На прэсавай канфэрэнцыі па выніках пасяджэньня рады кіраўнікоў МЗС краін СНД 6 красавіка ў Менску выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў і міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей сказалі, што ім давялося выйсьці за межы парадку дня.
У парадку дня сустрэчы міністраў тэмы атручваньня Скрыпалёў у Вялікай Брытаніі не было. Але яна стала нагодай для абмеркаваньня. Міністры вырашылі прыняць адмысловую заяву і нават зацьвердзілі яе назву — «Аб недапушчальнасьці ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаў», але тэкст пакуль не напісалі.
Дакумэнт даручылі дапрацаваць кіраўніцтву СНД. Паводле Лебедзева, ініцыяваў заяву расейскі бок, а беларусы, як гаспадары сустрэчы, падтрымалі.
Украіна ігнаруе менскую сустрэчу міністраў замежных справаў СНД
Лебедзеў заявіў журналістам, што «цяпер галоўны прынцып міжнароднага жыцьця — неўмяшаньне ва ўнутраныя справы іншых краін — размываецца, асабліва з боку Захаду».
Міністар Макей сказаў, што Беларусь яшчэ раз пацьвярджае сваю пазыцыю наконт катэгарычнай недапушчальнасьці ўжываньня хімічнай зброі ў любым месцы і ў любы час.
«Разам з тым Беларусь выступае супраць навешваньня якіх-небудзь ярлыкоў, пакуль ня будзе дадзеная аб’ектыўная ацэнка таму, што адбылося ў Солсбэры», — сказаў Макей.
Макей і Лебедзеў сказалі журналістам, што кіраўнікоў дэлегацый краін СНД прыняў Аляксандар Лукашэнка. Зь іхніх словаў, прэзыдэнт Беларусі вельмі занепакоены міжнароднай напружанасьцю, якая ўзьнікае з прычыны расхістваньня сыстэмы супрацьвагаў.
* * *
Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Брытанскія ўлады абвінавацілі Расею ў датычнасьці да хімічнай атакі ў Солсбэры на той падставе, што Скрыпалі былі атручаныя баявым атрутным рэчывам «Навічок», распрацаваным у СССР.
14 сакавіка пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў заявіла прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі больш за 20 краінаў сьвету. Міністэрства замежных справаў Расеі абвясьціла аб «люстраных мерах» у дачыненьні да 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпляматаў.
Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі, што асьцерагаецца за сваё жыцьцё.