Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афшор не для ўсіх. Колькі каштуе зямля і нерухомасьць у кітайска-беларускім парку «Вялікі камень»


Сэмінар для кіраўнікоў фірмаў, прысьвечаны дзейнасьці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень»
Сэмінар для кіраўнікоў фірмаў, прысьвечаны дзейнасьці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень»

26 красавіка ў Менску прайшоў сэмінар для кіраўнікоў фірмаў, прысьвечаны дзейнасьці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Гаварылі пра льготы і магчымасьці для беларускага бізнэсу ў гэтым парку.

Парк з ільготамі

Ідэя індустрыяльнага парку ўзьнікла ў 2010 годзе, пачалі яго закладаць у 2012-м на падставе міжурадавага пагадненьня паміж Кітаем і Беларусьсю. Праект ажыцьцяўляецца за 25 кілямэтраў ад Менску і за 15 кілямэтраў ад Смалявіч і ў пэрспэктыве зойме плошчу звыш 100 квадратных кілямэтраў. Фактычна на мапе краіны ўзьнікне новы горад, параўнальны з 200-тысячным Бабруйскам.

Прыярытэтнымі напрамкамі разьвіцьця абвяшчаліся нанатэхналёгіі, электроніка, біямэдыцына, фармацэўтыка, тонкая хімія, оптыка, машынабудаваньне. Прадукцыя, як плянавалася, будзе пастаўляцца ў краіны СНД і Эўразьвязу. Пазьней Аляксандар Лукашэнка ня выключыў стварэньня прадпрыемстваў сыстэмы вайскова-прамысловага комплексу.

Макет Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», архіўнае фота
Макет Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», архіўнае фота

Летась дадаліся тэлекамунікацыі, электронная камэрцыя, комплексная лягістыка, навукова-дасьледчая і досьледна-канструктарская праца, дзейнасьць, зьвязаная з захаваньнем і апрацоўкай вялікіх аб’ёмаў дадзеных.

У траўні 2017 году прэзыдэнцкім указам «Аб удасканаленьні спэцыяльнага прававога рэжыму Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку» «Вялікаму каменю» чарговым разам пашырылі льготы — інвэстыцыйны партфэль напаўняўся вельмі марудна, за пяць гадоў зарэгістраваліся ўсяго зь дзясятак рэзыдэнтаў.

Дакумэнт прадугледжвае найбольш спрыяльныя падатковыя ўмовы: рэзыдэнты вызваленыя ад увазнога падатку на даданую вартасьць, падатку на прыбытак на працягу 10 гадоў, падатку на нерухомасьць і зямельнага падатку ў поўным памеры на 50 гадоў. Інвэстары атрымалі гарантыі абароны капіталу ад дзяржавы.

Сі Цзіньпін (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка на плякатах у Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку
Сі Цзіньпін (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка на плякатах у Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку

Таксама быў зьніжаны парог уваходжаньня: калі раней кошт інвэст-праекту ня мог быць меншым за 5 мільёнаў даляраў, то ўказ суму зьнізіў у 10 разоў. Маўляў, гэта адкрывае дарогу сярэдняму і нават малому бізнэсу. Калі парк толькі ствараўся, меркавалася, што там будуць выпускаць інавацыйную прадукцыю на падставе высокіх тэхналёгій. Але выглядае, што гатовыя рэгістраваць любога інвэстара, абы ўклаўся сродкамі ў сумежнай галіне.

Некаторыя экспэрты нават кажуць, што ствараецца адзін з самых прывабных у сьвеце афшораў. Дарэчы, яго існаваньне ў пэўным сэнсе супярэчыць правілам Эўразійскага эканамічнага саюзу, якія прадугледжваюць роўныя ўмовы для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня.

30 рэзыдэнтаў за 6 гадоў

Але нават ільготы пакуль ня сталі прынадай, на якую кідаюцца інвэстары. Колькасьць зарэгістраваных рэзыдэнтаў за шэсьць гадоў агулам дасягнула трох дзясяткаў — і то «бум» прыпадае толькі на апошнія паўгода, калі ўлады абвясьцілі «разьняволеньне бізнэсу».

Дзяніс Багданаў, кіраўнік практыкі будаўніцтва і нерухомасьці юрыдычнай кампаніі REVERA, удзельнік рабочай групы Міністэрства эканомікі ў праблемах зьменаў прававога рэжыму парку перадусім адзначыў, што «Вялікі камень», па сутнасьці, тая ж свабодная эканамічная зона, але з больш прывабным ільготным рэжымам. Плюс строгая тэрытарыяльнасьць — усе вытворчасьці сканцэнтраваныя ў адным месцы.

Дзяніс Багданаў
Дзяніс Багданаў

Паводле яго, уся інжынэрная інфраструктура здадзеная ў 2017 годзе. Інвэстарам застаецца заплаціць за зямлю, адрасны падвод дарог і камунікацый. На пачатку 2018-га ўзьведзены офісны цэнтар і некалькі вытворчых пабудоў.

