Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў палон. Уся надзея на Ганну Шапуцьку


Алесь Юркойць за кратамі
Алесь Юркойць за кратамі

12 студзеня Калегія Менскага гарадзкога суду пакінула прысуд ашмянскім мытнікам, вынесены Партызанскім раённым судом, бязь зьмен. Амаль.

Пачатак ТУТ

Тое самае адбылося раней з касацыяй мытных начальнікаў. Тое самае адбудзецца са скаргамі мытнікаў на яшчэ тры прысуды яшчэ трох менскіх раённых судоў.

Вялізная, заблытаная да немагчымасьці справа «арганізаванай злачыннай групы» 58-мі мытнікаў, раскіданая на пяць судоў, дзе кожны фігурант апэлюе да сваёй прыватнай праўды, проста ня можа быць ацэненая судовай калегіяй за нейкую гадзіну часу. Для рэальнага разьбіральніцтва спатрэбіўся б новы працяглы працэс. Але рэальнасьць тут іншая.

Менскі гарадзкі суд сустракае наведніка сымболікай абсурду. Гадзіньнік на першым паверсе паказвае 10.40 (гэта на 9 хвілін больш, чым насамрэч), на другім паверсе — 10.41, на трэцім — 10.42, на чацьвертым — 10.43. Такая тут «лёгіка». Паседжаньне ў справе мытнікаў прызначанае на 10.00. На гэты ж час у 7-й залі прызначаныя яшчэ два паседжаньні, і мы мусім гадзіну чакаць.

Як увогуле адбываецца касацыйнае паседжаньне. У залю ўваходзяць ажно тры судзьдзі (калегія). Абвінавачаных няма, што адразу вызначае характар працэсу. Прысуд абвешчаны ўсім 58-мі «скопам» на падставе альгарытму, складзенага сьледчым КГБ, і замацаванага пракурорскім «полагаю», а кожны абвінавачаны ў касацыйнай скарзе аб’ектыўнымі фактамі абвяргае сваю канкрэтную віну. Адсутнасьць абвінавачаных цалкам выключае ўлік чалавечага фактару — асобы кожнага зь іх. То бок, ніхто тут і не зьбіраецца разглядаць віну ў індывідуальным парадку. Пры гэтым турэмныя тэрміны, іскі і канфіскацыі прызначаюцца якраз індывідуальна.

Дарэчы, касацыйныя скаргі таксама разглядаюцца не індывідуальна, а «скопам» — пра ўсіх 11 фігурантаў таго Партызанскага суду. І называецца гэта цяпер «Справа Бабровіча і іншых».

На гэтым фоне хадайніцтвы абвінавачаных аб паўторным выкліку сьведкаў выглядаюць як мінімум несалідна. Ну вось Швінта просіць даць яму пратакол суду над начальнікамі. Справа ж адна і менавіта начальнікі паказалі на Швінту, на іх словах трымаецца ўся ягоная «віна». Ці вось Юркойць просіць выклікаць сьведку Пашкевіча. Пашкевіч ужо быў у Партызанскім судзе і сказаў, што выходзіў з машыны другім, пасьля Юркойця. Але ў пратакол запісалі, нібы Пашкевіч сказаў, што выходзіў першым. Рэч у тым, што пры Пашкевічу Чэпін ня мог у машыне перадаваць Юркойцю грошы. А ўся «віна» Юркойця трымаецца толькі на словах Чэпіна.

Пракурор Андрэеў (той самы): Полагаю, для удовлетворения ходатайств нет оснований.

Судзьдзя: Оставить без удовлетворения.

То бок права і магчымасьць абвінавачаных абараніцца ад агавораў і захаваць сваю свабоду — не «основание». І што гэта як не прынцыповае парушэньне Канстытуцыі і крымінальных кодэксаў, якія патрабуюць кожны сумнеў трактаваць на карысьць абвінавачанага?

Чытка касацыйных скаргаў адбываецца адным тэкстам, уперамешку, дзе прызнанты просяць зьмякчыць, а непрызнанты прыводзяць факты сваёй невінаватасьці.

Выступаюць адвакаты. Зноў маса фактаў і нестыковак, калі грошы нібыта браліся за афармленьне машыны ня той фірмы, ня ў той час і ня ў тым аддзеле, дзе і калі ўказана ў прысудзе. Адвакат Юркойця проста разводзіць рукамі. Бо ў паказаньнях Чэпіна той то перадаваў Алесю грошы, то не перадаваў. Пра тое, ці браў Юркойць (за што атрымаў 7 гадоў турмы) пытаньне ў прысудзе нават ня ставіцца.

Пракурор на ўсю канкрэтыку адвакатаў адказвае лёгка: «Жалобы безосновательны».

Пракурор «полагает», што Чэпін кажа праўду, падставаў для агавору судом ня выяўлена. Кропка.

Цяпер пра тое маленькае «амаль». Калегія судзьдзяў правяла ў дарадчым пакоі паўгадзіны — роўна столькі, каб напісаць заключэньне. Прысуд зьменены! Адвакаты ўказалі на неадпаведнасьць колькасьці машын у двух месцах прысуду — розьніца складае восем дзясяткаў. І агульная сума хабараў там і там адрозьніваецца. Факт сам па сабе сьведчыць пра «даставернасьць» кагэбэшнага «альгарытму». Калегія судзьдзяў выканала ролю карэктараў і паправіла лічбы. Што да ўсяго астатняга: «В удовлетворении жалоб отказать». Прысуд уступіў у сілу. Наколькі сіла законная? Усе, хто ўважліва сачыў за працэсам, маюць на гэтае пытаньне адназначны адказ.

Так завяршылася гэтая трохгадовая гісторыя. У яе шмат вынікаў і наступстваў, якія цяжка ерархізаваць, бо ўсё залежыць ад ракурсу погляду.

Кагэбісты атрымалі зорачкі. Заведзеная імі справа была фактычна толькі праштампаваная судом, якога, як такога, не было. Неправавая дзяржава, з улікам зыскаў і канфіскацыяў, атрымала ў даход 2-3 мільёны даляраў. Паходжаньне гэтых грошай суд не зацікавіла. Засталася процьма адкрытых пытаньняў (галоўнае зь якіх — навошта?), паламаныя лёсы і бездань пралітых сьлёз многіх соцень людзей, мноства малалетніх дзяцей, якія засталіся без бацькоў.

Я бачу ў гэтай гісторыі вялікую несправядлівасьць. Юркойцеў палон адбіўся і будзе адбівацца на беларускай актыўнасьці і культурным жыцьці Астравеччыны, якое замрэ цяпер на гады. Зрэшты, гэтага і дамагаўся Алесеў «куратар», раённы кагэбіст.

Нельга сказаць, што Алесь, як і ўсе мы, ня меў надзеі на гэты касацыйны разгляд. Надзея ёсьць заўсёды, нават калі яна не збываецца. Нават калі ўвесь працэс носіць выразны абвінаваўчы характар. Нават калі за ім стаіць такая таямнічая і ўсемагутная служба, як КГБ. Нават калі суду, як такога, няма, а ёсьць замова з самага верху, ад прэзыдэнта. Нават калі вэрдыкт калегіі судзьдзяў канчатковы і ініцыяваць перагляд можа толькі сама пракуратура ў парадку нагляду. Нават калі тытульныя праваабаронцы адмовіліся прызнаць Юркойця вязьнем сумленьня. Ёсьць надзея на тую частку беларусаў, якую мы называем грамадзкай супольнасьцю, на людзей, якія ні пры якіх абставінах не пагодзяцца жыць у абсурдзе і называць белае чорным. Маю на ўвазе ініцыятыву Ганны Шапуцькі «За волю», якая адразу прызнала Алеся Юркойця вязьнем сумленьня. А гэта значыць, што жалезная заслона зачынілася не да канца. Бо пытаньне Юркойцевага палону ня зьнятае з парадку дня.

Выступы ініцыятывы «За волю» ў абарону Алеся робяць гэтай ініцыятыве гонар і надаюць ёй істотную грамадзкую вагу. Што, у сваю чаргу, дае шанец — пры пэўных зьменах сытуацыі — на перагляд гэтай ганебнай справы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG