Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск-таўн» — кітайскі трамплін у Эўропу. Рэпартаж з будучага кітайскага гораду ў Беларусі


Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, ілюстрацыйнае фота
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, ілюстрацыйнае фота

Галяндзкія СМІ пішуць пра Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень» як частку праекту Шаўковага шляху.

У колах нідэрляндзкіх прадпрымальнікаў расьце цікавасьць да новага Шаўковага шляху — амбіцыйнага кітайскага праекту, які зьвяжа Эўропу з Цэнтральнай Азіяй ды Далёкім Усходам і дзе адным з найважнейшых вузлавых пунктаў мае стаць Беларусь.

Як піша галяндзкае выданьне Trouw, «новы кітайскі Шаўковы шлях — гэта сеткавая інфраструктура, якая злучыць найбуйнейшыя вытворчыя цэнтры Кітаю з Эўропай і Паўночнай Афрыкай. У наступныя 20 гадоў КНР будзе інвэставаць сотні мільярдаў даляраў у чыгуначныя, аўтамабільныя дарогі, парты і трубаправоды ў дзясятках краінах сьвету».

Днямі галяндзкі незалежны інстытут эканамічных дасьледаваньняў Panteia арганізаваў навукова-практычны сэмінар з удзелам зацікаўленых прадстаўнікоў бізнэс-колаў, а таксама ўрадавых дэлегацый з Кітаю, Беларусі і Польшчы. Падчас мерапрыемства абмяркоўваўся досьвед і магчымасьці гэтых краінаў у сувязі з гэтым маштабным праектам, а таксама пытаньні, зьвязаныя з будучымі чыгуначнымі і марскімі зносінамі Нідэрляндаў і КНР. Тrouw надрукавала рэпартаж свайго карэспандэнта Міхіла Дрыбэргэна з будучага чайна-таўна ў Менску.

Новы кітайскі горад пад Менскам

«Калі глядзіш на яго з паветра, — пачынае свой артыкул Міхіл Дрыбэргэн, — адчуваньне такое, што нехта гіганцкімі нажніцамі выразаў вялікую частку яловага лесу. Пакуль гэта ўсё ўспрымаецца як вялікая сьнежная раўніна. Але кітайцы тут ужо ёсьць і працягваюць прыбываць. У міжнародным аэрапорце, акрамя расейскай ды ангельскай моваў, пачуеш кітайскую».

Рашэньне пра адраджэньне Кітаем гандлёвых сухапутнага ды марскога маршрутаў у межах эўраазіяцкага рэгіёну было прынятае кіраўніцтвам краіны ў 2013 годзе. Тады кітайскі лідэр Сі Цзіньпін назваў Беларусь адной з найважнейшых вузлавых плятформаў Шаўковага шляху, а Менск — яго «каштоўным каменем». У рамках мэгапраекту бакі заплянавалі рэалізаваць 90 сумесных інвэстыцыйных праектаў.

«Тут паўстане зусім новы горад», — кажа галяндзкаму журналісту Дар’я Maцкевіч, прадстаўніца кітайска-беларускай кампаніі па разьвіцьцю індустрыяльнага парку. З дапамогай лазэра яна паказвае мадэлі розных будынкаў, таксама лягістычныя цэнтры.

На тэрыторыі ў 90 кв. км плянуецца разьмясьціць вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавы і навукова-дасьледчы цэнтры.

На стадыі будаўніцтва інфраструктуры транспартнай дзяржаўнай кампаніі China Merchants Group са штаб-кватэрай у Ганконгу, якая інвэставала ў парк ня менш за паўмільярда даляраў ЗША. Паводле Дар’і Мацкевіч, «першая іх мэта — выйграць месца ў Эўраазіяцкім саюзе, з тым каб распаўсюджваць кітайскія тавары ў рэгіёне. Эўропа — гэта ўжо наступны крок»

Летась у траўні ў Менск з паўднёвакітайскага мэгаполісу Шэньчжэнь прыбыў першы цягнік, поўны электронікі і аўтамабільных частак. Маршрут працягласьцю 10 000 км удалося пераадолець за два тыдні. У той час як морам танкеры з кантэйнэрамі дабіраюцца да Эўропы за месяц.

«Вялікі камень» знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці ня толькі зь менскім міжнародным аэрапортам, але і з чыгункай, аўтамабільнай магістральлю Масква — Бэрлін. Таксама ёсьць чыгунка побач з аэрапортам, але яна пакуль яшчэ не зьвязаная з будаўнічай пляцоўкай.

Як адзначае галяндзкі журналіст, «па беласьнежнай тэрыторыі парку, дзе лунаюць чырвоныя кітайскія і чырвона-зялёныя беларускія сьцягі, ходзяць апранутыя ў белае кітайскія будаўнікі. Яны ўсьміхаюцца, але на кантакт, як і іхныя босы, не ідуць».

Беларускі батут для азіяцкіх тыграў

Леанід Заіка, архіўнае фота
Леанід Заіка, архіўнае фота

«Гэты парк для кітайцаў ёсьць спосабам выйсьці на эўрапейскі рынак, — цытуе выданьне беларускага эканаміста Леаніда Заіку, які выкладаў ва ўнівэрсытэтах Бэрліну, Масквы, Пэкіну. — Для Беларусі гэта будзе добра, калі яна атрымае шмат грошай. Прэзыдэнт Лукашэнка, якога часта называюць „апошнім дыктатарам Эўропы“, у 1990-я шмат глядзеў у бок Кітаю. Кітай, як і Беларусь, урэшце сацыялістычная краіна. Вось кітайцы і прышлі. А беларуская эканоміка занадта залежыць ад экспарту таннай, рафінаванай у Беларусі расейскай нафты. Мабыць, Лукашэнка хоча зрабіць зь Беларусі батут для „азіяцкіх тыграў“ з Сынгапуру, Пэкіну і Ганконгу».

Летась у парк прыйшлі 23 прамысловыя кампаніі. Пераважна гэта кітайскія і беларускія вытворцы і транспартнікі. Але пасьля ўказу прэзыдэнта аб вызваленьні ад падатку на прыбытак на працягу дзесяці гадоў рызыкнулі зарэгістравацца аўстрыйская мэблевая фірма, нямецкі сьвятлодыёдны лямпавы вытворца, амэрыканская кампанія, якая спэцыялізуецца ў галіне лазэрнай тэхнікі.

«Што да чаканай лягістычнай дзейнасьці, то Леанід Заіка настроены скептычна, — піша выданьне. — Як адзначае аналітык, Беларусь мае невялікую і закрытую эканоміку, якая падпарадкоўваецца некалькім сем’ям. Усё залежыць ад патрэбаў гэтай кіроўнай намэнклятурнай клясы. Краіна ж не гатовая да рынкавых рэформаў».

Што да 6000 працоўных месцаў, якія, паводле адміністрацыі парку, маюць стварыць да 2020 году, то гэта эканаміста таксама ня надта ўражвае. Урад, лічыць ён, мог бы інвэставаць больш сродкаў у распрацоўку новых тэхналёгій, такіх як 3D-друкаркі, робататэхніка і электратранспарт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG