Штотыдзень у рубрыцы «Варта» мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае журналіст і перакладчык Ян Максімюк.
Якія кнігі вы чытаеце цяпер?
Здараецца, што я раўнабежна чытаю і дзясятак кнігаў. Некаторыя зь іх не дачытваю. Калі мне было гадоў 16, я дачытваў усё, што пачынаў. Цяпер, калі мне ўжо амаль 60, у мяне няма ні часу, ні ахвоты дачытваць кнігі, якія «не забіраюць» на першых дзесяці старонках.
Сказаўшы гэта, мушу таксама сказаць, што некаторыя кнігі я чытаю зь перапынкамі і даволі доўга. Для прыкладу, я даўно пачаў чытаць другую кнігу «Хвілінкі» Ігара Бабкова і «Завяршыць гештальт» Максіма Шчура, якія яшчэ ня скончыў, і яны ўвесь час ляжаць каля майго ложка ў стосе кнігаў, што чытаюцца «цяпер»…
Сярод іншых кнігаў у гэтым стосе: «Liberty», раман пра Афрыку дацкага пісьменьніка Якаба Эерсбо; «Mein Kampf» Адольфа Гітлера ў чэскім перакладзе; «Introduction to Phenomenology» ірляндзкага філёзафа Дэрмата Морана; «Інтернат» украінскага пісьменьніка Сяргея Жадана»; «Па Прыпяці па Нобэль», кніга рэпартажных занатовак з падарожжа па ўкраінскім Палесьсі беластоцкай журналісткі Ганны Кандрацюк, «La Vie sexuelle de Catherine M.», зьлёгку парнаграфічны раман францускай пісьменьніцы Катрын Міле, які я часова пазычыў калезе на працы; «Sonne und Mond», раман аўстрыйскага пісьменьніка Альбэрта Парыса Гютэрсьлё.
У строга цяперашнім часе я чытаю дзьве рэчы: 1) напісаны па-падляску раман «Podych temry» Віктара Стахвюка, які я паабяцаў аўтару адрэдагаваць у нармалізаваным падляскім правапісе лацінкай; 2) казкі і іншыя гісторыі Ганса Крыстыяна Андэрсэна па-дацку, з прыцэлам выбраць штук дваццаць самых крутых тэкстаў і перакласьці іх на падляскую мову ды выдаць у Беластоку з прыгожымі ілюстрацыямі. (Можна, канешне, з гэтага сьмяяцца ці ставіцца зь недаверам, але на Беласточчыне ў апошнія гады наступіў boom для выданьняў па-падляску. Прыкладам, выдадзеныя некалькі месяцаў таму ў колькасьці 500 асобнікаў «Kazki po-svojomu» прадаліся практычна за некалькі дзён, нават не пасьпеўшы даехаць як сьлед да кнігарняў. Кнігу раскупілі «па-блату» дзіцячыя садкі, у якія ходзяць дзеткі падляскіх беларусаў.)
Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?
«Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. І «Critical Theory Today. A User-Friendly Guide» Лойс Тайсан. Гэта кніжкі, калі можна так сказаць, з супрацьлеглымі мэтамі. Першая зь іх імкнецца зацямніць як мага больш кніжную рэчаіснасьць, напускаючы на яе розныя загадкі, таямніцы і літаратурныя фінты. Другая, наадварот, стараецца праліць як найбольш сьвятла над затуманенай багнай пад назвай «тэорыя літаратуры».
Сабакі беларускай беспрытульнасьці
Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?
І гэтае названае, і нешта іншае. Я стараюся рэгулярна заглядаць у літаратурныя рубрыкі заходніх газэтаў на тых мовах, на якіх больш-менш свабодна чытаю: ангельскай, францускай, нямецкай. Ну і ў мяне таксама ёсьць некалькі сотняў літаратуразнаўчых кніг ды кніг па сучаснай гісторыі розных нацыянальных літаратураў, якія выкарыстоўваю як даведнікі ў пошуках цікавых аўтараў і твораў…
Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…
Самыя цікавыя рэчы апошнім часам, які ўжо трывае для мяне больш чым два дзесяцігодзьдзі, я даведваюся з інтэрнэту. А з кнігаў я даведваюся, калі пашанцуе, пра цікавыя сюжэты і літаратурныя стылі.
Як ні круці, самыя цікавыя сюжэты трапляюцца амаль выключна ў дэтэктывах. Некалі я ставіўся да гэтага жанру даволі грэбліва. А цяпер нічога — чытаю ахвотна. Калі б вы захацелі вывучыць нарвэскую і дацкую мовы, няма лепшага спосабу, як узяць добры нарвэскі слоўнік і дэтэктыў Ю Нэсбё або добры дацкі слоўнік і дэтэктыў Юсі Адлера-Ольсана…
А калі вам ахвота пачытаць нешта менш «сюжэтнае», а больш «стылістычнае», вазьміце сабе любы з раманаў Марсэля Пруста з цыклу «Ў пошуках страчанага часу». Або «Выхаваньне пачуцьцяў» Флябэра.
Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?
Калі гаварыць пра клясыку ХІХ стагодзьдзя, дык апошнім часам нічога такога я не прачытаў. Праўда, некалькі месяцаў назад я ўзяўся чытаць раман Віктора Гюго «Les Misérables» у ангельскім перакладзе, але здаўся пасьля 50 старонак. І яшчэ спрабаваў чытаць клясычны раман Яна Патоцкага «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» ў новым польскім перакладзе, але таксама не зайшоў далей за пачатак. Да гэтай кнігі, як здаецца, я яшчэ вярнуся…
Калі казаць пра ХХ стагодзьдзе, дык я прыгадваю некалькі клясычных раманаў, якія я чытаў упершыню апошнім часам. Але акрэсьленьне «апошнім часам» азначае тут не апошнія тыдні ці нават месяцы, а некалькі апошніх гадоў. Сярод гэтых раманаў былі: «Сходы Штрудльгофа» (1951), неверагодна прыгожы раман пра Вену аўстрыйскага пісьменьніка Гайміта фон Додэрэра, які я чытаў «паралельна», у арыгінале і ў польскім перакладзе; нігілістычныя фантасмагорыі «Падарожжа на ўскрай ночы» (1932) і «Сьмерць у крэдыт» (1936) францускага пісьменьніка Люі-Фэрдынанда Сэліна, у расейскіх перакладах; магічная мужыцкая эпапэя «Тысячагадовая пчала» (1979) славацкага пісьменьніка Пэтра Яраша, у арыгінале.
Вялікая літаратура пра вялікія гарады
Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?
Няма ў мяне часу і ахвоты, каб параўноўваць адных зь іншымі і складаць асабістыя рэйтынгі ацэнкі і любові. Я проста чытаю ахвотней тое, што падабаецца зь першай старонкі, чым тое, што «не забірае» і пасьля дзесяці старонак. Такіх чытабэльных аўтараў процьма. Назаву толькі некаторых. З раманістаў: француз Патрык Мадыяно; нарвэжцы Ларс Собю Крыстэнсэн, Хетыль Б’ёрнстад і Ю Нэсбё; амэрыканец Кормак Маккарты… З паэтаў: датчане Хенрык Нордбрандт і Ная Марыя Айдт; паляк Адам Загаеўскі. З драматургаў: нарвэжац Юн Фосэ… Замежных крытыкаў і журналістаў я занадта ня ведаю (проста няма часу ўдумліва іх чытаць)… Зь беларускіх аўтараў я ахвотна чытаю празаікаў Альгерда Бахарэвіча, Макса Шчура, Ігара Бабкова… паэтаў Андрэя Хадановіча, Вальжыну Морт, Ігара Бабкова, Макса Шчура… кінакрытыка Ірэну Кацяловіч… літаратурнага крытыка Ціхана Чарнякевіча… журналістку Алену Германовіч…
Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?
Кніга «Sonne und Mond» (1962) аўстрыйскага пісьменьніка і мастака-жывапісца Альбэрта Парыса Гютэрсьлё. Гэта найбольш асаблівая кніга, якую мне даводзілася чытаць у жыцьці. Увесь сюжэт кнігі выкладзены ў 16 радках на пачатку першага зь пятнаццаці яе разьдзелаў, а ўсе астатнія 820 старонак — галаваскрутны літаратурны камэнтар да таго, што адбываецца ў кнізе (ці лепш сказаць, да таго, што там не адбываецца). Клясычны раманны расповед амаль татальна падменены філязафічна-літаратурным эсэ. Пачварных памераў аўтарскі камэнтар да абмежаваных у часе і прасторы сюжэтных падзей ператвараецца ў камэнтар да ўсяго часу і ўсяе прасторы чалавечага жыцьця. Калі б не польскі пераклад гэтага раману, я б пра яго, магчыма, і ня ўведаў. Кніга выйшла ў Мюнхэне ў 1962 годзе і сярод літаратурных крытыкаў лічыцца гістарычнай вяхой у разьвіцьці раманнай формы, аднак з таго часу не ўзнаўлялася. Больш за паўстагодзьдзя пасьля яе выданьня я бяз клопату купіў амаль новенькі экзэмпляр «Сонца і месяца» ў нямецкай букіністычнай краме ў інтэрнэце. Дарэчы, і польскі пераклад, які зьявіўся ў 1967 годзе, набываецца ў букіністаў без праблемаў. «Хай чорт пабярэ кнігі, якія чытач разумее!» (Der Teufel hole die Bücher, die einer versteht!) — піша Гютэрсьлё на 414-й старонцы. Нягледзячы на тое, што ягоная кніга — жахліва занудная і нястраўная, яна таксама месцамі вельмі сьмешная…
Ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?
Ледзь не заплакаў, калі расказваў дванаццацігадовай дачце сюжэт толькі што прачытанай кніжкі для дзяцей «Кот, які любіў дождж» швэдзкага аўтара Хенінга Манкеля.
Жыхары Краіны Дажджоў
Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?
Глядзі адказ на пытаньне «якая кніга давяла да сьмеху».
Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?
Фэнтэзі. Дома ў мяне сотні кнігаў гэтага жанру на польскай мове — бо жонка і малодшы сын ахвотна чытаюць такую літаратуру. А я не спакусіўся ні разу. Сорамна прызнацца, але я не прачытаў нават «Уладара пярсьцёнкаў» — паглядзеў экранізацыю, і гэтага хапіла.
Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?
Пераважна папяровыя кніжкі. З чыталкі Kindle — у сярэднім адну кнігу на дзесяць папяровых. Чытаю наогул вечарам, калі ўжо пачышчу зубы, надзену піжаму і лягу ў ложак. Найчасьцей засынаю пры чытаньні, і жонка, перш чым сама засьне, адкладвае маю кнігу на стос каля ложка ды здымае мае акуляры…
Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?
Толькі збольшага. Падазраю, што мая хатняя бібліятэка налічвае ўжо больш чым тры тысячы кнігаў, якія стаяць у чатырох пакоях на паліцах у два і тры шэрагі. Немагчыма запомніць дакладна, дзе што стаіць, асабліва ў задніх шэрагах. Прыходзіла думка, каб зрабіць нейкі каталёг, але я не спрабаваў ажыцьцявіць яе…
Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?
Напрыклад, манаграфія «Кітайскае пісьмо» на чэскай мове. Кожны раз, калі мой зрок чапляе гэтую кнігу на паліцы, я стараюся прыгадаць — заўсёды марна! — які імпульс схіліў мяне набыць яе ў акадэмічнай кнігарні пры пляцы Вацлава гадоў восем таму.
Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?
Відаць, гэта быў савецкі буквар, некалькі асобнікаў якога прывёз у нашую вёску нейчы сваяк з СССР ў пачатку 1960-х. Адзін з асобнікаў — з партрэтамі Хрушчова і Гагарына — дастаўся мне. Гэта была адна зь першых кніжак, зь якой, побач з царкоўнаславянскім псалтыром, я пачаў вывучаць кірылічную азбуку пры дапамозе маёй бабулі Марыі.
Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?
Улюбёны герой дзяцінства — Рабінзон Круза. Кніжка пра яго, у расейскім перакладзе, была адной зь першых маіх прыгодніцкіх кніжак. Чытала яе мне бабуля, а таксама бацькі, тлумачачы незразумелыя словы, якіх была процьма. Мы жылі на хутары, далекавата ад іншых людзей у вёсцы, і мне было даволі лёгка атаясьняцца з Рабінзонам. Праўда, крыху пазьней, калі ў мяне ўжо пачаў фармавацца крытычны падыход да прачытанага, я задаўся пытаньнем — а хто стрыг Рабінзона Круза? Мама сказала мне, што на яго бязьлюдны востраў час ад часу наведваліся дзікуны, накручвалі ягоныя валасы на цьвікі і вырывалі… Такім чынам яна хацела даць мне зразумець, што мае пакуты падчас бацькавай стрыжкі — дробязь у параўнаньні з тым, што даводзілася выцерпець Рабінзону…
Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?
Ня столькі, колькі хацелася. Кнігаў у нашай хаце на Падляшшы ў мой дашкольны пэрыяд амаль не было, а ў пачатковай школе ў Гародчыне, куды я хадзіў у 1965—1973 гг., уся бібліятэка складалася з трох шафаў. Дзесьці да шостай клясы я прачытаў усе бібліятэчныя кнігі, уключна з мэтадычнымі дапаможнікамі для настаўнікаў і слоўнікамі. А потым быў вымушаны перачытваць…
Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?
«Сонца і месяц» Альбэрта Парыса Гютэрсьлё. У арыгінале, natürlich. Бо расейскага і ангельскага перакладу нямаш…
Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?
Джэймса Джойса, Гайміта фон Додэрэра, Багуміла Грабала.
Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?
Багуміла Грабала.
Што вы перачытваеце?
Клясыку і слоўнікі.
Па-беларуску давялося перачытаць «Чужую бацькаўшчыну» і «Год нулявы» Вячаслава Адамчыка ды «Лонву» Івана Пташнікава. Гэта мае найбольш улюбёныя кнігі зь беларускай клясыкі.
Зь іншых літаратураў: «Ідыёта» Дастаеўскага, «Мадам Бавары» Флябэра, «Голад» Гамсуна, «Сто гадоў адзіноцтва» Маркеса, «Сьвятло ў жніўні» Фолкнэра…
Па некалькі разоў я чытаў даступныя мне слоўнікі з рэгіянальнай лексікай беларускага і ўкраінскага Палесься ды Падляшша.
Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?
Ёсьць куча кніжак, якія мне трэба прачытаць неадкладна, у сувязі з маёй роляй апекуна рубрыкі «Варта» на Свабодзе. І ёсьць каля чатырох сотняў кнігаў, якія я зьбіраў цягам чатырох апошніх гадоў, каб на іх аснове напісаць адну сваю.
А вось з такіх кнігаў, якіх мне ня трэба чытаць, я пляную бліжэйшым часам пачытаць трохі паэзіі — зборнікі грэкаў Адысэаса Элітыса і Ёргаса Сэфэрыса ды Дэрэка Ўолката з карыбскага вострава Сэнт-Люсія.