Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Румыніі пратэсты пасьля адмовы ў рэгістрацыі прарасейскага палітыка Джарджэску на новых выбарах


Перакулены прыхільнікамі прарасейскага палітыка аўтамабіль аднаго з тэлеканалаў. Бухарэст, 9 сакавіка 2025
Перакулены прыхільнікамі прарасейскага палітыка аўтамабіль аднаго з тэлеканалаў. Бухарэст, 9 сакавіка 2025

Ягоныя прыхільнікі выйшлі на пратэст.

Цэнтральнае выбарчае бюро (ЦВБ) Румыніі ў нядзелю адхіліла заяву крайне правага кандыдата Кэліна Джарджэску, якога лічаць прарасейскім, ад удзелу ў паўторных выбарах прэзыдэнта ў траўні.

Як паведаміла Румынская служба Радыё Свабода, за адмову ў рэгістрацыі кандыдатам прагаласавалі 10 з 14 сяброў ЦВБ. Гэтае рашэньне абгрунтавалі няпоўнымі зьвесткамі ў пададзеных Джарджэску дакумэнтаў.

Джарджэску мае намер абскардзіць гэтае рашэньне ў Канстытуцыйным судзе.

Пасьля абвяшчэньня рашэньня аб адмове ў рэгістрацыі Кэліна Джарджэску ягоныя прыхільнікі прарвалі паліцэйскае ачапленьне перад ЦВБ. Яны выгуквалі «Зладзеі!», «Здраднікі», «Свабода». Журналісты паведамлялі, што ў пратэсьце ўдзельнічалі сотні людзей.

Удзельнікі пратэсту перакулілі аўтамабіль тэлекампаніі Digi24, паліцыя завяла крымінальную справу па гэтым факце.

Сам Джарджэску назваў рашэньне ЦВБ «Прамым ударам у самае сэрца усясьветнай дэмакратыі».

«У Эўропе цяпер дыктатура, Румынія знаходзіцца пад тыраніяй», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы Х.

Малавядомы Джарджэску стаў нечаканым пераможцам першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі 24 лістапада 2024 году, калі набраў 23% галасоў. Яго перамога стварыла ўмовы для другога туру з удзелам празаходняй цэнтрысцкай кандыдаткі Элены Лясконі. Аднак 6 сьнежня Канстытуцыйны суд Румыніі адмяніў вынікі выбараў, даўшы ўраду магчымасьць прызначыць новую дату прэзыдэнцкіх выбараў.

Вярхоўная рада нацыянальнай абароны Румыніі 4 сьнежня — за чатыры дні да другога туру 8 сьнежня — рассакрэціла выведныя зьвесткі, паводле якіх Багдан Пэшкір, вядомы ў Румыніі як «кароль TikTok», «зрабіў плацяжы на суму ў 381 тысячу даляраў ЗША ў пэрыяд з 24 кастрычніка па 24 лістапада 2024 году карыстальнікам некаторых акаўнтаў TikTok, якія ўдзельнічалі ў прасоўваньні кандыдата Кэліна Джарджэску», што ёсьць парушэньнем румынскага заканадаўства.

З тых часоў Пэшкір адмаўляў фінансаваньне выбарчай кампаніі Джарджэску, заявіўшы, што хоць некаторыя зь яго ахвяраваньняў пайшлі прыхільнікам кандыдата, іншыя пайшлі на дабрачыннасьць, апалітычныя акаўнты TikTok і акаўнты ў падтрымку іншых кандыдатаў.

6 сьнежня ён сказаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што ня мае ніякай сувязі з Джарджэску.

«У мяне няма ніякай матэрыяльнай ці асабістай зацікаўленасьці, я проста добраахвотна падтрымліваў яго праз пасты і камэнтары», — сказаў ён у пісьмовым адказе.

У канцы лютага ў Румыніі затрымалі 18 чалавек у справе аб дэстабілізацыі сытуацыі і незаконным фінансаваньні выбарчай кампаніі Джарджэску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG