Пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Ганконгу аб адмене візавых патрабаваньняў уступае ў сілу з 13 лютага, паведаміў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Дзьмітры Мірончык.
«У адпаведнасьці з гэтым пагадненьнем грамадзяне Беларусі і грамадзяне Кітайскай Народнай Рэспублікі, якія з’яўляюцца сталымі жыхарамі Ганконгу, атрымаюць права ўяжджаць, выяжджаць, знаходзіцца і праяжджаць транзытам бяз візаў на працягу тэрміну, які не перавышае 14 дзён», — заявіў афіцыйны прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства.
На пытаньне Свабоды, калі падобнае пагадненьне пачне дзейнічаць з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі — краінай, якая таксама анансавалася ў найбліжэйшых плянах бязьвізавага рэжыму, спадар Мірончык адказаў, што перамоўны працэс з уладамі ААЭ і некаторых іншых дзяржаваў працягваецца.
«Вы ведаеце, што Міністэрства замежных спраў увогуле ўстрымліваецца ад заўчасных — асабліва аптымістычных — прагнозаў. Таму я не гатовы зараз нешта прагназаваць. Мы працягваем працу. Калі ў нас будзе дакладная дата, калі ў нас будзе ўпэўненасьць, мы абавязкова пра гэта паведамім. Але па ўсіх тых кірунках, усіх тых краінах, якія згаданыя ў ліку краін, зь якімі вядуцца перамовы, мы працуем і працуем з аднолькавым імпэтам», — падкрэсьліў прэсавы сакратар МЗС.
Сёньня беларусы могуць наведваць бязь візаў больш за 40 краін.