Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На наступны дзень пасьля выбараў у БДУІР паднялі кошт навучаньня


Студэнты на датэрміновым галасаваньні, ілюстрацыйнае фота
Студэнты на датэрміновым галасаваньні, ілюстрацыйнае фота

На наступны дзень пасьля мясцовых выбараў для студэнтаў платнай формы навучаньня Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі павысілі кошт навучаньня. На дзённай форме навучаньня гадавая плата вырасла са 155 да 270 рублёў.

Загад аб павышэньні цэнаў з 1 сакавіка падпісаў 19 лютага рэктар БДУІР Міхаіл Батура. Раней цэны на навучаньне павялічвалі (старонка ў кэшы Google) 22 чэрвеня 2017 году. Аплату навучаньня ў вясновым сэмэстры ў БДУІР падзялілі на два плацяжы: да 1 сакавіка і да 1 траўня.

Максымальнае павелічэньне цэнаў на 270 рублёў зафіксавана на самым дарагім факультэце — кампутарных сыстэм і сетак. Навучаньне на першым і другіх курсах дзённага аддзяленьня цяпер тут будзе каштаваць 3020 рублёў за навучальны год.

На факультэце інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня і інжынэрна-эканамічным факультэце навучаньне будзе каштаваць 2780 рублёў. Паводле тарыфаў за чэрвень 2017 году адукацыя тут каштавала 2530 рублёў за навучальны год.

На першых і другіх курсах факультэтаў кампутарнага праектаваньня, радыётэхнікі і электронікі кошт навучаньня зьменшылі на 75 рублёў. Ад 1 сакавіка першакурсьнікі і другакурсьнікі будуць плаціць за навучальны год 2480 рублёў. Для студэнтаў трэцяга курсу гэтых факультэтаў аплату павялічылі на 200 рублёў, цяпер год навучаньня каштуе 2250 рублёў.

Для студэнтаў чацьвёртага курса факультэтаў дзённага аддзяленьня кошт навучаньня не зьмяніўся.

На вечаровым аддзяленьні БДУІР кошт навучаньня павялічылі на 155 рублёў. За год навучаньня студэнты першага і другога курсаў будуць плаціць 1750 рублёў.

На завочным аддзяленьні кошт навучаньня зьмяніўся на 70–95 рублёў у залежнасьці ад курсу. На 4–6 курсах цэны ў завочнікаў не зьмяніліся.

Прарэктар БДУІР Алена Жывіцкая і загадчыца плянава-фінансавага аддзелу Ірына Дубава адмовіліся камэнтаваць Свабодзе павелічэньне кошту на навучаньне.

У загадзе рэктара Міхаіла Батуры рост цэнаў тлумачыцца зьменамі ў аплаце працы бюджэтнікаў і павелічэньнем камунальных тарыфаў.

Студэнтаў гоняць галасаваць датэрмінова. Што пра гэта твіцяць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG