Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнігаўскі суд адхіліў хадайніцтва ў справе «беларускага шпіёна»


Юры Палітыка
Юры Палітыка

Чарнігаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласьці зноў перанёс падрыхтоўчае паседжаньне ў справе грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, які абвінавачваецца ў зборы сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы. Наступнае паседжаньне адбудзецца 13 красавіка.

«Сёньня на паседжаньні разглядалася наша хадайніцтва пра адвод калегіі судзьдзяў праз працэсуальныя парушэньні. Суд прызнаў наяўнасьць некаторых парушэньняў, але палічыў іх недастатковымі для адводу. Далей справу будзе разглядаць гэтая ж калегія», — паведаміў Свабодзе адвакат Тарас Герэлюк.

Паводле яго, судзьдзі пакуль не пачалі працэдуру разгляду адпаведнасьці ўкраінскаму заканадаўству абвінаваўчага акту, выстаўленага Юрыю Палітыку. «Гэта і ёсьць прадмет разгляду на падрыхтоўчых паседжаньнях», — дадаў ён.

Юры Палітыка на лаве падсудных у лютым
Юры Палітыка на лаве падсудных у лютым

Тарас Герэлюк таксама паведаміў, што абаронцы Юрыя Палітыкі ўжо азнаёміліся з матэрыяламі ягонай крымінальнай справы ў поўным аб’ёме. Матэрыялы выкладзеныя ў трох тамах на 623 старонках. Да крымінальнай справы таксама далучаныя матэрыялы на электронных носьбітах агульнаю працягласьцю каля 40 гадзін, у тым ліку запісы працэсу затрыманьня, а таксама негалосных сьледчых дзеяньняў, што праводзіліся сьледчымі да моманту затрыманьня.

На наступным паседжаньні суд таксама мае разгледзець пытаньне аб падоўжаньні арышту Юрыя Палітыкі, бо тэрмін папярэдняга рашэньня аб трыманьні яго пад вартаю завяршаецца 14 красавіка.

Юрыя Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне быў знойдзены зашыфраваны файл з мапаю разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».

За паўгоду да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Справа супраць беларуса была адкрытая на падставе заявы вайскоўца Дзьмітрыя Острыка, які цяпер знаходзіцца ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе. Паводле Юрыя Палітыкі, ён пазнаёміўся з Дзьмітрыем Острыкам у грамадзкай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагала памежнікам ахоўваць дзяржаўную мяжу Ўкраіны. Беларус хацеў працаваць валянтэрам у гэтай арганізацыі.

Юрыю Палітыку пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці. Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ менавіта на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG