Карэспандэнт Радыё Свабода Ляўко Стэк пагутарыў з бразыльцам, асуджаным ва Ўкраіне на 13 гадоў зьняволеньня, які нечакана апынуўся на волі.
Нядзеля, 29 красавіка. Прасторная плошча ўнутры мужчынскага Сьвята-Пакроўскага Галасееўскага манастыра Ўкраінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) запоўненая людзьмі. Маладыя на фоне храма пазіруюць для сьвяточных фота. Некалькі груп юнакоў у аднолькавых пінжаках заходзяць у корпус мясцовай духоўна-прафэсійнай вучэльні. Каля крамаў — чэргі па халодную ваду і марозіва. Нішто ў гэтым пэйзажы не нагадвае пра вайне, якая працягваецца за 700 кілямэтраў на ўсход адсюль.
Менавіта тут, у адным з новых манастырскіх карпусоў, пасяліўся бразылец Рафаэль Лусваргі, які ваяваў за сэпаратыстаў самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі», асуджаны украінскім судом на 13 гадоў пазбаўленьня волі, але нечакана вызвалены ў канцы мінулага году.
Брудны фартух, стаптаныя старыя чаравікі, блакітная кашуля ня першай сьвежасьці — мала што цяпер выдае ў Рафаэлі Лусваргі баявое мінулае. Нягледзячы на новую стрыжку і бараду, у ім лёгка пазнаць таго начыста выгаленага Лусваргі, які даваў інтэрвію Радыё Свабода ў камэры кіеўскага сьледчага ізалятара пасьля свайго арышту і распавядаў, як сэпаратысты называлі яго і іншых байцоў з Лацінскай Амэрыкі «малпамі».
Але гэта было ўжо пасьля арышту. Да яго Лусваргі, якога я заўважаю каля манастырскай кухні, распавядаў зусім пра іншае: напрыклад, пра тое, як ён «адпрацаваў» блакпост ўкраінскай арміі, як камандаваў рэактыўнай сыстэмай «Град», як штурмаваў Дэбальцава і атрымаў раненьне пад Данецкім аэрапортам. Тады бразілец абяцаў «дайсьці да Кіева і скончыць вайну».
Да Кіева ён усё ж дайшоў, але цяпер перад аб’ектывам фотаапарата паводзіць сябе значна больш стрымана.
— Вы ж Рафаэль Лусваргі?
— Не, — адмоўна кіўнуў галавой барадаты малады чалавек і адразу пайшоў прэч.
— Вы ваявалі на баку «ДНР». Можаце растлумачыць, як вы патрапілі ў манастыр?
Прыкметна разгубіўшыся, Лусваргі спрабуе схавацца на кухні.
«Сваю віну прызнаў і чыстасардэчна раскаяўся»
З бразыльскага Сан-Паўлу ў Данбас 33-гадовы Рафаэль Лусваргі прыехаў у пачатку восені 2014 году. Як сам раней запэўніваў — паводле ідэалягічных меркаваньняў. Пачаткоўцам у вайсковай справе ён не быў. Некалькі гадоў служыў у францускім Замежным легіёне, у роднай Бразыліі працаваў супрацоўнікам паліцыі. За год зь лішнім свайго знаходжаньня ў Данбасе пасьпеў зьмяніць некалькі падразьдзяленьняў і шмат разоў зьняцца ў відэароліках прарасейскіх сэпаратыстаў, распавядаючы і паказваючы, якія менавіта абавязкі ён выконвае на тэрыторыі Украіны.
Да прыкладу, на гэтым відэа Лусваргі зьняты пры вядзеньні агню па ўкраінскіх пазыцыях з 120-мм мінамёта:
Увосень 2015 году ён зьехаў з Данбасу, але праз год зь невялікім гучна нагадаў пра сябе: 6 кастрычніка 2016 году Лусваргі затрымалі супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны ў кіеўскім аэрапорце Барыспаль. У Кіеў ўкраінскія спэцслужбы яго завабілі, нібыта прапанаваўшы працу ў сфэры марскіх перавозак. З сабой у Лусваргі, акрамя пашпарта, быў вайсковы білет «ДНР» і загад аб узнагароджаньні мэдалём «За баявыя заслугі» за подпісам Ігара Гіркіна-Стралкова.
Лусваргі быў асуджаны ў студзені 2017 году — менш чым праз чатыры месяцы пасьля затрыманьня. «На судовым пасяджэньні абвінавачаны сваю віну ў зьдзяйсьненьні інкрымінаваных яму злачынстваў прызнаў цалкам і шчыра раскаяўся, выкладзеныя ў абвінаваўчым акце фактычныя абставіны інкрымінаваных яму злачынстваў не аспрэчваў і пацьвердзіў», — пазначана ў рашэньні суду. Бразілец быў асуджаны Пячэрскім судом горада Кіева на 13 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці паводле артыкулу 258-3 крымінальнага кодэксу Ўкраіны «Стварэньне тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі».
«Я вольны чалавек»
«Мой адвакат сказаў: Рафаэль, тое, што ты вольны, — гэта цуд, дзякуй Богу за гэта» — так Лусваргі адказвае на пытаньні журналістаў пра тое, як ён апынуўся на волі. Падрабязнасьцяў гэтага «цуду» удалося пачуць няшмат. Лусваргі толькі паведаміў, што ў сьнежні 2017 году перад ім адкрылі дзьверы камэры і сказалі: «Можаш ісьці».
«Я вольны чалавек, але застаюся пад сьледзтвам і павінен час ад часу зьяўляцца ў судзе. Нічога больш. Хоць гэта сапраўды вельмі дзіўная сытуацыя. Я не разумею і не магу яе растлумачыць. Усё, што сказаў мне адвакат, — «гэта цуд», — дзівіцца Лусваргі.
Больш прыземленае тлумачэньне зьяўленьня бразыльца на волі можна знайсьці ў рэестры судовых рашэньняў Украіны. У пастанове ад жніўня 2017 году гаворыцца, што прысуд Лусваргі адменены, а справу накіравалі на новы разгляд праз шэраг «істотных парушэньняў», у прыватнасьці праз парушэньне правілаў падсуднасьці. Разглядаць справу Лусваргі павінен быў ня Пячэрскі суд Кіева, а Паўлаградзкі суд Днепрапятроўскай вобласьці. Зрэшты, пасьля адмены прысуду бразыльца на волю не выпусьцілі: яму была падоўжана мера стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай, і Лусваргі нейкі час заставаўся ў Кіеўскім сьледчым ізалятары. На волю ён выйшаў толькі ў канцы году.
Са зьняволеных ў манахі
Там, запэўнівае бразылец, ён пачаў цікавіцца праваслаўем і менавіта таму апынуўся ў Сьвята-Пакроўскім Галасееўскім манастыры. Цяпер ён сур’ёзна думае пра тое, каб стаць манахам. «Гэта доўгая гісторыя, яе цяжка растлумачыць, і яна вельмі асабістая», — адказвае Лусваргі на пытаньне пра прычыны такой рэзкай перамены ва ўласных поглядах.
Вось як бразылец апісвае свой звычайны дзень у манастыры: «Мы працуем, пакуль ёсьць праца, пакуль мы патрэбныя людзям. Потым ідзем на [царкоўную] службу. Затым — вольны час. Чытаю. Потым іду ў душ. Гэта лепш, чым ваяваць».
Прадстаўнік манастыра, які назваўся айцом Самсонам, паведаміў, што менавіта ён зьяўляецца адказным за знаходжаньне тут Лусваргі. Самсон пацьвердзіў, што ў манастыры ведаюць пра абвінавачваньні ў адрас бразыльца, але запэўніў: у Лусваргі з сабой ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць законнасьць яго знаходжаньня на волі. «Я яго прытуліў як чалавека. Што мне было, пакінуць яго на вуліцы? Мне было шкада яго. Дзяржава ж яго адпусьціла».
Як выявілася, меру стрыманьня Рафаэлю Лусваргі сапраўды зьмянілі. У канцы 2017-га яго выпусьцілі зь СІЗА пад асабістую паруку. Ён ня можа пакідаць межы Кіева, павінен паведамляць суду аб зьмяненьні свайго месца жыхарства, а таксама зьяўляцца ў суд па першым патрабаваньні. Зьмяненьне меры стрыманьня ініцыяваў пракурор па справе Ігар Воўк. З такім хадайніцтвам ён зьвярнуўся ў суд 15 сьнежня, менш чым за два тыдні да абмену палоннымі, падчас якога Украіна перадала сэпаратыстам 233 чалавекі, а на кантраляваную украінскімі ўладамі тэрыторыю вярнуліся 73.
Пракурор Воўк не хавае: Лусваргі выпусьцілі зь СІЗА менавіта ў сувязі з гэтым абменам. «Яго плянавалі аддаць на абмен ваеннапалоннымі з "ДНР" і "ЛНР". У сувязі з гэтым яму трэба было зьмяніць меру стрыманьня, таму што ён абвінавачваецца па такіх артыкулах, па якіх абвінавачаныя звычайна знаходзяцца толькі пад вартай. Але нягледзячы на гэта, суд на гэта пайшоў», — адзначае пракурор Ігар Воўк.
Шпацыры па Кіеве
Паводле адваката Рафаэля Лусваргі, Валянціна Рыбіна, ягоны кліент быў у сьпісах на абмен, аднак Лусваргі ня абмянялі. Нягледзячы на гэта, бразылец не вярнуўся за краты: калі ў сярэдзіне лютага тэрмін дзеяньня меры стрыманьня скончыўся, зноў арыштоўваць яго суд не стаў. Такім чынам, Лусваргі праз год пасьля даволі жорсткага прысуду раптам атрымаў свабоду.
«Судовае пасяджэньне, на якім мы на законных падставах маглі падоўжыць яму арышт або выбраць іншую меру стрыманьня, так і не было прызначана, таму што ўвесь гэты час Апэляцыйны і Вярхоўны суд высьвятлялі, каму наогул падсудная гэтая справа. На такіх пасяджэньнях мера стрыманьня не прадаўжаецца і не абіраецца. Гэта магчыма толькі ў рамках падрыхтоўчага пасяджэньня да разгляду крымінальнай справы, якое павінна адбыцца ў чэрвені. Таму, на жаль, цяпер склалася такая сытуацыя», — кажа Ігар Воўк.
Тое, што абмежаваньняў няма і ён можа свабодна перасоўвацца па Кіеве, пацьвярджае і сам Лусваргі:
— Я быў у Чырвоным Крыжы два ці тры дні таму. Мой духоўны айцец мне дазволіў.
— Я правільна разумею, што вы можаце проста сысьці?
— Так, два дні таму я гуляў у Кіеве.
Чаму абмен не адбыўся, у пракуратуры не ведаюць і накіроўваюць па адказы да СБУ. «Так, суд павінен перагледзець справу, але па дамоўленасьці Рафаэль павінен паехаць дадому, а Герашчанка [Ірына Герашчанка, прадстаўніца Ўкраіны ў гуманітарнай падгрупе Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе — РС] і іншыя робяць усё, каб даказаць, што з Украінай нельга дамаўляцца», — кажа адвакат Валянцін Рыбін.
СБУ маўчыць
Каб праверыць гэтую інфармацыю, Радыё Свабода зьвярнулася да самой Ірыны Герашчанкі, да дарадцы кіраўніка Службы бясьпекі Украіны Юрыя Тандыта, а таксама накіравала адпаведны запыт у прэс-службу СБУ. На момант выхаду матэрыялу адказ на гэты запыт атрыманы ня быў.
Тым часам прагулкі па вясновым Кіеве ня надта цешаць Рафаэля Лусваргі. Ён не супраць вярнуцца на тэрыторыю, падкантрольную сэпаратыстам, але кажа, што больш за ўсё хацеў бы зьехаць назад у Бразылію. Тлумачыць, што засумаваў па двум сынам — аднаму з іх 2 гады, іншаму — 8. Нягледзячы на свабоду перамяшчэньня ва Украіне, за мяжу бразілец патрапіць ня можа. Пашпарт пасьля вызваленьня зь СІЗА яму не вярнулі.
«Калі мяне вызвалілі, мая амбасада не ведала, што рабіць. Тэхнічна я магу атрымаць усе дакумэнты і ехаць, куды захачу. Але ўкраінскае дзяржава нічога не гаворыць маёй амбасадзе: можна мне даць пашпарт або нельга? Можна зьехаць ці не?» — скардзіцца Лусваргі.
«Я не магу адказаць вам на гэтае пытаньне», — сказаў пракурор Кіеўскай гарадзкой пракуратуры Ігар Воўк пра тое, чаму Лусваргі застаецца без дакумэнтаў, хоць да яго не прыменена ніводная зь мераў стрыманьня, дзе прадугледжваецца іх канфіскацыя. Вядома, што нечаканая свабода бразыльца, які ваяваў за «ДНР», будзе доўжыцца як мінімум да наступнага судовага паседжаньня, якое прызначана на 6 чэрвеня. Пасьля гэтага, цалкам магчыма, Лусваргі давядзецца зноў зьмяніць манастырскія сьцены на сьцены кіеўскага СІЗА.