«Нарматыўнага рэгуляваньня сфэраў дзейнасьці няма, ёсьць іх прыкладны пералік, — удакладняе Дзяніс Багданаў. — Канчатковае рашэньне — рэгістраваць ці не — застаецца за адміністрацыяй парку. Рэзыдэнтам можа быць абсалютна любая кампанія, незалежна ад краіны паходжаньня. Што тычыцца беларускіх суб’ектаў гаспадараньня, аўтаматычна атрымаць прэфэрэнцыі ня ўдасца, паколькі ўсё ж гэта прадугледжвае новыя ці высокатэхналягічныя вытворчасьці».

Паводле Багданава, зямля ў парку можа быць набытая ва ўласнасьць або на правах арэнды. У абодвух выпадках ільготы даюцца на 50 гадоў, пачынаючы ад 2012-га, калі пачаў дзейнічаць асаблівы рэжым на тэрыторыі «Вялікага каменя». Пасьля гэтага ўсе палёгкі будуць скасаваныя.

Як кіруюць паркам

Удзельнікаў сэмінару цікавіла структура кіраваньня індустрыяльным паркам. Як патлумачыў Дзяніс Багданаў, гэта трохступеньчаты орган, кожная «ступень» якога мае свае паўнамоцтвы.

«Найвышэйшы орган — гэта Міждзяржаўная рада на ўзроўні кіраўнікоў Кітаю і Беларусі, — зазначыў ён. — Апэратыўнае кіраваньне ў руках адміністрацыі парку — гэта своеасаблівы „выканкам“, які кіруе гэтай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай. Нарэшце, сумесная беларуска-кітайская кампанія, якая займаецца будаўніцтвам інфраструктуры і продажам зямлі, камунікацый рэзыдэнтам. Фактычна кампанія сумяшчае бізнэс і кіраваньне тэрыторыяй».

Абяцаныя перавагі і забароны парку

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», 2015 год
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», 2015 год

​Дзясятак пераваг працы ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку:

  • Не патрэбен дазвол ад Нацыянальнага банку на валютныя аэрацыі
  • Адсутнасьць патрабаваньня абавязковага продажу валюты на біржы
  • Стаўка падаходнага падатку для работнікаў зьніжаная з 13% да 9%
  • Нізкія арэндныя стаўкі
  • Ільготы на асобныя энэргарэсурсы
  • Свабодныя цэны на тавары ўласнай вытворчасьці
  • Адсутнасьць квотаў на вытворчасьць
  • Магчымасьць прыцягваць да працы іншаземцаў
  • Абмежаваньне праверак рэзыдэнтаў
  • Гарантыя абароны інвэстыцый

Вытворчасьці, катэгарычна забароненыя на тэрыторыі «Вялікага каменя»:

  • Наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчаў і прэкурсараў
  • Вырошчваньне, перапрацоўка культур, якія зьмяшчаюць атрутныя рэчывы
  • Вытворчасьць алькагольных напояў
  • Вытворчасьць тытунёвых вырабаў
  • Выраб блянкаў каштоўных папераў
  • Падрыхтоўка і трансьляцыя радыё- і тэлеперадач
  • Лячэньне людзей і жывёл з асабліва небясьпечнымі хваробамі

Цэны на зямлю і нерухомасьць, як у Менску

Аляксандар Антонаў, юрыст практыкі будаўніцтва і нерухомасьці агенцтва REVERA, удзельнічаў у падрыхтоўцы ўказу пра зьмены прававога рэжыму парку. Адзначыў, што працэдура афармленьне дакумэнтаў, найперш зацьвярджэньне праекту і пляну будаўніцтва, можа расьцягнуцца на год-два, таму ня варта разьлічваць, што дывідэнды будуць вельмі хутка.

Па яго словах, мінімальны зямельны надзел, які можна набыць, — 1 гектар. Цана будзе вагацца ў межах 30-50 даляраў за квадратны мэтар. Арэнда крыху меншая, але, калі зазіраць у будучыню, праз 45 гадоў цэны вырастуць шматразова.

Аляксандар Антонаў
Аляксандар Антонаў

«Што тычыцца нерухомасьці, то стаўкі наступныя, — тлумачыць Аляксандар Антонаў. — Арэнда гатовых модуляў — у сярэднім 4,5 даляра за квадратны мэтар. Арэнда памяшканьняў у офісным цэнтры — 13-17 даляраў за мэтар (на жаль, усе месцы ўжо зарэзэрваваныя). Аднак кітайскія кампаніі актыўна будуюць уласныя офісы, адпаведна, плошчы будуць вызваляцца. Яшчэ адзін плюс у тым, што праектаваньне можа адбывацца паводле замежных праектных нормаў».

Па вялікім рахунку, арэндныя стаўкі супастаўныя з цэнамі на рынку нерухомасьці ў Менску — тыя ж самыя 3-6 даляраў на вытворчых плошчах і 10-20 даляраў за офісныя памяшканьні.

Але ня толькі рэзыдэнты будуць працаваць на індустрыяльнай тэрыторыі. Паводле экспэрта, «Вялікі камень» — гэта ў пэрспэктыве асобны горад з крамамі, гатэлямі, забаўляльнымі ўстановамі, жылымі дамамі. Адпаведна, забудоўнікі змогуць прэтэндаваць на большы пералік ільготаў, за выключэньнем падатковых.

«Менск-таўн» — кітайскі трамплін у Эўропу. Рэпартаж з будучага кітайскага гораду ў Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG