Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі суд адправіў у калёнію баевіка, які ваяваў на баку ЛНР


Ілстрацыйнае фота
Ілстрацыйнае фота

Магілёўскі абласны суд за ўдзел у вайне на Данбасе на баку вайсковых фармаваньняў «ЛНР» пакараў жыхара райцэнтру Круглае двума гадамі калёніі агульнага рэжыму. Мужчына прызнаны вінаватым паводле першай часткі 361-3 артыкула Крымінальнага кодэксу («Удзел ва ўзброеным фармаваньні на тэрыторыі замежнай дзяржавы»).

Абвінавачаны «ажыцьцяўляў абстрэлы пазыцый Узброеных сіл Украіны з выкарыстаньнем замацаванай за ім зброі, выбываў у складзе разьліку на разьмежаваньне варагуючых бакоў для карэктаваньня і вядзеньня агню па пазыцыях праціўніка, вёў агонь па ўказаных пазыцыях», — паведамляе Вярхоўны суд Беларусі.

Як высьветліла сьледзтва, мужчына, імя якога не называецца (падаецца толькі першая літара прозьвішча — «Я»), будучы грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, неаднаразова з 14 красавіка 2016 году па 18 сьнежня 2017 году выяжджаў праз памежны пункт пропуску «Новашахцінск Аўта» Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыю самаабвешчанай «Луганскай Народнай Рэспублікі», «дзе без паўнамоцтваў Рэспублікі Беларусь паступіў на службу ва ўзброенае фармаваньне».

Свабода пісала пра жыхара Круглага Івана Яравога, які не хаваў, што ваяваў на баку «ЛНР» пад пазыўным «Пушкін». У кастрычніку 2015 году яго затрымалі былі ў Воршы. Пра зьняволеньне паведамляла газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня» ў артыкуле «Гастарбайтеры войны» ў лютым 2016 году​.

Яравы адслужыў ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь у воінскай часьці ў Фаніпалі, потым рабіў будаўніком. На вайну паехаў у лістападзе 2014 году, трапіў у горад Антрацыт у «Казацкі полк ЯрГА», дзе атрымаў пазыўны «Пушкін».

Увосень 2015 году Яравы зьезьдзіў на пабыўку дадому, а на зваротным шляху яго затрымалі на чыгуначным вакзале ў Воршы. Са слоў баевіка, трымалі яго ў магілёўскім СІЗА больш за тыдзень, але ў выніку адпусьцілі. «Я проста даў расьпіску, што папярэджаны аб крымінальнай адказнасьці за наёмніцтва», — казаў ён.

У лютым 2016 году выявілася, што Яравы жыве ў Растоўскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі.

У верасьні 2016 году Іван напісаў карэспандэнту Свабоды ў сацыяльнай сетцы, што «15 жніўня павесіў аўтамат на цьвік, усё. Усіх прычын не скажу... Скажу адно: я сваё адбыў там. Будуць укры наступаць, вярнуся, а цяпер мне і тут нядрэнна, сабой займуся. Абрыдла ламаць, буду будаваць».

У той раз з самім Іванам журналісты Свабоды сустрэцца ў Круглым не змаглі. Зь імі гутарыла ягоная маці Натальля Іванаўна.

«Ён нармальны чалавек, добры хлопец. Добра вучыўся. Але потым нешта такое здараецца... Пасьля 9-й клясы пайшоў у ПТВ, будаўнічы каледж. Недавучыўся. За месяц да заканчэньня вучылішча ён паехаў у Расею на заробкі. Потым вярнуўся і сказаў, што пойдзе ў вячэрнюю школу... Ён жа сам ня ведае, што яму трэба. Туды ён не пайшоў — заробак малы, сюды не пайшоў — заробак малы. Адкуль можа быць вялікі заробак? Няма ж ні стажу, ні адукацыі. А потым паехаў на працу... і апынуўся на Данбасе».

Паводле жанчыны, пакуль сын быў на Данбасе, у бацькоўскім доме некалькі разоў праходзілі ператрусы.

Бразылец, які ваяваў за «ДНР», жыве ў манастыры пад Кіевам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG