Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку з Бабруйску не пусьцілі на #БНР100 у Менск, арыштавалі, а цяпер і аштрафавалі


Таісія Кабанчук каля суду (у цэнтры), архіўнае фота
Таісія Кабанчук каля суду (у цэнтры), архіўнае фота

Актывістку партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Таісію Кабанчук Бабруйскі суд пакараў на 73,5 рубля (тры базавыя велічыні) — на дадатак да двух сутак арышту, якія яна адбыла ў сакавіку.

64-гадовую жанчыну, якая адседзела двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня, судзьдзя Марына Буглак прызнала вінаватай у непадпарадкаваньні міліцыі.

Раней адміністрацыйная камісія ДАІ аштрафавала актывістку на 24,5 рубля (адну базавую велічыню) за пераход вуліцы ў недазволеным месцы. Гэтае правапарушэньне і стала падставай, каб арыштаваць Таісію Кабанчук і зьмясьціць яе ў ізалятар.

Двое сутак сям’я ня ведала, дзе Таісія Кабанчук

Гісторыя з затрыманьнем Таісіі Кабанчук пачалася напярэдадні Дня Волі. Актывістка зьбіралася выправіцца ў Менск, каб адзначыць стагодзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна была і заяўніцай мітынгу ў Бабруйску да Дня Волі. Гарвыканкам не дазволіў яго правесьці 24 сакавіка ў цэнтры гораду. Арганізатарам прапанавалі мітынгаваць 25 сакавіка на ўскраіне — на стадыёне «Славянка». Тыя адмовіліся. Кабанчук папярэдзілі пра адказнасьць за правядзеньне несанкцыянаванага мерапрыемства.

24 сакавіка Таісію Кабанчук затрымалі. Яе зьвінавацілі ў пераходзе вуліцы ў недазволеным месцы, а пазьней склалі пратакол за непадпарадкаваньне міліцыі і завезьлі ў ізалятар.

Паводле міліцыянтаў Кавалеўскага і Рабчынскага, жанчына не хацела сядаць у службовую машыну, «упіралася нагамі ў зямлю і рукамі ў машыну», і яны вымушаныя былі выкарыстаць фізычную сілу — «захоп рук».

Сям’я актывісткі на працягу двух сутак ня ведала, дзе яна. Міліцыя такіх зьвестак не давала. Сын Павал напісаў заяву аб выкраданьні чалавека. Адказ прыйшоў, калі Кабанчук была ўжо на волі.

«Катаваньне ізалятарам суд палічыў законным»

Таісія Кабанчук сваё зьняволеньне называе бандыцкім. У няволі яна напісала заяву ў пракуратуру, каб выявілі вінаватых. Паводле яе, затрыманьне праводзілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Таісію Кабанчук адпусьцілі з ізалятара 26 сакавіка. Матэрыялы справы за непадпарадкаваньне міліцыі адправілі на дапрацоўку. 27 сакавіка ДАІ выпісала актывістцы штраф за пераход вуліцы ў недазволеным месцы.

Амаль праз два месяцы, 16 траўня, судзьдзя Марына Булгак вырашыла, што актывістка мае быць пакаранай і за непадпарадкаваньне міліцыі.

Прысуд і абвінавачаньне актывістка называе «ілжывым і палітычна матываваным». Яна заяўляе: міліцыя выконвала загад, каб не дапусьціць людзей з рэгіёнаў у Менск, таму прыдумляла падставы для затрыманьня. Потым, кажа яна, суды апраўдвалі затрыманьні.

«Я была з гвалтам затрыманая і пазбаўленая волі. Мяне выкралі на вуліцы і на двое сутак кінулі ў ізалятар. Я патрабавала ад суду прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у гэтых злачынствах і катаваньні мяне. Утрыманьне ў ізалятары я разглядаю менавіта як катаваньне. Суд жа палічыў: усё, што са мною адбылося, было законным», — сказала Таісія Кабанчук. Актывістка кажа, што будзе абскарджваць прысуд.

21 траўня Бабруйскі суд разгледзіць аналягічную справу супраць актывісткі прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Галіны Сьмірновай. Яе таксама ДАІ пакарала адной базавай велічынёй за пераход вуліцы ў недазволеным месцы позна ўвечары 23 сакавіка. Яе трое сутак трымалі ў ізалятары. Яна, як і Кабанчук, была заяўніцай мітынгу да Дня Волі ў Бабруйску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG