Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец і блогер Кныровіч у судзе прызнаў віну часткова


Аляксандар Кныровіч
Аляксандар Кныровіч

Кіраўнік групы кампаній «Сармат» Аляксандар Кныровіч, якога ўчора пачалі судзіць за нявыплату падаткаў і хабарніцтва, не прызнаў частку віны і захацеў даваць паказаньні пасьля апытаньня сьведак.

19 красавіка ў працэсе над дырэктарам і сузаснавальнікам кампаніі «СарматТэрма-Інжынірынг» і чатырма адказнымі супрацоўнікамі гэтай кампаніі пракурор закончыла абвяшчэньне абвінавачаньня, пачатае 18 красавіка.

На пытаньне судзьдзі, ці прызнае Аляксандар Кныровіч сябе вінаватым, ён адказаў, што «прызнае часткова». Гэта тычыцца абодвух абвінавачаньняў — у нявыплаце падаткаў і хабарніцтве.

Паводле абвінавачаньня ў нявыплаце падаткаў Кныровіч сказаў, што «ня згодны з мэтодыкай разьлікаў» і з тым, як сьледчыя вызначылі пэрыяды заніжэньня сумы падаткаў. Падсудны дапусьціў, што магла закрасьціся памылка больш як на 60 тысяч рублёў. Таксама, паводле Аляксандра Кныровіча, у яго не было намеру ўхіляцца ад выплаты падаткаў. Усяго, паводле сьледзтва, з 2008 году кампанія Кныровіча не сплаціла падаткаў больш як на 3,3 мільёна беларускіх рублёў.

Бізнэсоўца Кныровіча абвінавацілі ў нясплаце падаткаў больш як на 3 мільёны рублёў. Рэпартаж з суду

Часткова прызнаў віну Аляксандар Кныровіч і паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве. Ён пагадзіўся, што даваў загады падначаленаму супрацоўніку кампаніі «СарматТэрма-Інжынірынг» Яўгену Папоўскаму аб перадачы грошай пэўным асобам, але назваў гэта «ўзнагароджаньнем». Кныровіч прызнаў суму ў 14 тысяч рублёў, між тым сьледзтва кажа пра тры выпадкі хабару на агульную суму 16 тысяч (першы хабар 5 тысяч рублёў, другі — 1 тысяча, трэці — 10 тысяч рублёў і бутэлька каньяку).

Падчас суду 18 красавіка 2018 году. За кратамі (зьлева направа) Андрэй Кускоў, Уладзімер Дашкевіч і Аляксандар Кныровіч
Падчас суду 18 красавіка 2018 году. За кратамі (зьлева направа) Андрэй Кускоў, Уладзімер Дашкевіч і Аляксандар Кныровіч

Падсудныя Ўладзімер Дашкевіч, Андрэй Кускоў і Ігар Максімаў прызналі віну цалкам, Яўген Папоўскі прызнаў віну часткова.

«Не прызнаю, што перадаваў хабар па змове», — удакладніў сваю пазыцыю былы намесьнік дырэктара кампаніі.

Пры вырашэньні пытаньня пра парадак судовага сьледзтва Аляксандар Кныровіч захацеў даваць паказаньні пасьля выступу сьведак, абвінавачаных і вывучэньня матэрыялаў справы.

У другой палове 19 красавіка суд пачне дапытваць сьведак у справе.

Судзяць бізнэсоўца Кныровіча. Хто гэта і ў чым яго абвінавачваюць

На маці Кныровіча ў Расеі была зарэгістравана фірма, якую сьледзтва лічыць «падстаўной»

Паводле сьледзтва, зарэгістраваная на маці Аляксандра Кныровіча Галіну Бакун у 2012 годзе ў Санкт-Пецярбургу фірма «СТІ-трэйдынг» насамрэч была фіктыўнай кампаніяй, якая прызначалася для зьмяншэньня сумы падаткаў, якія плаціла ў беларускі бюджэт фірма Кныровіча «СарматТэрма-Інжынірынг».

Сьледзтва сьцьвярджае, што валодае дакумэнтамі, якія даказваюць гэтую незаконную схему. Больш за 4 гадзіны ў другой палове 18 красавіка і ў першай палове 19 красавіка пракурор зачытвала суду нумары таварных накладных на таваразварот «СарматТэрма-Інжынірынг» з «падстаўной» расейскай фірмай. Паводле сьледзтва праз «пасярэдніка» падымаліся цэны на прадукцыю, якую фірма Кныровіча прадавала камунальнікам.

Падчас суду
Падчас суду

Працэс над беларускім бізнэсоўцам і блогерам Аляксандрам Кныровічам, якога вінавацяць у нявыплаце падаткаў на буйную суму і хабарніцтве, пачаўся 18 красавіка ў Фрунзэнскім раённым судзе Менску. Працэс вядзе судзьдзя Юлія Крэпская.​

Усяго Кныровічу паставілі ў віну больш за 3,3 мільёна рублёў (1,6 мільёна даляраў) нявыплачаных падаткаў. Паводле сьледзтва, Кныровіч вінаваты і ў арганізацыі хабарніцтва ў трох эпізодах: 5 тысяч рублёў і 1 тысячы рублёў у Менску і 10 тысяч рублёў з бутэлькай каньяку «Арарат» у Берасьці.

​КДБ арыштавала бізнэсоўцу і блогера Кныровіча ў студзені 2017 году, з таго часу яго трымалі пад вартай у СІЗА КДБ. Аляксандар Лукашэнка амаль адразу па затрыманьні Кныровіча заяўляў аб адназначнай вінаватасьці бізнэсоўца: маўляў, «таўро на ім ставіць няма дзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG