Падзеі 4 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Анонс
Аргкамітэт Прэміі Ежы Гедройця абвясьціў пачатак прыёму заявак ад літаратараў, які працягнецца да 31 траўня. Сёлетні ляўрэат прэміі атрымае чэк на 5000 эўра.
Прэтэндаваць на ўдзел у адборы могуць кнігі:
- напісаныя па-беларуску ў жанрах мастацкай і дакумэнтальнай прозы;
- выдадзеныя ў 2017 годзе ў электронным ці папяровым варыянце.
Мяркуецца, што сёлета абіраць найлепшую кнігу 2017 году будуць з улікам меркаваньня чытачоў. Як будзе адбывацца гэты працэс, не канкрэтызуецца.
Заяўка павінна ўтрымліваць:
- кароткія зьвесткі, кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы намінатараў;
- кароткую творчую біяграфію аўтара альбо сааўтараў;
- поўную назву і анатацыю кнігі;
- урывак да 10 тысяч знакаў, які можа быць апублікаваны або прадстаўлены публічна Аргкамітэтам Прэміі;
- кнігу ў электроннай вэрсіі ці 2-7 папяровых асобнікаў кнігі;
- выяву вокладкі кнігі ў электроннай вэрсіі.
У электронным выглядзе заяўкі і кнігі дасылайце на адрас: info@pen-centre.by
Папяровыя кнігі для ўдзелу ў конкурсе можна даслаць на паштовы адрас: 220012, Рэспубліка Беларусь, г. Менск, вул. Кузьмы Чорнага, д. 31, офіс 906.
Дзень у гісторыі
1750 — адкрылася Нясьвіская друкарня, заснаваная Радзівіламі.
1838 — дзеячы культуры выкупілі з прыгоннай няволі ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнку. 1878 — у будынку опэрнага тэатру Томас Эдысан упершыню прадэманстраваў вынайдзены ім фанограф.
1975 — заснаваны Менскі інстытут культуры. Ад 1993 году — Беларускі ўнівэрсытэт культуры.
2015 — Нямеччына ўпершыню афіцыйна выбачылася перад беларусамі за злачынствы нацыстаў. Гэта зрабіў упаўнаважаны ў пытаньнях супрацоўніцтва грамадзянскіх ініцыятываў МЗС Нямеччыны Гернат Эрлер. Публічныя прабачэньні нямецкі чыноўнік прынёс ад імя фэдэральнага ўраду ў Менску ў прысутнасьці каля 200 удзельнікаў мэмарыяльнай паездкі «Памятаем дзеля эўрапейскай будучыні».
У гэты дзень нарадзіліся
1879 — у Магілёве нарадзіўся фізык Леанід Мандэльштам, адзін з заснавальнікаў савецкай школы радыёфізыкі.
У памяці
1863 — памёр Людвік Нарбут, вайсковец, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гадоў.
1980 — памёр Ёсіф Броз Ціта, кіраўнік Югаславіі.
2005 — памёр Анатоль Сыс, беларускі паэт.