згодна з нарматыўнымі дакумэнтамі». Кажуць, што ажыятажу няма. Ці ёсьць спадзеў, што ў першых клясах гімназіяў застануцца вакантныя месцы пасьля залічэньня тых, у каго ёсьць прапіска, пэўнага адказу не далі.

У гімназіях ведаюць пра пошук бацькамі часовай рэгістрацыі. Некаторыя чыталі такія абвесткі ля гімназіяў. У прыватных гутарках настаўнікі ня ўтойваюць, што новыя правілы залічэньня пераробяць гімназіі ў звычайныя школы. Калі раней, тлумачаць пэдагогі, вучні да гімназіі праходзілі папярэднюю падрыхтоўку, то цяпер прыйдзе вучнёўскі кантынгент «з суседніх дамоў».

Першы званок у 23-й менскай гімназіі зь беларускай мовай навучаньня, 2017 год. Ілюстрацыйнае фота
Першы званок у 23-й менскай гімназіі зь беларускай мовай навучаньня, 2017 год. Ілюстрацыйнае фота

Настаўнікі ня маюць канкрэтыкі, якой будзе іх праца ў новых умовах. Кажуць, што пра зьмены ім паведамяць напярэдадні навучальнага году.

Прыём дакумэнтаў у гімназіі канчаецца 28 жніўня ў 20.00. Бацькі кажуць, на наступны дзень стане вядома, колькі засталося ў навучальнай установе вакантных месцаў для тых, хто не знайшоў часовай рэгістрацыі ў зоне гімназіі.

Часовая рэгістрацыя не гарантуе залічэньня ў першую клясу

Калі ў сацыяльных сетках і нават на слупах зьявіліся абвесткі кшталту «куплю рэгістрацыю ў доме каля гімназіі» і нават тарыфы, улады пачалі шукаць шляхі, як гэтаму процістаяць.

У прыватнасьці, Менскі гарвыканкам 7 чэрвеня 2018 году прыняў рашэньне, што калі дзіця зарэгістраванае па месцы знаходжаньня гімназіі менш году, пры наяўнасьці вольных месцаў 28–29 жніўня вызначаць, каго прымаць, будзе камісія. Праўда, у адкрытым доступе на сайце Менгарвыканкаму гэтага дакумэнту няма.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аднак і менскія бацькі спадзяюцца, што часовая рэгістрацыя дапаможа. Хаця канкурэнтаў у іх паболее: перавагу пры залічэньні на вольныя месцы маюць дзеці супрацоўнікаў установы адукацыі, а таксама дзеці, у якіх тут вучацца старэйшыя брат ці сястра, а потым ужо ўсе астатнія.

Міністэрства адукацыі пакуль сытуацыі не камэнтуе, бо прыём дакумэнтаў у першыя клясы працягваецца.

Старшыня ТБШ: «Школа стварае варожае для навучаньня асяродзьдзе»

Тамара Мацкевіч, старшыня Таварыства беларускай школы, перакананая, што гімназіям аддаюць перавагу ня толькі за ўзровень ведаў, бо ўсё адно і з гімназій дзеці ідуць да рэпэтытараў ці на адмысловыя курсы перад здачай ЦТ.

«Як той казаў, калі дзіця ў школе, табе трэба браць рэпэтытара на 3 гады, калі ў гімназіі — на 1 год. Гэта што тычыцца фінансаў, але ня самае важнае.

Тамара Мацкевіч, архіўнае фота
Тамара Мацкевіч, архіўнае фота

Самае важнае, што бацькі імкнуцца стварыць дзецям лепшы асяродак сярод аднагодкаў, якія матываваныя на вучобу, каб атрымаць, як цяпер можна казаць, сінэргетычны эфэкт, каб было за кім цягнуцца. Бацькі хочуць забясьпечыць сваім дзецям асяродзьдзе, менш варожае да навучаньня, чым у школе. Я не магу сказаць спрыяльнае, я магу сказаць — менш варожае. Бо школа стварае варожае для навучаньня асяродзьдзе.

Школа — гэта закрытая ўстанова, дзе дзяцей кантралююць, прымушаюць рабіць пэўныя рытуалы, хадзіць на спартовыя мерапрыемствы, і гэта поўнае бязьмежжа. Гэта, мне здаецца, галоўная матывацыя, магчыма, ілюзія для бацькоў, што ў дзяцей будзе лепшае асяродзьдзе для навучаньня», — кажа Мацкевіч.

Дзяржава хоча зрабіць «ураўнілаўку»

Таму і ідуць бацькі на ўсялякія хітрыкі, купляюць часовую рэгістрацыю дзеля дзяцей, мяркуе Мацкевіч. На яе думку, дзяржава хоча зрабіць “ураўнілаўку”. Не ўзьняць школы да ўзроўню гімназій, а наадварот, усіх ураўняць, апусьціць узровень адукацыі ў гімназіях да ўзроўню школаў.

Сучасныя беларускія піянэры і акцябраты, архіўнае фота
Сучасныя беларускія піянэры і акцябраты, архіўнае фота

На пытаньне, ці можа паспрыяць «стварэньне роўных умоваў у атрыманьні агульнай сярэдняй адукацыі» таму, што звычайныя школы будуць імкнуцца «дарасьці» да ўзроўню гімназій, што будзе канкурэнцыя сярод пэдагогаў, Міцкевіч адказала адмоўна, бо кадравую палітыку ажыцьцяўляе ня школа, не дырэктар школы фармуе калектыў, гэта ўсё зацьвярджаецца на ўзроўні райвыканкамаў.

«Няма ў нас канкурэнцыі паміж школамі, якую павінна ствараць, да прыкладу, ваўчарнае фінансаваньне (хаця яно фармальна абвешчана). Але ж яно не працуе, бо няма ў бацькоў права аддаць сваё дзіця ў лепшую школу. А калі б гэта можна было, і была канкурэнцыя, дырэктары былі б вымушаныя найлепшых настаўнікаў зьбіраць. Няма магчымасьці сыстэму заахвочваньня мець, стымуляваць лепшых настаўнікаў, у якіх лепшыя вынікі. Бо школа ў цісках бюракратызацыі.

Аптымізму, што да дзяржаўных школаў, у мяне пры гэтай уладзе няма. Але ёсьць вера ў людзей, што мы захаваем той агмень, зь якога, калі штосьці зьменіцца, усё пойдзе. Ёсьць жа фінскія, эстонскія мэтодыкі, якія накіраваныя, каб сераднячка да выдатніка ўзьняць. У настаўнікаў ёсьць жаданьне прафэсійнай самарэалізацыі, але на гэта ў іх няма часу, няма стымулу», — мяркуе Мацкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG