Дзьве жанчыны з Гомля — Натальля Васіленка і Алена Клімовіч — абвясьцілі 3 траўня пра пачатак галадоўкі, бо ім «няма за што набываць ежу і лекі».
Натальля і Алена маюць трэцюю працоўную групу інваліднасьці. Іх пэнсія — каля 130 рублёў. «На рукі» Натальля атрымлівае каля 90 рублёў (бо мусіць плаціць за крэдыты), Алена — 70–80.
Алена працуе прыбіральшчыцай, на палову стаўкі. Заробак — каля 130 рублёў. Натальля знайсьці працу ня можа з прычыны мноства абмежаваньняў, якія прапісала ў сваіх дакумэнтах Міністэрства аховы здароўя.
«Як нам жыць? За што набываць ежу, лекі — якія вельмі дарагія? Дзяржава нас кінула паміраць — выжывай як хочаш», — кажа Васіленка.
«Мы любім жыцьцё, мы любім жыць. Але на такія адчайныя крокі нас штурхаюць, бо няма справядлівасьці», — кажа Алена Клімовіч.
«За пэнсію па трэцяй групе нам ня выжыць»
Жанчыны патрабуюць, каб МРЭК перагледзела ім групы. Таму што за пэнсію па трэцяй групе «нам ня выжыць». Трэцяя група не прадугледжвае ніякіх ільготаў — па камунальных плацяжах, леках. Натальля таксама патрабуе, каб Генэральная пракуратура дала адказ на яе скаргу на дзеяньні мэдыкаў.
«На камісіі ў Менску мяне абразілі, сказалі, што я не хачу працаваць. Гэта няпраўда. Адзіная праца, якая мне прапанаваная, паводле абмежаваньняў Міністэрства аховы здароўя, — укладчык-упакоўшчык, але такой працы мне ў Гомлі няма. Што мне рабіць? Я працавала, цягнула лямку — усё сваё жыцьцё, пакуль дазваляла здароўе. Цяпер мне прапанавана паміраць», — кажа Натальля.
«Чаму я павінна сядзець на карку ў нобэлеўскага ляўрэата, а дзяржава не выконвае свае функцыі?»
Натальля Васіленка рабіла ўсё жыцьцё на будоўлі. Атрымлівала неблагія грошы. Але здарыўся прыступ эпілепсіі, далі інваліднасьць — трэцюю групу, потым — інсульт. Пачаліся сур’ёзныя грашовыя праблемы. На дадатак да ўсяго камунальныя службы за даўгі падалі ў суд. Стаяла пытаньне пра тое, каб выселіць жанчыну на вуліцу без прадстаўленьня іншага жытла.
«Пасьля інсульту я чатыры месяцы ляжала адна ў сваім пакоі, чакала сьмерці, ні ў кога не прасіла дапамогі. І мой лёс нікога не цікавіў. Нікога. Але калі прыйшла позва на суд, што мяне высяляюць... Гэта перайшло ўсе магчымыя і немагчымыя межы. Я зьвярнулася да журналістаў», — узгадвае Натальля.
Пасьля шэрагу артыкулаў камунальныя службы адклікалі свой пазоў, неабыякавыя людзі дапамаглі Натальлі грашыма, прадуктамі, рэчамі. Потым у справу ўмяшалася Сьвятлана Алексіевіч. Яна пачала апекавацца Натальляй — дапамагла выплаціць пазыку ў адным банку і штомесяц пералічвае пэўную суму на рахунак жанчыны з інваліднасьцю.
«Многія людзі дапамагалі мне. Не перадаць, як я ўдзячная Сьвятлане Аляксандраўне — безь яе дапамогі я проста ўжо не жыла б. Але чаму я павінна сядзець на шыі ў вядомай пісьменьніцы? Чаму дзяржава кінула нас, інвалідаў, паміраць і не выконвае свае непасрэдныя абавязкі?» — кажа Натальля.
«Хавала, што маю кардыястымулятар, каб пакінулі на працы»
Алена Клімовіч — сірата. Маці адмовілася ад яе ў радзільні. Сваякоў няма.
«Ды я і не шукала іх. Навошта? Каб я была ім патрэбная, то наведалі б у інтэрнаце. А так... Я бачыла тую паперку, на якой маці расьпісалася, што адмаўляецца ад мяне», — кажа жанчына.
Пасьля інтэрнату дзяўчына ўладкавалася на працу ў сельскагаспадарчае прадпрыемства «Ўсход», там атрымала інтэрнат, затым — сацыяльную «сіроцкую» кватэру. Пачаліся праблемы з сэрцам. Алена траціла прытомнасьць. Ёй паставілі кардыястымулятар. Неяк жанчыну запрасілі на працу санітаркай у абласную бальніцу. Яна пагадзілася.
«Мне падабаецца праца там, зь людзьмі. Каму дапаможаш, каго падтрымаеш. Я хавала, што маю кардыястымулятар — бо празь яго нельга працаваць. А як мне жыць? Але гэта выявілася на флюараграфіі. Кіраўніцтва было вымушана перавесьці мяне на іншую працу — прыбіральшчыцай, на палову стаўкі», — кажа жанчына.
Нядаўна яна матлялася паміж Менскам і Гомлем — мясцовыя дактары накіравалі сталіцу на замену кардыястымулятара, а адтуль жанчыну адправілі назад. З Гомля ж зноў даюць накіраваньне на Менск.
Да ўсяго, у жанчыны выявіўся рэўматоідны артрыт. І цяпер нават прыбіральшчыцай ёй працаваць цяжка — апухаюць рукі і ногі. Алена цярпіць невыносны боль. Але кінуць працу ня можа — на 70–80 рублёў пэнсіі проста не пражыве.
«Пра другую групу мне сказалі нават ня думаць, бо зь першай стадыяй рэўматоіднага артрыту яе не даюць. Што мне рабіць? Па другой групе хоць бы якія льготы былі, на камунальныя, ці лекі... Я на лекі брала крэдыт, бо яны вельмі дарагія», — кажа жыхарка Гомля.
«Я ня бачу іншага выйсьця. Бо няма справядлівасьці»
Жывіцца Алена ў асноўным бульбай — даюць добрыя людзі. За свае грошы набывае «што-небудзь таннае, макарону». Мяса ня есьць — няма за што купляць.
«Я ня бачу ніякага выйсьця. Каб была справядлівасьць... Мы б не ішлі на такія крокі», — паўтарае Алена.
«Крыўдна, што мы павінны ўсё выпрошваць, як рабы. Калі б было здароўе — мы працавалі б. Але я не магу дайсьці да крамы, набыць сабе прадукты, прынесьці іх. А нам кажуць адно — ідзіце працуйце, ідзіце працуйце! Куды нам ісьці?» — дадае Натальля.
Яна кажа: жанчыны ня просяць нічога «звышнатуральнага». «Дайце нам сваё, дайце нам сацыяльную абарону», — просіць жыхарка Гомля.
Галадаць жанчыны плянуюць у кватэры Натальлі. Алене трэба хадзіць на працу. «Але я буду галадаць і там», — запэўнівае жанчына.
Тым часам ужо сёмы дзень у розных гарадах Беларусі працягваецца галадоўка актывістак з руху «Маці 328», якія дамагаюцца зьмякчэньня «наркатычнага» заканадаўства.